Акудовіч Валянцін
Шрифт:
Вячаслаў Ракіцкі: Пачакайце, але ж былі рэлігійныя святы — Каляды, Вялікдзень… Людзі збіраліся ў цэрквах, разам маліліся і супольна радаваліся нараджэнню ці ўваскрашэнню Хрыста!..
— Задзіночанне ў супольнай любові да Бога спарадзіла ў Расіі такую з’яву, як саборнасць, Польшчы — нацыянальную канвенцыю. А беларусаў гэтае задзіночанне толькі разасобіла па канфесіях і рэлігіях. І чым мацнейшай была канфесійная любоў да Бога, тым далей яна адсланяла адну частку беларусаў ад другой. Іншымі словамі, чым мацней праваслаўныя гуртаваліся ў сваёй супольнай любові да Усявышняга, тым болей яны асобіліся ад каталікоў, уніятаў ці пратэстантаў — і, адпаведна, наадварот. Тое ж самае з іўдзеямі ды мусульманамі. Мы навучыліся рэлігійнай ды культурнай талеранцыі, аднак гэтая талеранцыя не сталася тым, што гуртуе нас у адно цэлае. Бадай, калі што рэлігійнае і лучыла многіх беларусаў, дык гэта парэшткі паганства, як, да прыкладу, Купалле…
Вячаслаў Ракіцкі: Але ж Купалле сёння святкуе хіба што нацыянальна свядомая моладзь.
— Ну так, але згадкай пра Купалле мне ўсяго толькі хацелася падкрэсліць, што ўсім беларусам агулам ад веку натуральнае адно тое, што я называю ціхай радасцю календара. Нават цяпер, у пару урбанізацыі, нас соладка хвалюе змена зімы на вясну, вясны — на лета… А ўвосень мы зноў чакаем, як свята, першага снегу. Што праўда, і тут, у адрозненне, скажам, ад японцаў, якія ўсе разам цешацца, калі цвіце сакура, мы вішнёвай квецені радуемся кожны ўпаасобку.
Вячаслаў Ракіцкі: З усяго гэтага ці можам мы сказаць, што пакуль у нас не будзе супольных радасцяў — мы толькі фармальна будзем лічыцца нацыяй?
— Думаю, што менавіта так. Кожны чалавек нечаму цешыцца, усялякая супольнасць мае нейкія святы, але народ становіцца нацыяй толькі тады, калі яго аб’ядноўвае нейкая, адна на ўсіх вялікая радасць.
Вячаслаў Ракіцкі: Вышэй мы шмат размаўлялі пра калектыўнае падсвядомае беларусаў. І хаця аўтар тэорыі падсвядомага Зігмунт Фрэйд, як кажуць, «не герой нашага рамана», але паколькі яму летась спаўняецца 150 год, давайце паспрабуем ненадоўга змясціць яго ў фармат гэтай гаворкі… Тэорыя псіхааналізу Фрэйда зрабіла вялізны ўплыў не толькі непасрэдна на псіхааналіз, але і на філасофію, літаратуру, мастацтва, тэатр першай паловы ХХ стагоддзя. А як быў успрыняты (і ці быў успрыняты?) наробак Фрэйда на Беларусі?
— Калі лічыць па вялікаму рахунку, дык мы мусім канстатаваць, што Беларусь размінулася з Фрэйдам. У міжваенны перыяд (пік папулярнасці Фрэйда) мне прыгадваюцца адно некалькі выпадкаў, непасрэдна звязаных з тэорыяй псіхааналізу. Першым успамінаецца грунтоўна нарыс пра Фрэйда ў заходнебеларускім часопісе «Калосьсе» (на вялікі жаль, прозвішча аўтара запамятаваў). А яшчэ аповесць Міхася Зарэцкага «Голы звер», у якой «фрэйдызм» крута замешаны з «ніцшэанствам». Натуральна, калі адмыслова заняцца праблемай «Фрэйд і Беларусь», дык па закутках можна сяготаго наскрэбці. Але ўсё яно разам не зменіць агульнай сітуацыі, якая канстатуецца гранічна проста: Фрэйд прайшоў паўз Беларусь.
