Збажына Ян
Шрифт:
У студні вешаўся. Меркаваў, жонка адчыніць студню — а там ён вісіць. Тады зразумее, дурніца, што самой вёдры цягаць давядзецца. Усё жыццё з гэтай прычыны каяцца будзе.
Вяроўку добра да кораба не прывязаў: рукі трасліся (вядома ж, не пахмяліўся). Пятля нават і не заціснулася, як сусед уніз скочыў... Утапіўся.
Яшчэ адзін прыклад: другі сусед.
Звечарэла ўжо, вось толькі кароў прыгналі, а ён да жонкі як слата прычапіўся: дай яшчэ на адну пляшку, і ўсё тут. Святая справа — “дагнацца “ чалавек хацеў. Баба параіла мужыку спачатку карову падаіць, паабяцаўшы за гэта “дагнаць” яго да кандыцыі. Але гаспадар больш упарты быў. Тая яго з вачэй прагнала. Дык ён са злосці на бабу ўсё роўна на вочы ёй вырашыў трапіць: у хляве вешаўся. Дакладна разлічыў: пойдзе яна карову даіць, заадно і настрашыцца. І вяроўку добра замацаваў, і моцнаю вяроўка была... Бэлькай забіла, не вытрымала яна, замшэлая, і трэснула.
Адзін доўга пахмяляцца загадаў, другі даганяцца. Абодва вешаліся і не павесіліся, бо ўсё саматугам рабілі. Гэткіх прыкладаў і не пералічыць: той на аголеных правадах вешаўся і закараціла; а той ад жончыных вачэй у лес з вяроўкай сігануў, дзе яго звер ліхі падпільнаваў. Паммайстра з цесляром (толькі жонак сабе пабралі і адразу ж высветлілі, што жонка паммайстра жонкай цесляра павінна была стаць, і наадварот), а ўжо ў мехмайстэрні на нейкіх ланцугах крыўду хацелі задушыць. Не паспелі сябрукі-таварышы і па пляшцы пальнуць для бадзёрасці духу, як іх за тыя ланцужкі па розных баках і расцягнула. Гэта небарака практыкант-пэтэвушнік, сп’яну-здуру забаўляючыся, гарызантальны прывад да электрычнасці падрубіў. Ён ужо потым на следстве сцвярджаў, што ў спешцы рубільнік з ручкай унітаза зблытаў. Але гэта ўсёроўна нічога не мяняла. Дзецюкам вертыкальныя ланцугі чапляць трэба было, а то іх па гарызанталі і павяло..., першага ў нейкім мудрагелістым механізме з шасцяронкамі задрала, другім звычайны ступенчаты кардан абматала.
А тых, хто пасля першай шлюбнай ночы знайшоў маладую не цнатлівай і кампенсаваў падман аборкаю, і не пералічыць на пальцах. Нават дзядуля, пражыўшы са сваёй бабуляй сумесна шэсцьдзесят гадоў і на хаўтурах па ёй, даведаўшыся ад сябра дзяцінства, што нябожчыца здрадзіла яму ў шлюбную ноч, павесіў спачатку сябра дзяцінства, а потым павесіўся і сам.
З тыдзень таму панамар у прыходзе рукі на сябе накладаў, на рызінках вешаўся, марыў ад хатніх клопатаў адразу ў рай спружыніць. Гадзіны дзве гойдаўся ўніз-уверх, галавой у столь біўся, аж да пачатку службы, пакуль ад страсення мазгоў не сканаў. І адчапіцца не мог, бо ад сораму абязрызінкавыя трусы вымушан быў перыядычна з каленяў падцягваць. Хто адважыцца блюзнерыць, што панамар на сябе рукі наклаў? Як і належыць хрысціяніну, усёй паствай ліцыю спраўлялі і трусы, што панамар да лепшай долі сціскаў, зноў жа ўсёй пастве паказвалі, як сведчанне яго беззаганнай смерці. Праўда, рызінка і да сённяшняга дня вісіць грэх, кажуць, здымаць: хто зачапіў, той хай і адчэплівае. А можа, як народная мудрасць кажа, каго не задушыць, той у іншых варунках памрэ.
Сёй-той кажа: да чаго тая мудрасць! Каб цвярозымі былі, не спяшаліся, то павесіліся б лоўка, як Юда, ну, памятаеце, той, які не вытрымаў, даведаўшыся, што самога Сына Божага, як звычайнага сына цесляра, за трыццаць срэбранікаў прадаў, а мог бы ўдвая болей утаргаваць. А не... Народная мудрасць — яна і для шыбеніка мудрасць.
Вось апошні прыклад. Праўда, ён не пра павешанне, але да месца.
Суседа сваяк (таго, што тапелец; а можа таго, што забіла, не памятаю) не піў, не курыў, цяжкага не паднімаў. Нават па жонцы доўга не лазіў: інфаркту баяўся. Лёг, як звычайна, спаць і ... учадзеў. Жонка на добрым падпітку была, дачакалася, пакуль мужык засне, і да суседа збегла. І комін зачыніла, не дачакалася, пакуль у печы прагарыць.
Вось вам і новая мудрасць нарадзілася: хто не курыць і не п’е, таго чад заб’е.
Але нешта я ад шыбеніцы далёка адышоў. Раніцаю па вёсцы прайдуся, можа, хто яшчэ на жонку закрыўдаваў.
VI
Закрыўдаваў! Нават закрыўдавалі! Але на пачатку было сненне.
Сненне
Сню, быццам нехта на падворку стрэліў. З перапалоху схапіўся за твар. А на ім вялікія бакенбарды. Яшчэ болей спалохаўся. Хаваючыся за фіранку, вызіраю ў акно і бачу: на падворку аж дзве шыбеніцы і матуз скручаны з аборак між імі нацягнуты. А на матузе акурат усе вясковыя шыбенікі, як акрабацікі, скачуць, фокусы розныя паказваюць. А эшафот, бы карусель, круціцца. Вяскоўцы за яго чапляюцца, каб і ім крыху пад’ехаць, але большасць зрываецца. Мне таксама пакатацца захацелася...
Але прачнуўся не з гэтага жадання. Вокрыкі і гоман, сабачы брэх і скавытанне дзяцей у адначас паднялі мяне з ложка. На ўсялякі выпадак позіркам пашукаўшы шыбеніцы-карусель, падышоў да натоўпу. Спачатку цяжка было штосьці зразумець: ад узбуджэння гаманілі ўсе адразу. Але паступова карціна намалявалася захапляючая.
З вечара два суседы, не тыя, што жывуць і зараз насупраць праз вуліцу, але тыя, што межавалі адным плотам, некуды выйшлі. Здагадацца не цяжка: адзін нёс вуды, другі — кошык на грыбы. Першы пайшоў да возера, другі — у супрацьлеглы бок, у лес. Абышоўшы вёску з розных бакоў, вярнуліся, але да ўласных хатаў не дайшлі. Першы, як рыба нырца, даў да жонкі грыбніка. Грыбнік вожыкам праціснуўся праз хмызняк да жонкі рыбака. Абодва пільна сачылі, каб раптам жонка да суседкі па запалкі альбо па дровы не зайшла. А каб дарма час не губляць, кахаліся ды праз кожны раз у бок свае хаты паглядалі, пільнавалі, каб да ўласнае жонкі ўласны каханы не зацягнуўся. Пад раніцу адзін аднаго і ўпільнавалі. Жанчынам часу не стала доўга лаяцца, адразу адна ў адну ўчапіліся пасярод вуліцы. Мужыкі больш кемлівымі былі. Кожны ў суседавым агародзе вешаўся: рыбак на сліве, грыбнік на алычы. Пакуль іх знялі, нехта кошык і вуды да рук прыбраў. Ім бы ўсім чатыром павесіцца... Але мужык з жонкай адначасна вешаюцца толькі ў габрэйскім рамане. Жалобны стол рабілі агульны, не было сэнсу лішнія грошы траціць, ды і ўдоваў грабары надта хутка памірылі.
Вось і сэнс снення стаў відавочным. Стрэл чуць — новыя весткі. А як жа два шыбенікі? Бакенбарды мець — задавальненне. А чаму не? Добра пад’еў, выпіў. Акрабаты на матузе — весялосць. Было, праўда, і гэта: пад заканчэнне жалобнай вячэры і пасля яе. Ну, у прынцыпе, да хаты тое-сёе з жалобнага стала ў кошыку прынёс.
Шыбеніцу бачыць — небяспека. Згодзен: з вудамі амаль што не запынілі. Карусель бачыць — да распусты. Аб гэтым у грабароў крыху счакаўшы запытаю.
VII
Відаць, на гэтым і спыніў бы аповед, ды ліст ад сябра з горада атрымаў пра выпадак нехарактэрны. Сам ён адно пра літары і піша; пра шыбенікаў не піша: баіцца, што настрашаць; адно жонку імі палохае, калі пахмяліцца альбо дагнацца хоча.
Вось урывак з ліста: “... адна жонка мела шмат каханкаў. Мужыку гэта не падабалася (не, не яе каханкі, ён быў нармалёвай арыентацыі), але, відаць, іх колькасць. Бо вымушаны быў не часцей за адзін раз на месяц начаваць ва ўласнай кватэры, калі жонкі дома не было, а ў астатнія ночы яго месца займаў чарговы каханак. Не мог ён аніяк расчуліць сваю другую палову, каб хоць і яго ў трывалую чаргу да ложка паставіла, няхай сабе і пустога, але часцей. Ён не стаў скакаць праз акно. І не таму, што не ўмеў гуляць у шахматы, і не таму, што жыў на першым паверсе, а таму, што якраз пад вокнамі яго кватэры была клумба з любімымі краскамі яго жонкі. Шыбеніцу змайстраваў з услонка і жырандолі. “Хоць перад пахаваннем дзён тры ва ўласнай кватэры адляжуся”, — марыў ён. Ужо з аборкай на шыі згадаў аб жонцы. “Відаць, вельмі засмуціцца”, — зашкадаваў ён свайго спадарожніка жыцця і ўжо хацеў аборку скінуць, але ад вялікай расчуленасці да жонкі страціў прытомнасць і ... З жырандолі яго спачатку ў трупярню завезлі, а адтуль адразу на могілкі — без ніякай чаргі. Удава сапраўды моцна засмуцілася. Кажуць, і да сённячага дня ўсё яго з сябрамі памінае”.