Казлоў Анатоль
Шрифт:
— Ага, давай яшчэ пасварымся, нацыяналістачка мая.
— Не абражай. Навучыся ўрэшце адрозніваць паняцці «нацыяналізм» і «патрыятызм». Не ведаю, якія ты газеты чытаеш...
— Тыя, даражэнькая, у якіх сцвярджаецца, што беларусы — малады народ, маладая гістарычная з’ява.
— Вой, слухай, у цябе тэмпературы няма? Беларускі народ, наш народ, мае тысячагадовыя традыцыі, свой генафонд і антрапалогію, мову, свой уклад жыцця. Сваё адзенне, абутак, нават прычоскі, тып жылля, посуд, свае нацыянальныя традыцыі, паданні...
— Усё, усё — супакойся, — ушчаміўся ў Светчын маналог Антак. — Проста ведаю, чым цябе зачапіць. Не даводзь прапісныя ісціны. Мяне не трэба пераконваць у адметнасці нашага народа.
— Чаму ж тады мелеш лухту пра малады этнас?
— Не я мялю, даражэнькая, а нашы блізкія суседзі з усходу і захаду.
— Гэта іхнія праблемы.
— Памыляешся, Літоўка, не столькі іхнія, колькі нашыя. Не ўсе ж такія дасведчаныя, як ты. Ёсць жа людзі, якія вераць любому друкаванаму слову, не важна, адкуль яно зыходзіць.
— Ім дастаткова распавесці пра Вялікае княства Літоўскае, пра ліцвінаў, пра падзел Рэчы Паспалітай...
— Завялася. Вось заўтра і пачынай адукацыйную працу, тым больш, што ты, Светка, і прозвішча маеш адпаведнае. Распавядзі народу пра былую дзяржаўнасць ВКЛ, пра час, як княства было захоплена суседзямі ў 1795 годзе. Не памыляюся я, дарэчы?
— Не. Толькі ж і ты супакойся, — Светка згрымаснічала, зморшчыла гармонікам нос. — Бачу, хлопец, ты начытаны. Кожны раз купляюся на твае выбрыкі. Ніяк не навучуся не патрапляць на твае закідоны. Як ні стараюся, а падчэпіш на кручок, як бязглуздую рыбіну ў мелкай рачулцы.
— Проста, Светка, табе баліць, больш чым каму, праблема нацыянальнага самавызначэння, годнасці народа. Яна і мне баліць, але я не такі шалёны. Не крыўдуй, гэта кажу ў добрым сэнсе.
— Размінка прайшла: 1/0 на тваю карысць. Цяпер можна брацца і за познюю вячэру, — Светка ўладкавалася па другі бок століка ў шыкоўным мяккім фатэлі.
— Налівай, мужчына, па кроплі дзеля ўнутранага сугрэву і каб разняволіцца ды расцугляць язык.
Бурштынавы напой забулькатаў у кілішкі. Церпкаваты пах як павуцінка казытнуў у носе Антака. Яму падабаўся каньяк. Нават вельмі. Але ж нельга было і сцвярджаць, што без соткі гэтага гарманічна суаднесенага пітва ён не мог абысціся цягам сутак. Мог. Яшчэ і як. Толькі ж кожным разам саграваючы далонню пасудзінку з каньяком, хлопец больш наталяўся пахам, чым смакам.
Пілі няспешна і моўчкі. Някідкае святло таршэра і смак каньяку, сплятаючыся ў нябачную тканку позняга вечара, агортвалі душу невытлумачальным спакоем. Там, за вокнамі, віхурылася зіма, а тут, ва ўтульным пакоі, без лішкаў мэблі і з малочна-кававай чысцінёй шпалер на сценах, два чалавекі пачувалі сябе быццам на ціхаакіянскім востраве...
— Закусвай, — спахапілася Светка, — рэкамендую сыр. Ну, проста казка. Можаш скрылёк яблыка пажаваць. Нашанскія, а не з Малдовы ці Польшчы. На Камароўцы ў вясковай бабулі набыла. Яна казала, што спецыяльнае земляное скляпенне мае для захавання яблыкаў. Бачыш, калі гаспадары хочуць, то ўсё могуць. І не трэба захімізаванай садавінай душыцца. Я гавару пра прывазную, якую нават чарвяк не точыць. Зірнеш на такія яблык ці грушу — здаецца, з парафіну зробленыя. Некалі падобныя цацкі прадаваліся для ўпрыгожвання навагодніх ёлак.
— Ага, «прыгадала баба, як дзеўкай была».
— Сёння, хлопча, ты быццам спецыяльна наравіш, стараешся мяне пакрыўдзіць. Навошта, Антак, у гасцях і так пра гаспадыню? Хутаранін ты неабгабляваны.
— Я ж у думках сказаў... Як пачула, га?
— Нягож, у думках. Апраўдвайся... Ці лепей — напачатку думай.
— Супакойся, Светка. Я ж не са злосці, а ты ўжо на дыбкі.
— Ведаю. Ты добры, і душу маеш светлую. Шкада — язык з калючкамі.
— Абяцаю — выпраўлюся поўнасцю. Буду пай-хлопчыкам ва ўсіх адносінах і з усімі, а найперш, Свецік, з табою. Ніводнага колкага слова не выпырхне з маіх губ, а мозг не народзіць дрэннай думкі. За гэта яшчэ па кропельцы глытнём.
Яны зрабілі па некалькі маленькіх глыткоў. З боку дзвярэй, што вялі на балкон, павольна і ледзь улоўна для вока пагойдвалася фіранка. Нельга было зразумець: ці ад скразняку, альбо ад угрэтага ацяпляльнай батарэяй паветра. У прыглушаным асвятленні таршэра край фіранкі падаваўся жывой істотай, якая напружана вычэквала зручны момант для скачка з прыцемку ў прастору і асветленасць пакоя.
— Не ведаю, з чаго пачаць, — парушыў хвілінную прымоўкласць Антак.
— З самага пачатку, — скаламбурыла Светка.
— Баюся, што няправільна зразумееш, — хлопец раздумваў, вагаўся ў рашэнні: варта працягваць ці наўмысна збочыць на нешта іншае, перавесці гутарку на звычайную штодзёншчыну.
— Не ламайся, быццам нявеста перад выданнем, — падкалупнула сябрука Літоўка, — прамовіў «а», то гавары і «б».
— Палічыш яшчэ, крый Божа, вар’ятам і да тэлефона кінешся.
— А ты не адразу ў лоб, а спакваля, здалёк пачынай, — Светка, не хаваючы здзіўлення, пасміхнулася і падабрала ногі пад сябе ў фатэль. — З намі, жанчынамі, трэба асцярожна, беражліва, далікатна. Няўжо яшчэ такіх азоў не завучыў? У твае гадкі, дарагі, даўно пара ведаць, як да нас падступіцца.