Вячаслаў Ракіцкі: Але чаму так здарылася? З чаго тое, што захапіла ўсю Еўропу, лічы, не закранула нават Заходнюю Беларусь, вольную ад камуністычнай ідэалогіі?
— Тут мы можам вылучыць як мінімум тры грунтоўныя прычыны. Па-першае, беларускім культурным элітам у тую пару было не да корпання ў саміх сабе. Каб стацца ўпоравень з іншымі народамі, трэба было спехам будаваць нацыю, а з гэтага ўся ўвага была скіраваная не на персанальнае «Я», а на калектыўнае «Мы», мы — беларусы.
Другой прычынай было, згаданае вамі, панаванне камуністычнай ідэалогіі. Між іншым, як з’ява сацыяльна мадэрновая, камуністычная ідэалогія апынулася надзвычай папулярнай не толькі ў савецкай, але і ў Заходняй Беларусі. Разам з тым, яна ўжо тады імкнулася быць не проста дамінуючай ідэалогіяй, але і адзінай. Таму лічыла «фрэйдызм» варожым сабе канкурэнтам і ставілася да яго рэпрэсіўна. Вось, прыкладам, што мы чытаем у грунтоўным філасофскім слоўніку, выдадзеным у Маскве ў 1954 годзе. Цытую: «Фрэйдызм і «неафрэйдызм» цяпер паслугуюць амерыканскаму імперыялізму, які выкарыстоўвае тэорыю падпарадкавання свядомага «падсвядомаму» з мэтай апраўдання і ўмацавання самых нізкіх і гідкіх памкненняў ды інстынктаў людзей».
А трэцяя прычына была ў тым, што тадышняя пераважна вясковая Беларусь яшчэ жыла натуральным ладам. І ў гэтым ладзе як сексуальнае, так і падсвядомае (базавыя катэгорыі класічнага псіхааналізу) заставаліся знітаванымі з агульнай стыхіяй жыцця і пакуль яшчэ не маглі быць вылучаныя ў нешта апрычонае. Пэўна, менавіта апошняе і меў на ўвазе адзін наш вядомы палітык, калі адносна беларусаў амаль паўтарыў словы расейкі: «У нас няма сексу». І ў акрэсленым вышэй кантэксце ён, безумоўна, меў рацыю. Бо калі сёння этнографы і культуролагі актуалізуюць і вылучаюць сексуальнае з традыцыйнага космасу беларусаў, дык тым самым яны як бы хірургічна выдаляюць яго з жывой плоці этнасу.
Вячаслаў Ракіцкі: Але ці не сведчыць гэтая актуалізацыя сексуальнага за тое, што псіхааналітычная тэорыя Фрэйда нарэшце заваявала пэўныя пазіцыі і на абсягах Беларусі?
— Безумоўна. Пасля таго, як улада камуністаў скончылася і ўсе ідэалагічныя забароны былі знятыя, «фрэйдызм», у розных сваіх праявах, на нейкі час зрабіўся досыць папулярным на Беларусі. Не толькі ў літаратуры ці культуралогіі, але нават і ў паліталогіі друкаваліся тэксты, якія адсылалі нас да Фрэйда. Згадаем хаця б цікавае эсэ Валеркі Булгакава, дзе аўтар разглядае свайго палітычнага персанажа з пазіцыі «комплексу кастрата». Тут дарэчы будзе заўважыць, што «комплекс кастрата» займаў далёка не апошняе месца ў тэорыі аўстрыйскага псіхааналітыка. Фрэйд лічыў, што вытокі антысемітызму паходзяць з традыцыі абразання ў габрэяў, бо падсвядомае атаесамляе абразанне з кастрацыяй. З гэтага падсвядомае пагарджае габрэямі, паколькі яны «кастраты», але адначасна баіцца іх, бо яны кастрыруюць.