Шрифт:
— А вочкі мае ненаглядныя! Якія ж яны прыгожыя ў цябе былі! Што сліўкі ў ранішняй расе, — націснула пальцамі на павекі, каб закрыць вочы. — Мужчынкі, пятачкоў ні ў кога няма?
— На, патроны палажы.
— Патроны — грэх.
Скрыжавала рукі нябожчыку на грудзях яго. А пісталет апасліва і агідліва засунула нагой пад тапчан.
Золатаў плакаў. Наўзрыд. Шчыра плакаў. Толькі ў пачатку сваёй работы ў органах ён перажываў вось гэтак, калі ўчыніў несправядлівасць — прысудзіў да смерці невіноўнага, раскайваўся і плакаў над падзеннем сваім. Пасля, акрамя страху і лёгкіх пакут сумлення, такія стрэсавыя эмоцыі не ўзнікалі. Душа яго зачарсцвела.
Партызаны спачувалі Золатаву: як любіў маёр раненага хворага капітана, які, нягледзячы на стан здароўя, да драбніц планаваў і распісваў нямала нечаканых адмысловых аперацый. Ман і партызаны бераглі яго светлую галаву і самога начальніка штаба на спланаваныя ім аперацыі не бралі, хіба перад нападзеннем на гарнізоны выязджаў ён на разведку і рэкагнасцыроўку. Ігар нярэдка выказваў захапленне сур’ёзным жартам:
«Будзеш ты, Навум, генералам».
Золатаў успамінаў гэта і многае іншае і… плакаў.
Ман і Ігар з конным узводам вярнуліся позна ўвечары.
Дзядзюля пацвердзіў. Аксана казала пра мужа свайго Станіслава Шабовіча і папярэджвала, што ў выпадку правалу яе ў горад можа прыйсці або ён, Стась, або камандзір групы Піліп Станулін, толькі ім яна расказала дарогу.
Устрывожыўся Цімох Пятроьіч, што сувязная яго раненая і ляжыць непадалёк у Задвор’і. Тут жа накіраваў у вёску разведчыкаў. Таму і затрымаліся, што чакалі іх звароту. Аксану не знайшлі.
— Трохі бянтэжыць прозвішча гаспадыні, якое назваў ваш госць. Не задворскае. Але калі яна тут, паўраёна перавярну, а Аксану знайду. На Дзядзюлю можна спадзявацца, не падвядзе; каго любіць — жыцця за таго не пашкадуе, а сувязную сваю, па ўсхваляванасці яго відаць, любіць, як дачку.
Шабовіч нешта цямніць. Трэба не спадзявацца на Золатава, пагаварыць самім, у душу яго заглянуць. Якія прыёмы ў асабіста — ён, Ман, ведае, на ўласнай скуры выпрабаваў.
Трэба не допыт — размова чалавечая. Так яны гаварылі ў дарозе, гойдаючыся ў сёдлах. Асудзілі сябе, што далікатную справу — устанаўленне асобы падпольшчыка даручылі чалавеку з комплексам следчага. Што з таго, што ён начальнік асобага аддзела. Лічылі, што не трэба ім такая пасада. Навошта? Без яго яны не абароняцца ад шпіёнаў, не выявяць здраднікаў? У іх цэлы атрад следчых, і сул вышэйшы — партызанскі, народны.
Падзеі ў атрадзе ашаламілі і камандзіра і камісара. Аляксей Іванавіч анямеў і аглух — нічога не хацеў слухаць, ні пра што не выказваў сваё меркаванне. Толькі аддаваў кароткія каманды, катэгарычныя як ніколі, асякаючы кожнага, хто, як раней, спрабаваў паразважаць: а можа, так лепш?
Ігар у першыя хвіліны разбушаваўся.
— Я застрэлю гэтага бандзіта Іванова! Крымінальная морда!
Золатаў плакаў над целам Брагінскага. Золатаў не абурыўся на гэтыя словы, спакутаваным слабым голасам нагадаў:
— Іваноў — работнік органаў, мой намеснік.
Ман выштурхнуў з зямлянкі, дзе пахла крывёй і прывялай елкай, свайго гарачага камісара. Пад соснамі строга загадаў:
— Каб я не чуў такіх слоў! — а потым папрасіў: — Пры ім не гавары нічога падобнага. Не давай волю сваім эмоцыям. Нікога ты не застрэліш. А цябе застрэляць. А табе трэба жыць. Нам з табой трэба жыць, Ігарок, чалавек ты мой дарагі. А вакол ворагі, вакол фашысты… I ў нас не ўсё так проста, як табе здаецца.
Але раніцою Ігар зноў сутыкнуўся з Золатавым. Прапанаваў пахаваць іх у адной магіле, Брзгінскага і Шабовіча. Вот тут Золатаў злосна абурыўся. Крычаў, што гэта знявага камандзіра Чырвонай Арміі, камуніста, пагразіў, што выступіць перад партызанамі і давядзе… фактамі давядзе — у яго інтуіцыя, чуццё чэкіста, — хто такі чалавек, які напаў на вартавога; сапраўдны падпольшчык не стаў бы такім чынам уцякаць з атрада, пастараўся б даказаць, хто ён, з чым прыйшоў.
Аляксей Іванавіч панура маўчаў. Сурова маўчаў. Нават Золатаў не адважыўся аспрэчваць, калі камандзір загадаў атрадным цеслярам зрабіць дзве труны.
Брагінскага пахавалі ў цэнтры лагера каля камандзірскай зямлянкі. Самую доўгую і прачулую прамову сказаў Золатаў; развітваючыся, цалаваў нябожчыку лоб, рукі.
Грымеў салют.
Труна з целам Шабовіча доўга стаяла за ровам на прасецы на паваленых бярвеннях. Да яе — паказалі сляды — нават падыходзілі галодныя ваўкі; ды, відаць, блізкая страляніна спалохала іх. На пахаванні прысутнічалі Ігар, Баслычыха ды чацвёра партызан, што капалі магілу і апускалі ў яе труну. Камісара-атэіста да слёз расчуліла Матроніна малітва. Але паказаць байцам свае слёзы ён не меў права, адварочваўся, глядзеў у неба. Снег перастаў ісці, неба ачысцілася ад хмар і ззяла, што вымытае, мацнеў мароз. Неба дало адчуванне няспыннасці, дало прагу жыцця. Хаваў ён сяброў раней, хаваў блізкіх — не плакаў. А гэтага хлопца ён упершыню ўбачыў два дні назад. Чаму ж вочы наліліся слязамі? Ад малітвы? Не раскісай, камісар! Табе трэба ваяваць і… жыць. Успомніліся словы камандзіра.
«Нам з вамі трэба жыць, дарагі Аляксей Іванавіч. Для людзей…»
Зрабілі памінальны абед — па Брагінскім. Строгі камандзір, былы цвярозы ўпраўляючы спірттрэста, дырэктар завода, які з ашчаднасцю скупога гаспадара ахоўваў недатыкальны запас «гаручага» — для медыцынскіх патрэб, першы раз дазволіў партызанам выпіць.
Золатаў напіўся. Упершыню на людзях, не тоячыся. I зноў плакаў. Гэта ўражвае, калі плача мужчына. Яму спачувалі.
На другі дзень у яго балела галава, ён пахмяляўся. Пад вечар ужо, як бы ўспомніўшы, хоць у сапраўднасці гэта не выходзіла і з п’янай галавы (смерць Брагінскага перашкодзіла яму зрабіць гэта ў першы дзень, у адсутнасць камандзіра і камісара), Золатаў сказаў Ману: