Акудовіч Валянцін
Шрифт:
Што да беларусаў, дык іх як бы неадэкватнае стаўленне да акупантаў можна патлумачыць хіба тым, што папярэднічала акупацыі… А папярэднічала ёй, як вядома, сталіншчына, рэпрэсіўная калектывізацыя, высяленне ў Сібір, Курапаты… І калі сталінскі татальны гвалт змяніўся фашыстоўскім, дык яго ўспрынялі працягам нейкай адной жахлівай стыхіі, якая тады апалоніла амаль увесь свет. Таму вайна і акупацыі былі самі па сабе, а немцы — як бы самі па сабе. Зрэшты, гэта толькі версія…
Вячаслаў Ракіцкі: Якія перамены адбыліся ў светаглядзе беларусаў пасля абвяшчэння Незалежнасці? Ці змянілася іх бачанне сваіх суседзяў, іншых народаў?
— Калі браць агулам, дык мне здаецца, што беларусы пачынаюць больш скептычна ставіцца да іншых, асабліва да паноўных нацыяў. У іх як бы ажывае раней рэпрэсаваная амбітнасць. Да прыкладу, беларускія інтэлектуалы пачалі вельмі саркастычна ставіцца да Францыі і французаў. Гэта тым болей цікава, што сучасныя французскія філосафы на Беларусі сёння бадай самыя папулярныя.
Вячаслаў Ракіцкі: Ці не таму вы назвалі адну са сваіх кніжак «Разбурыць Парыж»?
— Здаецца — не, не таму. Там былі іншыя матывацыі. Хаця я не выключаю, што агульны сарказм беларускіх інтэлектуалаў адносна французаў выгукнуўся праз маё падсвядомае, калі я шукаў назву горада для сваёй агрэсіўнай метафары.
Вячаслаў Ракіцкі: А ці можам мы ў стаўленні беларусаў да іншых вызначыць нейкую асноўную характарыстыку, якая адначасна была б і характарыстыкай саміх беларусаў.
— Ведаеце, хоць мы тут даволі разважалі аб тым, як беларусы ўспрымалі іншаземцаў, суседзяў і захопнікаў, але, калі казаць па шчырасці, дык беларусам няма справы да ўсяго астатняга свету. Хай ён сабе хоць ляснецца, абы ў нас не было вайны. Пачуццё персанальнай самадастатковасці (і самазавершанасці) у беларусаў відавочна гіпертрафаванае. Верагодна адсюль і вечная недаробленасць той краіны, у якой яны жывуць. Бо да яе беларусам таксама няма справы.
Вячаслаў Ракіцкі: Адзін народ лічаць рацыянальным, другі — бязладным, трэці — скнарыстым, чацвёрты — гуллівым і г.д. і да т.п… Якой, па-навуковаму кажучы, «дэфініцыяй» вы б пазначылі беларусаў.
— Прынамсі, калі меркаваць па нашай літаратуры, дык мы выдаем на панылы і занураны у сябе народ. Каго ні вазьмі з класікаў, усюды нэндза, туга, роспач. Напрыканцы XIX—пачатку XX стагоддзяў жыццё простага чалавека ў Шатландыі сацыяльна зусім не выглядала лепшым за нашае, але паглядзіце, якая бадзёрая, дзёрзкая і жыццядайная паэзія у Роберта Бёрнса! А ў тагачаснай беларускай паэзіі — суцэльныя песні жальбы.
Вячаслаў Ракіцкі: Дык што: беларусы здольныя адно паныла нудзіцца і зусім не ўмеюць радавацца?
— Нам, як нацыі, яшчэ трэба будзе навучыцца радавацца, а гэтак станецца не раней, чым мы навучымся ганарыцца за саміх сябе. Радасці без гонару не бывае.
Вячаслаў Ракіцкі: Можа праблема ў тым, што мы ўсім народам разам ніколі ні за што не радаваліся? Давайце згадаем хаця б ХХ стагоддзе. Ці былі ў ім падзеі, якія выклікалі ў беларусаў усеахопную радасць?
— Ну, ужо ж напэўна такой падзеяй не была Кастрычніцкая рэвалюцыя, як пра гэта потым 70 год казалі камуністы, але не сталася такой падзеяй і стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, як спрабуюць пра гэта казаць нацыянальна заангажаваныя. Бадай, з усяго ХХ стагоддзя я б вылучыў толькі ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Рассечаная лязом «Брэсцкага міру», Беларусь і з таго і з другога боку натуральна імкнулася зноў стацца адным цэлым. Не станем тут кранаць праблемы злачыннага пакта «Молатава—Рыбентропа», дзякуючы якому мы задзіночыліся… Але ў беларусаў гэтая падзея выклікала сапраўды агульна нацыянальную радасць, якая з тае пары больш ніколі не паўтарылася. Бо хаця радасць ад сканчэння Другой сусветнай вайны, напэўна, была значна вастрэйшай, аднак гэта была проста радасць ад таго, што з фронту вернуцца мужчыны, днём з неба не будуць сыпацца бомбы, а ноччу ў шыбу не пагрукае ці то партызан, ці то бандыт…
Вячаслаў Ракіцкі: Інакш кажучы, вы згодныя, што ў нас, лічы, не было сваёй ці, дакладней, толькі сваёй вялікай радасці?
— Так. Калі заўгодна, мы — Народ Чужых Радасцяў. Прынамсі, колькі апошніх стагоддзяў мы змушаныя былі святкаваць не свае святы і радавацца не сваім радасцям. Асабліва гэта заўважна па ХХ стагоддзі. Давайце хоць трохі згадаем: свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дзень Савецкай Арміі, 8 Сакавіка, Дзень касманаўтыкі, Першамай, Дзень Перамогі, нараджэнне Леніна… Божухна, чаго мы толькі не святкавалі, каго толькі не хваласпевілі… І нават сёння, пасля столькіх год незалежнасці, мы ўсё яшчэ не маем уласных святаў, як падставаў для выяўлення агульнанацыянальнай радасці. Бо той самы Дзень Незалежнасці, звязаны не з незалежнасцю, як такой, а ўсяго толькі з вызваленнем савецкай Беларусі ад нямецкай акупацыі. Па сутнасці, мы ўсё яшчэ застаёмся Народам Чужых Радасцяў.
Вячаслаў Ракіцкі: Але ж якімі б панылымі не выглядалі беларусы ў сваім калектыўным вобразе, мы то самі ведаем, што ўсё ў нас, як у людзей. І спяваем, і жартуем і цешымся ды радуемся ні з таго, дык з гэтага.
— Ваша праўда. Тое, што мы казалі папярэдне, звязанае з нейкім ці то напаўкаланіяльным, ці то проста амбівалентным станам беларусаў у апошніх стагоддзях і, натуральна, з нацыянальнай недааформленасцю… Толькі ўсё гэта, зразумела, не магло пазбавіць нас натуральных чалавечых радасцяў — адно што мы заўсёды радаваліся як бы паасобку. Прынасі, зазвычай калектыўная прастора свята не пашыралася далей за кола сваякоў і суседзяў.