Вход/Регистрация
Архіпелаг Беларусь
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

— Бадай, гэта найперш актыўны ўдзел у значных гістарычных падзеях. Але паколькі ў кожнай гістарычнай падзеі сутыкаюцца сілы дабра і зла, дык тут істотна апынуцца на тым баку, які супрацьстаіць злу. Беларусы не займелі нічога дадатнага да свайго іміджу ад хаўруса з камуністычнай «імперыяй зла». А вось удзел беларусаў у змаганні з фашызмам шмат дадаў да фармавання станоўчага вобразу нацыі.

Вячаслаў Ракіцкі: Ці можна казаць пра нейкі ўстойлівы імідж беларусаў сярод іншых народаў?

— Як ужо не аднойчы казалася, наш гістарычны лёс складваўся такім чынам, што ў розныя эпохі мы выступалі пад рознымі найменнямі — крывічы, русіны, ліцвіны, беларусы… З гэтага атрымлівалася, што мы раз-пораз як бы знікалі ў нікуды і пасля кожнага такога знікнення нам трэба было наноў даводзіць міжнароднай супольнасці, што мы ёсць насамрэч. Адсюль і паходзіць асноўная праблема з нашай пазнавальнасцю. Далучым сюды і тое, што семдзесят гадоў за камуністамі беларусы былі схаваныя ў такую абстракцыю, як «савецкі» народ.

Вячаслаў Ракіцкі: Тады давайце пакуль абмяжуем прастору нашай гаворкі блізкай гісторыяй. Да развалу СССР у свеце, на жаль, беларусаў ведалі як людзей савецкіх ці як рускіх. Дарэчы, там рускімі называлі нават грузінаў ці казахаў. Але ў межах СССР беларусаў адрознівалі не толькі ад казахаў ці кіргізаў, але і ад рускіх, украінцаў, літоўцаў, латышоў. Дык як успрымалі беларусаў іншыя народы былога СССР?

— Сапраўды, унутры камуністычнай імперыі беларусы мелі ўстойлівы імідж. Да таго ж гэта быў досыць станоўчы імідж. Амаль ва ўсім Савецкім Саюзе беларусы ўспрымаліся як спакойныя, працавітыя, памяркоўныя і разам з тым адказныя людзі. Невыпадкова ў савецкім войску яны лічыліся сярод лепшых і без іх не абыходзілася ні адна збройная авантура камуністычных уладаў. Праўда, мянушка ў беларусаў была не вельмі паважнай — «бульбашы». Але прыніжанасць, іронія, скептыцызм — гэта, так бы мовіць, родавая прыкмета хоць якой мянушкі. Гэткім чынам, праз прыніжэнне другога, кожны народ спрабуе давесці сваю вершнасць над іншымі. Таму калі пасля Другой сусветнай вайны беларусы прыдбалі сабе яшчэ адну, ужо гераічную мянушку — «партызаны», дык і яна звычайна вымаўлялася з прысмехам.

Вячаслаў Ракіцкі: У чым была прычына даволі прыязнага вобраза беларусаў у Савецкім Саюзе? Наколькі ён адпавядаў сапраўднасці? А можа, гэты станоўчы імідж быў маніпуляваны маскоўскімі ідэолагамі ў кампенсацыю за нашу прыхільнасць да русіфікацыі і камунізацыі? Так бы мовіць, у прыклад іншым: ідзіце слядамі беларусаў, і вас усе будуць паважаць…

— У нейкім сэнсе нешта такое магло быць. Але карэнны вобраз народа праз піяр-тэхналогіі далёка не заўсёды зманіпулюеш. Ідэалагічныя высілкі ў гэтым напрамку мелі хутчэй адваротны вынік. З асабістага досведу ведаю, што прыбалты досыць негатыўна ацэньвалі беларусаў менавіта за нашу схільнасць да русіфікацыі і саветызацыі. Як і заходнія ўкраінцы. У васьмідзесятыя гады (ужо прамінулага стагоддзя) я ладзіў шмат вандровак у Карпаты і, пачуўшы нашу расійскую гамонку, месцічы горных вёсак літаральна шчэрваліся. Праўда, даведаўшыся, што мы не з Расіі, а з Беларусі, іхнія твары лагоднелі, але стоеная варожасць да нашай расійскасці і нашай савецкасці заставалася.

Вячаслаў Ракіцкі: Зрэшты, было б нават і дзіўна, каб у вялізнай імперыі з мноствам розных нацыяў, народаў і народнасцяў хоць да каго б там ні было ўсе ставіліся аднолькава. Але тое, што ў Савецкім Саюзе Беларусь і беларусаў добра ведалі і вылучалі сярод іншых — дык гэта напэўна.

— Бачыце, беларусы, калі заўгодна, былі адной з галоўных нацыяў імперыі, на што ўскосна паказвала і персанальнае сяброўства ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Да таго ж, мы лічыліся хоць і малодшым, але родным братам Валадара гэтай імперыі — рускага чалавека. І ў адрозненне ад сярэдняга брата, украінца, былі любімым братам, бо не мелі ні вялікіх амбіцый, ні прэтэнзій да Расіі. Але рэч, зразумела, не толькі ў гэтым. Беларусь апынулася самай індустрыялізаванай часткай імперыі. Нашы аўтамабілі, халадзільнікі, тэлевізары і шматшмат чаго яшчэ можна было сустрэць паўсюдна — ад Брэста да Камчаткі, а трактар «Беларус» працаваў ці не ў кожным калгасе усёй неабсяжнай імперыі. З усяго гэтага нас у Саюзе ведалі бадай лепей, чым мы самі ведалі сябе ды і думалі пра нас, як мне падаецца, лепей, чым мы самі думалі пра сябе.

Вячаслаў Ракіцкі: Але ў 1991 годзе камуністычны саюз раструшчыўся ўшчэнт і беларусы засталіся сам-насам з усім тым вялікім светам, які пра іх, замураваных у імперыі, раней нічога не ведаў. Бо дагэтуль, як ужо казалася, для вялікага свету ўсе беларускія навукоўцы, спартоўцы, майстры культуры і палітычныя дзеячы былі «рускімі» ці «савецкімі». А тут аднекуль знянацку з’явіліся нейкія беларусы… Дык давайце далей пагаворым, як сёння беларусаў успрымаюць там, дзе раней іх ніколі не было.

— У 1991 годзе незалежная Беларусь нагадвала мне чалавека, які не мае свайго ценю. Усё ў яго быццам як у людзей, але ценю няма і яму ад гэтага ніякавата. Тут пад ценем я маю на ўвазе нацыянальны міф, праз які мы перадусім і адрозніваем для сябе той ці іншы народ. Зрэшты, у гэтым сэнсе сітуацыя і сёння не надта змянілася. Таму для бальшыні людства беларусаў па-ранейшаму няма — нават там, дзе з намі сустракаюцца наўпрост. Рэч тут вось у чым… Гэта суцэльная аблуда, быццам па асобнаму чалавеку вызнаюць народ ці краіну. За камуністамі, калі чалавека выпраўлялі ў замежжа, дык адпаведныя органы абавязкова нагадвалі: глядзі, трымайся годна, па табе будуць меркаваць аб усім савецкім народзе… Глупства. Усё адбываецца цалкам наадварот. Праз нацыянальную міфалогію мы ўжо наперад ведаем, якімі мусяць быць, скажам, італьянцы ці французы. Вось чаму вельмі часта можна пачуць здзіўленае: дык ён зусім не падобны да ангельца, гішпанца ці каго там яшчэ. Гэта значыць, той замежнік не адпавядае нашаму ўяўленню пра ягоны народ…

Вячаслаў Ракіцкі: Вашую тэзу я зразумеў. Дык, зыходзячы з гэткай тэзы, якім будзе ваш адказ на пастаўленае ўжо мною пытанне: як беларусаў сёння ўспрымаюць у свеце?

— Мой адказ будзе кораткім і катэгарычным — аніяк. І якраз таму, што чалавека нельга ўспрымаць беларусам, пакуль беларусы не прыдбаюць сабе больш-менш выразны нацыянальны міф, які будзе хоць трохі вядомы ў свеце.

Вячаслаў Ракіцкі: Гэта значыць, што за мяжой беларусаў пакуль пераважна ўспрымаюць не як беларусаў, а як проста людзей, якія жывуць у нейкай загадкавай краіне пад назвай Беларусь. Так?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: