Казлоў Анатоль
Шрифт:
То было першае і няспраўджанае хлапечае каханне. Не ведаў, што праз гады тыя ўспаміны вернуцца непаўторнай музыкай, зашлыкочуць нервы і кожны раз пачнуць нагадваць прысмак мёду... А неба ў той час заўсёды было аквамарынавае...)
Антак вырашыў не забірацца ў метро, а прайсціся да тралейбуснага прыпынку. Нічога страшнага — пашпацыраваць такой парою і ў такое надвор’е паўз чатыры квар¬талы. Вуліца бязлюдзее на вачах, ніхто не парушае ўдумлівай адзіноты. Галоўнае, не закідваць галаву, а глядзець пад ногі. Няхай пакуль горад у нябёсах застанецца без яго, са сваімі прывіднымі жыхарамі.
Перуновіч лёгка, без напругі прыгадвае вечар і ўсю ноч, калі ўпершыню пабачыў горад над галавой. Яму тады споўнілася семнаццаць, і ўся іхняя сям’я перабралася жыць са сваёй забруджанай радыяцыяй вёсачкі ў монстрападобны і страшна-незразумелы (так здавалася той парою Антаку) горад. Ён прыцягваў і палохаў, прымаў і адштурхоўваў, забаўляў і пудзіў... Але чалавек — загадкавая істота, якой дадзена прыстасоўвацца да ўсяго. Вось і Перуновіч прыламаўся, хоць і з балючым надрывам душы, да асфальтаваных дарог, шматпавярховых будынкаў, людскога мурашніку, да крамных малака і хлеба. Цяжэй давялося звыкацца з мураванымі сценамі кватэры. Яму да ламоты ў зубах не хапала паху сасновага бярвення, з якога і была зрублена іхняя хата ў далёкай, глухой, але ж любай сэрцу, вёсачцы.
Ды слушна людзі кажуць: чалавек — не сабака, які прывыкае і верна служыць толькі аднаму гаспадару. Прыцёрся за нейкія паўгода Антак да ўсяго новага. Нават не вядомы раней смак адчуў у трубнай вадзе і кураж — у агляданні панарамы з балконнай вышыні.
Толькі ж адным надвячоркам, якраз пры канцы красавіка, прыбегшы з пагулянкі дамоў, пабачыў у кватэры на падлозе нерухомую бабулю Куліну. Падклаўшы рукі пад галаву (як малое дзіця), яна нібы спала. Гэтае імгненне для Антака перакуліла Сусвет.
Памятае, калі мажная кабета з «хуткай» абыякава выпусціла са сваёй пульхнай, нібы надзіманай, рукі бабуліна сухенькае запясце ды, крывячы вішнёвыя губы-гадзюкі, працадзіла:
— Тут святар патрэбны, а не медыкі, — і патупала, перастаўляючы ногі-калоды, да дзвярэй.
У тую ж хвіліну ў галаве Антака як быццам нехта нябачны пераключыў клыпажок-тумблер. Шчоўк. Для хлопца зрабілася ўсё абыякава, апанавала абсалютная пустата. Глыбокая, бяздонная, чорная, без аніводнага пробліску. Да цяперашняга дня, да вось гэтай хвіліны, калі крочыць па заснежаным тратуары, ён не помніць і пры ўсім жаданні не ўзгадае, як выйшаў тады з кватэры, дзе хадзіў, пра што ці пра каго думаў (калі толькі ён мог думаць у тыя гадзіны), але апамятаўся за горадам, там, дзе пачыналіся пагоркі будаўнічага друзу і смецця. Перад тым раптоўным прасвятленнем свядомасці Антак добра-такі выцяўся, спатыкнуўшыся аб пагнутыя пруты арматуры разламанай бетоннай пліты. Рэбры грудзіны аж увагнуліся ад удару, а з вачэй шугануў асляпляльны слуп святла. Распластаны на буграстай зямлі, з раскінутымі рукамі, як на роскрыжы, ён упершыню ўбачыў той, верхні горад, горад у нябёсах. Горад па-над горадам.
(Я, як і бабуля, — памёр, — першая думка ў галаве. — І зусім не страшна. Толькі чаму я адзін, і так нясцерпна баліць цела? Нешта не тое... Мёртвы чалавек не адчувае фізічнага болю. Гэта вядома і пяцікласніку. А па мне ж быццам бульдозер праехаў. Ломіць кожная костачка. І галоўнае: чаму я ўнізе, а незвычайны, чужы горад нада мною? Я ж ляжу на зямлі, — далонямі правёў па маладой траве сярод леташняга быльнягу. Пальцы намацалі дробныя каменьчыкі, высахлыя невялікія галінкі, указальны патрапіў на вастрыню раструшчанай шкліны. Націснуў на яе і войкнуў. Машынальна палец усунуў у рот, сасмактаў кроў. — Не, у нябожчыкаў кроў не цячэ і пальцы яны не рэжуць... Значыць я — жывы. Жывы! — усведамленне гэтага вырвалася з юначай глоткі крыкам, што нагадваў вокліч нованароджанага, які выходзіць з улоння маці ў новае і неабдымнае жыццё. Яно пазней, праз зімы і леты, ночы і дні сталення будзе не толькі лашчыць, але і няшчадна біць. Бо наша жыццё — не адно шчасця спазнанне, але часцей — пакуты і расчараванні, да якіх, як ні старайся прывыкнуць, ды да апошняга ўздыху так і не зможаш. Мо таму, што ведаем са школьнай парты: «Чалавек народжаны для шчасця, нібы птушка для палёту». Лухта! Жыццё — штохвіліннае пераадоленне ўсяго і ўсіх, урэшце, — самога сябе.) Але не пра гэта думаў у тыя хвіліны Антак:
«Нейкая вар’ятня, псіхушка, нонсенс: я жывы, ляжу на зямлі, вось ён побач — горад з домам, у якім наша кватэра, а нада мною — другі, нябесны горад, падобны, але не такі, да якога прывык.
Расплывісты і хісткі горад. Ён бачыцца як праз запацелае шкло. — Кулакамі цярнуў вочы. Праяснілася. І ўсё ж пабудовы, вуліцы, постаці людзей нагадвалі трапяткі міраж. — Цікава, а ў нашай вёсцы таксама існавала вёска над намі? І куды яна падзелася, калі ўсіх выселілі, а жыхароў параскідвалі па іншых паселішчах, мястэчках і гарадах. Мо і яна расплылася, распаўзлася лапікамі следам за ўсімі намі? І цяпер над маёй Асінаўкай можна бачыць зорнае неба. Ага, слухай, — гэта Антак сам да сябе. — Сапраўды, няма неба з аблокамі і зоркамі, нават бяльма поўні не выглядзець. Замест неабсяжнай прасторы — другі, нябесны верхні горад... »
(Вялікае шчасце, — гэта цяпер разумее Перуновіч, — што давялося яму ўпершыню пабачыць горад над галавою ў тым узросце, калі ўсё незвычайнае і парадаксальнае, тое, чаго не павінна быць, — успрымаецца як належнае. І верыш хутчэй сваім вачам, а не закасцянеламу дыдактызму мозга. Бо яшчэ не згублена першароднае адчуванне прыроды ва ўсіх яе праявах. Ды на падсвядомым узроўні, як кот ці сабака, успрымаеш — хто перад табою: Божае стварэнне з сарцавінай дабрыні ці погань, сатканая з нянавісці і збачэнстваў, вычварэнец у чалавечым абліччы. Значна пазней да кожнага (а мо і не) даходзіць: чалавек не ідэал, няма ў ім абсалютнага дабра, як і не можа быць вылюдка на сто адсоткаў. Калі хто не верыць — прыгледзься да сябе, зірні збоку на штодзённыя ўчынкі, прыслухайся да прамоўленых слоў, да патаемных думак, якія кіпневымі бурбалкамі булькочуць у галаве, і жахнешся, спалохана спахопішся ды ўрэшце зразумееш — не, ні ў чым я не лепшы за вунь таго бамбізу, які выцяў роднае дзіця за зламаную лыжку падчас абеду. Але, усё гэта пустое... Навошта ўскладняць і так няпростае жыццё... і палюбі іншага, як самога сябе. Больш дэбільнага выслоўя-закліку цяжка знайсці. Разам з мамантамі вымерлі тыя, хто быў здольны на такія ахвяры. А хутчэй за ўсё, іх і не існавала. Бо лепш за мяне, любага, няма. Ды сціхніце, не прыплятайце дзеля пустога доваду пакутніка Хрыста. Лепш яшчэ раз, больш уважліва і ўсвядомлена прачытайце Вялікую Кнігу. Вось тады і ўсумніцеся. Бо ўбачыце на першым плане эгаізм кожнага паасобнага «я».)
Антак прамінуў бязлісты сквер. У застыглых галінах ліп прыглушана падвываў вецер. Ён быццам прасіў некага дапамагчы выблытацца з абдымкаў голых ёмкіх галін і пусціць на вольную прастору. Але ратавальніка не знаходзілася, і вецер з кожнай хвілінай губляў надзею. І вось ужо ягонае выццё змянілася прыцішаным скавытаннем. Безнадзейным і адзінокім. Не адрываючы вачэй ад перамеценага снегам тратуару, хло¬пец прайшоў паўз прысадзісты будынак цырка з ілюмінаванымі транспарантамі, на якіх скалатнела ціснуліся адзін да аднаго ашчэраныя тыгры, мінуў перакрыжаванне дарог і завярнуў у прыцемнены завулак. Так бліжэй да прыпынку. Ранейшае жаданне прагуляцца паціху знікала разам з тым, як неадступна пачыналі ледзянець пальцы ног у адсырэлых ботах. Нават хуткі крок не саграваў...