Вход/Регистрация
Горад у нябёсах
вернуться

Казлоў Анатоль

Шрифт:

Пераступіўшы парог пад’езда, Антак адчуў, як угрэтае камунальнымі батарэямі паветра казытнула па задубелай ад марозу скуры твару. Ногі лёгка перабіраюць дзе-нідзе вышчарбленыя прыступкі. Першая лесвічная пляцоўка, другая, а вось і Светкі Літоўкі дзверы. Хлопец хвіліну стаіць, прытуліўшыся спінай да пафарбаванай у зялёны колер сцяны. Побач — Светчыны дзверы з магічнымі лічбамі 66. Рэдкая для шматпавярховікаў цішыня. Ані гуку. Перуновічу не хочацца яе парушаць. Таму і тырчыць ён насупраць дзвярэй, не адважваецца націснуць на клыпажок званка. Яго агортвае колішні настрой. Той вясновай ноччу ён чытаў булгакаўскага «Майстра і Маргарыту». Кнігу прынесла Светка. Ён на сваёй кухні. Сярэдзіна траўня. Праз расчыненую фортку ўліваецца надворная лёгкая прахалода. Такая ж глыбокая цішыня. І толькі шолах старонак кнігі. Яна новая, нікім не чытаная. Ад яе зыходзіць пах друкарскай фарбы. Паэт Бяздомны, Понцій Пілат, раскормлены кот Бегемот...

«Мяў», — Перуновіч здрыгануўся ўсім целам. Стрэліўшы позіркам на верхні пралёт лесвіцы, ён убачыў на падаконні чорнага ката з прымружанымі вачамі.

«Мяў», — яшчэ раз ляніва азваўся кот і грацыёзна паклаў галаву на выпрастаныя лапы.

Перуновіч адштурхнуўся спінай ад сцяны, зрабіў чатыры вялікія крокі і націснуў на званок.

За дзвярыма меладычна зацёхкаў нейкі птах. Прыглушана, быццам з-пад вады.

«Ага, Светка прыкупіла новы званок. Стары гарлапаністы абрыд».

З кватэры ні гуку. Антак яшчэ раз ціскануў на белы клыпажок.

— Хто там? — устрывожана-разгублены знаёмы голас.

— Не бойся, свае.

Клацанне замка. Дзверы прачыніліся. Натапыраная, як верабей, Светка ў праёме.

— Авой, якія госці, — разгублена лыпае вейкамі. — І не адзін.

Антак адчувае, як паўз яго ногі нешта шмыгнула ў кватэру. Светка адступае і, нахіліўшыся, бярэ на рукі чорнага прыгажуна.

— Праходзь, не стой. Вось сюрпрыз дык сюрпрыз. Умееш ты гэта рабіць, Перуновіч.

Светка з катом на руках і ў цёмным халаце падобная да прасветленай манашкі. Твар яе выпраменьвае ўнутраную спагаду і лагоду, позірк вачэй напоўнены цеплынёй і пяшчотай, як у маці, што ўрэшце дачакалася аблуднага сына з далёкіх дарог.

— Распранайся. Вось дык падарунак насупраць ночы. Не чакала, — гаспадыня кватэры дагледжана-вытанчанай рукой пагладжвае чорную поўсць мурлыкі. Кот жмурыцца ад яркага святла ў вітальні.

— Адкуль ты і дзе надыбаў коціка? Есці хочаш? Дзе будзем — на кухні ці ў зальчыку гарбатку піць? У мяне якраз эклеры ёсць. Ну вось, адразу дзесятак пытанняў, — Светка вінавата пасміхнулася. — Чаго маўчыш, быццам няродны?

— Адказваю па парадку. Гуляў у горадзе, разганяў нудоту. Ехаў дамоў ды ўспомніў пра цябе. Захацелася пабачыць, пагаманіць вочы ў вочы. Кот жа сам прыйшоў. Злякнуў мяне перад тваімі дзвярыма. Думаю, што ён суседскі.

— Не, хлопча, наколькі ведаю, у нашым пад’ездзе такіх ніколі не было. Не ўводзь у зман.

— Праўду кажу, на падаконні яго заўважыў між тваім і наступным паверхамі. Нават злякнуў, нягоднік.

«Мяў», — кот саскочыў са Светчыных рук і, выгнуўшы спіну, шуснуў пад кніжную шафу, якая тулілася ў кутку вітальні.

— Бачыш, зразумела жывёліна, што пра яе гамонім, — зазначыў Антак.

— Няхай абвыкаецца. Калі ён тутэйшы, з нашага дома, то пазней адчынім дзверы і зразумеем: пойдзе — трымаць не буду, а застанецца — жыць яму тут. Кіруй у пакой, зараз пастаўлю ваду на кіпень. Запару мяты з ліпай. Пасля вуліцы табе на карысць будзе. Праходзь, не стой ужо. Там і таршэр уключаны. Чытала кнігу Аволзака. Нічогі аўтар. Калі не збэсціцца, то нешта з яго будзе. Значыць — ты ў залу, а я — на кухню.

Прысеўшы на канапу, далей ад таршэра, Антак прымружыў вейкі. Ён ужо не бачыў, але адчуў, як каля яго бясшумна прымасціўся кот. Перуновіч быў упэўнены, што жывёліна ўзіраецца ў яго твар. Толькі ж расплюшчваць вочы не было сіл. Адно, што ён змог зрабіць, — пакласці далонь на разняволеную шыю ката, ніжэй зграбнай галавы. Кот вуркатнуў раз-другі, дакрануўся выпушчанымі кіпцюрамі да нагавіц хлопца і далікатна шмаргануў па тканіне...

Наступным разам з Анэляй-Ганэлькай Антак сустрэўся каля царквы. Тым нядзельным надвячоркам ён няспешна кіраваў да кансерваторыі. Дамовіўся сустрэцца з былым сябрам-аднавяскоўцам, каб перакінуцца слоўкам-другім, прыгадаць мінулае ды прапусціць па куфлі жывога піва ў кафэ непадалёк.

Прайшоўшы паўз жанчын, якія прадавалі кветкі, хлопец нечакана пачуў сваё імя. Напаўголаса яго хтосьці клікаў: «Антак, Антак». Голас, як перазвон вісюлек крышталёвай люстры. Азірнуўся і не паверыў вачам: ад прадавачак кветак да яго кіравала Ганэлька. Стромкая і вабная (Божа мой, уцялесненая — з плоці і крыві), а ў руцэ букецік васількоў з бутонам ружы пасяродку.

— Ты?! — вырвалася.

— Як бачыш, — Ганэлька ўзяла Перуновіча пад руку. — Не здзіўляйся. Ты ж можаш быць сярод нас, у нашым горадзе? Можаш. Таму і мне няцяжка зазірнуць да вас. Ты што, не рады?

— Нечакана.

— Прабач, што ўбіваюся ў твае планы, але вяртайся дамоў. Сябар не прыйдзе.

— Чаму? — Антак недаверліва зірнуў на дзяўчыну.

— Збіты машынай на пешаходным пераходзе.

— Так не жартуюць!

— Кажу праўду. Паглядзі, як чарнее пунсовы бутон ружы сярод васількоў. Сябра ж твайго звалі Васіль?

— Так.

— Вось, а ты не верыш.

— Але чаму? Навошта?

— У ягонай Кнізе лёсу пастаўлена кропка. І дзякаваць Богу, што кропка, а не шматкроп’е. Інакш сёння для цябе, Антак, адбылося б непапраўнае.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: