Збажына Ян
Шрифт:
ІІІ
На тым, хто не прыняў хрысціянства, не ляжыць загана першароднага граху і яму няма патрэбы выбіраць з дрэва дабра і ліха, бо на яго баку жыццё і смерць не маюць памяці аб хвасце.
Як цяжка ўзняцца над уласным хвастом і якая патрэбна прага волі да ўлады над тым, што не вісіць на азадку.
Таму сцеражыцеся пустэльнікаў і невідушчых, непісьменных і пішучых; і сцеражыцеся тых, хто ахвяруе грошы, і тых, хто просіць; і сцеражыцеся тых, хто палюе разам з драпежнікамі, і тых, хто пасвіцца сярод авечага статку; і сцеражыцеся заканадаўцаў і носьбітаў звычак, а ідзіце ўслед за ваярамі і паэтамі.
ІV
Чым жыве той, хто забыўся аб уласным хвасце, калі дзеля гэтага прыносіцца ў ахвяру ўсё чалавецтва ў свядомым?
Што пакінеш сабе?
Шкадаванне аб няспраўджаных каханках і дакладнае веданне аб тым, што ад пачатку наканавана быць тым біблейскім камянём, які адкінуты сёння ўбок і якому наканавана паслязаўтра пакласціся ў доннасць асновы мура тае бабілонскае вежы, на якую ніхто так і не ўзнімецца з яе бясконцасці, бо калі нельга праглынуць неба не патрэбна і вежа, якая вядзе ў нішто.
Калі вы нарадзіліся Адамам Міцкевічам...
Міцкевіч быў паэтам
усяго толькі некалькі гадоў,..
... ён жыў і дзейнічаў як палітык, публіцыст, прафесар універсітэта і прарок, скончыў свае дні жаўнерам.
Ян Паранодоўскі «Алхімія слова»Не давядзі вам Бог нарадзіцца на сумежжы культур, цывілізацый, эпох, у «дзяржаве», ад якой засталася адна назва і «хлопская» гаворка — некалі вялікадзяржаўная мова найбуйнейшай у Еўропе «княскай імперыі», аб чые межы разбіваліся хвалі «сцюдзёнага і цёплага» мораў: у той мясцовасці, якую суседзі з захаду ахрысцілі як Усходнія Крэсы, а суседзі з усходу надалі статус Паўночна-Заходняга краю; сярод таго карэннага народу, які і ўсвядоміць можа сябе толькі «тутэйшым».
Ды яшчэ калі кажуць, што ваш бацька з мазураў, а маці жыдоўка і вы ніяк не «цягнеце» на тутэйшага, а за сваю шляхетнасць трэба змагацца не высакародна - шпагаю ці пісталетам у двубоі, — а ўсімі праўдамі і няпраўдамі ад местачковых да губернскіх і вышэй чынадралаў імперыі «дзвюх сталіц»..,
калі вы спалучаеце ў адной асобе палітыка і мастака-творцу, і, з аднаго боку, вы «асвечаны вальтэр’янец» і цынік, з другога — рамантык і паэт...,
калі, улічваючы вышэй сказанае, ваша каханка аддае перавагу тытулаванаму ваяру-графу і бярэ з ім шлюб, а вы вымушаны працягваць свой радавод згодна з лепшымі традыцыямі «сыноў Ізраіля»...
калі, маючы Бацькаўшчыну, вы не маеце Радзімы, бо для існавання апошняй неабходна незалежнасць, і лёс ваш -гэта бясконцая вандроўка па краінах, і жыццё ваша барацьба за волю...
Тады недобразычліўцы абвінавацяць вас у бруднай палітыцы, пры дапамозе якой вы стварылі сабе выбітнасць палітычную вершаплётствам альбо выбіваліся ў літаратуру палітыканствам...,
тады ёсць верагоднасць, што вас атруцяць, каб вы не належалі самі сабе...,
тады нашчадкі ўсіх гэтых міжчассяў і бязмежжаў перасварацца паміж сабою, ірвучы вас на часткі...,
тады шмат якіх бездараў выб’ецца ў таленавітыя, даследуючы вашае жыццё «па костачках»...,
тады вы станеце прыкладам для шмат каго і, акрамя аднаго геніяльна-генетычнага з вамі паэта Уладзіслава Хадасевіча, знойдзецца добры дзесятак «самазваных» паперабруднікаў, якія выкраяць сабе месца ў вашым радаводзе...,
тады вашым імем назавуць вуліцы, калгасы, установы, паставяць помнікі, адчыняць музеі, адзначаць у ваш гонар святы...,
тады вы нарэшце ўцячаце ад сябе і перастанеце быць самім сабою, бо будзеце адлюстраваннем, і адлюстроўваць будзеце цэлую эпоху, ператвараючыся сапраўды ў міжчассе і бязмежжа...,
тады наўрад ці хто зразумее, што ваша роля была ў тым, каб міжчассе і бязмежжа ўкласці ў час і межы... I калі гэта так, то вы - геній, а гэта ўжо па-за межамі свядомага.
Наракала ж маці пісаць па-польску...
Як трапна заўважыў гарадзенскі паэт Алесь Чобат, да беларусаў пасылаць Месію даўно не мела сэнсу. Безыменныя і сляпыя, як краты, людзі ўсё ўспрымалі навобмацак. Не ведалі яны ні пра Сонца, ні пра Свабоду і ў бяздушшы сваім былі праклёнам свае зямлі.
Ад песень жальбы сталі яны бязмоўнымі, глухімі, і, каб хто паклікаў іх, то не пачулі б, а каб пачулі, то не зразумелі б.
Ды з Боскай ласкі, каб дарэшты не сканалі гэтыя людзі, час ад часу ўкладалася нейкаму з іх мова, як душа народа. Вось сказалі сваё слова і адышлі ў нябыт Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Лучына, Францішак Багушэвіч.
Але на пачатку шляху да Адраджэння кожнага народа стаіць не Прарок. Першым прыходзіць Паэт, за ім — Філосаф, далей — Прарок, а ўжо потым з’яўляецца і Сам Месія. Без гэтага немагчыма ўваскрашэнне, бо калі мусіла спачатку быць Слова, то і вянчаць будзе Слова, прадуманае, выпакутанае і таму боскае.