Вход/Регистрация
Ахвяры
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Перадам. Толькі б выбрацца мне адгэтуль.

Хлопцу завязалі вочы. Вывелі ў лес. I недзе ў гушчары, дзе яловыя галіны сцёбалі па твары, яго спыталі:

— Што ён табе сказаў?

— Хто?

— Фашыст, з якім ты сядзеў.

— Нічога.

— Іваноў! Назад яго, брахуна!

— Дзядзечка, родненькі, ён толькі папрасіў… ён папрасіў…

З цікавасцю выслухалі, што Шабовіч папрасіў.

— Не ўздумай жа перадаваць, а то мы цябе знойдзем.

Хлопцу развязалі вочы і далі дубца. Гукнулі:

— Ату яго!

I ён шмыгнуў у гушчар, пад елкі, што спалоханы заяц. Золатаў засмяяўся, але не з хлопца, — ад задавальнення, ухваліўшы сябе, свой розум, свой вопыт.

— Бачыш, Ваня, як яны аблажылі нас. Не сумняваюся, што гэта Аксана з рацыяй. А гуманіст з нямецкім прозвішчам развесіў вушы. Нам з табой яшчэ належыць раскусіць Мана-Манюка. Ад Дзядзюлі яны прывязуць, што ёсць падпольшчык Шабовіч, ёсць сувязная Аксана Каваленка. Былі. Але дзе яны? Вісяць яны, Іваноў, на суках у мінскім скверы. Ці даўно закапаныя, I прыйдзецца траціць порах, каб пераканаць гэтых цывільных дабрадзеяў. Лічаць, што яны тут вышэйшая ўлада. Што работнік органаў для іх нішто. Слаба мы даказвалі, хто мы ў дзяржаве. Не да ўсіх дайшло. Правільна казаў таварыш Берыя: «Глядзіце, колькі сволачы вылезла на акупіраванай тэрыторыі. Як жа мы работалі?» Трэба папраўляць прамашкі. Трэба ачышчаць.

Золатаў памаўчаў, падумаў.

— Па закону тут не зробіш. Тройка ненадзейная. Пераступім закон, Іваноў. I атрымаем за гэта падзяку… ад народа… калі-небудзь ён зразумее, што не маны яго абаранялі тут, на захопленай ворагам зямлі.

ваноў слухаў начальніка з асаблівай увагай, ажно вушы пачырванелі; не ўсё той гаварыў адкрытым тэкстам, нярэдка — далёкім намёкам, і намеснік абавязаны быў разумець, здагадвацца, і пакуль што не памыліўся, за што і любіў яго Золатаў.

— Выведзі яго ў прыбіральню, а то праваняў, падла, нашу радыёрубку. Брыдка зайсці.

— Зразумеў, таварыш маёр. Будзе зроблена.

Пасля таго як хлопчыка вывелі, Шабовіча ахапіла незвычайная нервовая ўзбуджанасць. Як мог клюнуць на такую прымітыўную падсадку? Добра ж разумеў, што да чаго, і аднак трапіў на кручок. Увогуле ўзнікла пачуццё безвыходнасці, а дагэтуль усё ж цяплілася вера ў людзей. Не ў «грамадзяніна начальніка» — у тых, што хадзілі міма хаціны, гаварылі пра свае справы, і справы гэтыя натуральныя, чалавечыя, партызанскія. Каб гэта быў спектакль, то, як бы добра ён ні быў пастаўлены, ігра вылезла б хоць у адной рэпліцы, а тут не было ігры, было жыццё. I вязень намерыўся: калі да хаткі наблізіцца колькі чалавек, закрычыць ім, што ён свой, што ён прыйшоў сюды, ратуючыся ад фашыстаў. Памажыце, людзі добрыя! Няхай судзіць увесь атрад, а не адзін!

Але шумна было на досвітку, а пасля лагер як вымер. За закратаваным акенцам сыпаўся снег. Глядзеў на яго, на заснежаныя сосны, і сэрца сціскалася ад смяртэльнай тугі.

Прыйшоў Бязносы.

— Я хачу гаварыць з усімі камандзірамі!

— У прыбіральню ты хочаш, — пацягнуў носам. — Пайшлі ў прыбіральню!

У галаву ўдарыў боль: «Гэта канец. Так ганебна».

— Мне не трэба ў прыбіральню.

— Праваняў увесь дом.

— Гэта малы, у яго панос… ад страху.

«Ва ўсіх у вас панос ад страху», — пасміхнуўся Іваноў.

— Пайшлі, — вартавы расшпіліў кабуру.

— Пайшлі, — апанавала тая роспачлівая рашучасць, калі ўсё робіцца абыякавым, нават жыццё ўласнае.

Выйшаў без паліто, без фуражкі. Пастаяў. Аглянуўся на заснежаныя зямлянкі, над якімі чарнелі коміны. Над зямлянкай-кухняй уздымаўся празрысты дым — палілася печ, гатаваўся абед. Пабачыць бы тую добрую жанчыну, што ўчора прынесла яму есці. Яна зразумела б. Хіба крыкнуць ёй? Усім іншым. Не, на крык як бы і сілы ўжо няма. Узняў твар, злавіў засмяглымі вуснамі сняжынкі. I як напіўся з жывучай крыніцы. Ажно падужэў.

— Куды ісці?

— Туды, — паказаў рукой Бязносы.

Прыбіральня была воддаль ад жылля, у рове, густа зарослым маладым ельнікам.

Спусціўшыся ў роў, Іваноў горача дыхнуў у патыліцу:

— Уцякай.

Стась спыніўся, не паверыўшы вушам, застыў, напружыўшыся, гатовы сапраўды кінуцца пад елкі.

— Уцякай. Калі хочаш жыць…

Не, не паверыў. Павярнуўся.

— Ты хочаш стрэліць мне ў спіну? Не, не хачу! Страляй у грудзі. У сэрца страляй! Але ведай, партызана страляеш, камсамольца.

Іваноў, разгублены ад нечаканага павароту, узвёў пісталет.

Ды ў гэты міг наперадзе з-за елкі выйшаў Золатаў і выстраліў Стасю ў патыліцу.

Іваноў адскочыў убок, баючыся, што начальнік будзе страляць яшчэ. Не, маёр не прамахнуўся. Ён на міг спыніўся над забітым, пачакаў, пакуль цела білася ў канвульсіях, а на снег выплыў яркі струменьчык крыві, задыміўся, астываючы.

Падышоў да намесніка, ірвануў яго ватоўку так, што пасыпаліся гузікі. Мала. Схапіў за каўнер, разадраў. Мала. Драпнуў ногцямі сплюснуты нос, раздзёр да крыві.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: