Вход/Регистрация
Ахвяры
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Заўтра павязём падпольшчыка да Цімоха. Ён мае сувязь з Мінскам. Хлопец кажа, што жонка яго — сувязная атрада. Дзядзюлі прасцей устанавіць, хто ён.

Золатаў што з ланцуга сарваўся. Падскочыў, пасінеў ажно, закрычаў, чаго не дазваляў сабе раней:

— Ты што — не давяраеш мне? Вопытнаму чэкісту? Я даўно заўважаю! — і сурова пагразіў пальцам. — Распусцілі соплі. Хутка цалавацца з немцамі будзеце. Партызаны, такую вашу!.. Думаеце, на вас няма савецкай улады? Думаеце, калі схаваліся ў лясах, дык органы да вас не дабяруцца?

Хто-хто, а Ман так не думаў, добра ведаў магутнасць і ўсюдыіснасць органаў. Больш таго, не вельмі верыў Золатаву, што група яго выкінута з мэтай пранікнення ў Мінск, лічыў, што ў НКУС — глабальная задача: ва ўсе атрады заслаць сваіх людзей. Інакш работы органаў бяспекі ў ваенны час не ўяўляў.

Таму Аляксей Іванавіч не ўжыў сваю камандзірскую ўладу і не асадзіў асабіста.

У сварку з ім палез Ігар:

— Што вы нас палохаеце? Брыдка слухаць!

— Можа, табе брыдка ад маёй прысутнасці? Атаманчыкамі хочаце быць? Махноўцамі?

— Якраз у вас махноўскія замашкі — ні з кім не лічыцца. Усім камандаваць хочаце. Забываецеся, што партызаны не армія — народны рух.

— Даеш анархію, значыцца? Раскрываешся, камісар! Хоць куды больш! Я даўно раскусіў цябе, малакасоса, што няспелы арэх. Гаўнюк ты, а не камісар! Размазня! Падпявала!

— Таварышы, таварышы, ну з-за чаго вы завяліся? — прасіў міратворца Брагінскі. — Байцы пачуюць — сорамка будзе.

Ман памаўчаў, паназіраў за начальнікам асобага аддзела, як карак у таго наліваўся сінюшнай чырванню. Адчуў, што і ў яго звініць у вушах. Спалохаўся злосці сваёй, бо ведаў, што ў такім стане нястрыманыя людзі хапаюцца за пісталеты. Страшным здалося гэтае жаданне — падняць зброю на свайго. Урэшце, чорт з ім, які ён чалавек, важна, што ён свой, калі ў гэтым няма сумнення, то даваць волю гневу нельга, бо яна можа перарасці ў нянавісцк. А ненавідзець ёсць каго — акупантаў, здраднікаў.

Ман спакойна спыніў сварку.

— Не гарачыся, Ігарок. Ды і вы, Якаў Міхайлавіч… З-за чаго сыр-бор? Паедзем самі. З табой, Ігар. Параімся з Цімохам. У яго светлая галава. Калі ён ведае гэтага хлопца, калі праўда Аксана яго сувязная, — сам прыедзе па іх. Сваіх людзей не пакіне.

— Каровам хвасты ўмее круціць ваш Дзядзюля, а не разведку весці, тым болыы контрразведку. Прымітыў сялянскі!

Ігар зноў кінуўся ў бой — у абарону праслаўленага камандзіра. Але Ман суняў яго з бацышўскай строгасцю:

— Май павагу да старэйшых! Не навучыла цябе камсамольская школа!

Золатаў верыў толькі аднаму чалавеку — свайму намесніку па спецгрупе лейтэнанту Іванову, з якім разам працаваў некалькі гадоў. Ператварыў яго ў свайго целаахоўніка, нікуды не адпускаў, не даваў небяспечных заданняў, а самае небяспечнае з іх — паход у Мінск. Трое не вярнуліся. Заставаўся адзін, каго ён мог паслаць, — малаадукаваны і маланавучаны міліцыянер Стралінскі, вучыў яго, але не верыў, што ён здольны выканаць такое адказнае заданне — прынесці дадзеныя аб становішчы ў горадзе. А ў апошняй радыёграме Цэнтр зноў напамінаў, што звестак такіх ад сваёй групы чакае сам Цанава. Зноў прасіў людзей для Мінска ў Мана, але той і слухаць не захацеў: на верную смерць ён людзей не пасылае.

Пойдзе Стралінскі і… не вернецца, як не вярнуліся тыя трое. I застанецца ён з двума — з Івановым і радыстам Башлыковым. Але радыст прыгодны толькі для сваёй справы: студэнцік, мамчын сынок. Такі не заслоніць, не кінецца выручаць свайго камандзіра. Надзея на Іванова. Але ж і ўсе асобыя заданні можна ўскласці на аднаго Іванова. I Золатаў у той жа вечар даў свайму намесніку такое заданне: раніцою злавіць дзе-небудзь ля бліжэйшай вёскі пацана, падростка гадоў чатырнаццаці.

Іваноў ніколі не задаваў пытанняў: навошта? для якой патрэбы? чаму? Пакорлівае маўклівае падначаленне: «Слухаюся, таварыш маёр». Зрэдку, калі не разумеў, гладзіў свой расплюснуты нос.

— Да выезду камандзіра і камісара ў лагер хлопчыка не прыводзіць.

— Слухаюся, Якаў Міхайлавіч.

Такі трохі фамільярны зварот Іваноў дазваляў сабе ў тых выпадках, калі здагадваўся, што начальнік давярае яму тое, пра што больш не ведае ніводная душа — ні таварышы па рабоце, ні вышэйшае начальства.

Камандзір і камісар з невялікай групай партызан выехалі на світанні.

Уначы пайшоў снег. Густы, сухі, ціхі, ён сыпаўся ўдзень, адзяючы елкі ў белае ўбранне. Лес набываў урачыста-святочны выгляд. I ад таго здаваўся вельмі мірным, прадвызначаным на радасць чалавеку.

За сябе Ман пакінуў начальніка штаба, што ўдарыла па самалюбстве Золатава. Брагінскага яшчэ ззечара зноў распаліла. Чалавек не можа падняцца з ложка, і яго — за камандзіра. Не давярае таварыш Ман. Нічога, прыйдзе час — мусіш даверыць. Але на гэты раз на камандзіра была не злосць, хутчэй асуджэнне яго недалёкасці. Радавыя партызаны і тыя разумеюць ролю і значэнне начальніка асобага аддзела — вітаюцца заўсёды больш паважліва, чым са сваім камандзірам, а з бязвусым камісарам увогуле панібрацтвуюць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: