Шрифт:
– Не суроч, сплюнь, - умяшалася маці.
– А што, міністраў з неба спускаюць? Яны з такіх, як мы, людзей бяруцца. Галава ў яго светлая, характар добры, кампанейскі... Толькі на гэта і глядзяць.
– У мяне яшчэ законныя тры месяцы ў запасе. Нешта прыдумаецца.
Жэня чамусьці азірнуўся і перайшоў на шэпт:
– А ты не хочаш папрацаваць? Са мной? На чыгунцы? Сезонным транспартным рабочым?
– А можна?
– З рукамі адарвуць. Людзей не хапае. Праца лёгкая, у ахвоту, чыстае паветра... Грошы неблагія.
Жэня зноў азірнуўся, нібы іх маглі падслухаць, зашаптаў:
– А то прынесці таго-сяго... Таварнякі багатыя бываюць. У Крывой спыняюцца на перагоне. Ёсць такая паваротка - Крывая. Прабяжышся каля вагонаў, глядзіш - пломба сарваная, нехта ўжо трыбушыў. І экспедытара няма... ну, таго, хто суправаджае груз. У вагоне - скрынкі... Памідоры, вінаград... Віно.
Маці, якая ўжо, відаць, бачыла сына міністрам, загарачылася:
– Ты яго гэтаму не вучы! У яго будучыня!
Жэня прыкрыў далоняю рот:
– Не, я ж так, да слова...
– А машыніст?
– спытаў Аляксей.
– Машыніст нічога не бачыць. Цягнік заварочваецца, як змяя, з першага вагона хвост не відаць. Дык як, падумаеш?
– Падумаю...
Калі госць пайшоў, ад выпітага яшчэ больш віхляючы задам, маці пачала расквазаць. Сапраўды, Жэня гэты родам з іхняй вёскі, жыў тут, калі Аляксея яшчэ не было на свеце. Потым пасадзілі яго за нешта - “яны ж не кажуць, за што”, не паспеў выйсці - зноў сеў.
– Таму вы і не бачыліся: пакуль ты ў школе, у тэхнікуме, у арміі, ён
– па турмах...
Нарэшце Жэня нібыта ўзяўся за розум, ажаніўся, купілі з жонкаю хату, бо ягоная развалілася, ды жывуць памалу. Дзве дзяўчынкі ў іх. А ходзіць так дзіўна, бо на лесапавале дрэвам пераламала абедзве нагі, балты ў косці ўкручаныя, ён нават на працу да блізкай - паўтара кіламетры - станцыі ездзіць на мапедзе.
– А ў таго яго брата, хірурга Бракарэнкі, які цябе на камісіі глядзеў, жонка памерла ад рака, - манатонна, як казку дзецям на сон, расказвала маці, - дык ён з гора павесіўся, дзвюх дачок сіротамі пакінуў, адна вялікая, Света, у яе ўжо ў самой невядома ад каго маленькая Наста, другая
– школьніца, Аксана; абедзве гулёны, п’юць, мо нават і кураць, я, праўда, не бачыла, але хіба той завод, той горад добраму навучаць...
Аляксей амаль не слухаў гэтую сагу. Ён абдумваў Жэневу прапанову. Першы экзамен толькі ў жніўні. І праўда, засохнеш тут ад нуды. А так
– удзень працаваў бы, вечарамі рыхтаваўся да паступлення... Мо паспрабаваць?
III.
Так Аляксей Дарафей апынуўся на чыгунцы, на пасадзе “сезонны транспартны рабочы”.
З яго прыходам у брыгадзе стала шэсць чалавек: тры пастаянныя і тры сезоннікі. Пастаянныя: Жэня Бракарэнка, другі - брыгадзір Рэвут, чалавек нелюдзімы, пануры, родам з Тураўшчыны (гаварыў: палёх, лясох, карчох), і трэцяя - яго жонка кіргізка, маладая, ганарыстая, вульгарная: мацюкі так часта зляталі з яе прыгожых вуснаў і так натуральна яны ў яе гучалі, што не было сумнення, адкуль яны ўзяліся, якога яны паходжання, - дзікаватай разгульнай азіятчынай павявала ад іх, бяскрайнім палынным стэпам, вольніцай, нізкімі кашлатымі конікамі з доўгімі хвастамі, да якіх прывязваліся за валасы адсечаныя чалавечыя галовы, у запечанай крыві і ў пыле...
Чамусьці яна любіла прымаўкі, звязаныя з татарамі: “Нам, татарам, што з гары, што пад гору!”
Сезоннікі - Аляксей, стары дзед-пенсіянер і жанчына гадоў трыццаці пяці, зацяганая, пакамечаная, пашкамутаная жыццём, з наколкай “Шура” на запясці левай рукі, дзе гадзіннік носяць. Яна адсядзела год у турме, за растрату, калі працавала буфетчыцай у горадзе на, канечне ж, металургічным. Разумеючы сваю адрынутасць, заўсёды трымалася збоку. Курыла танныя цыгарэты, ад якіх кашляла. Аляксей адразу ж спадабаўся ёй, яна звала яго на “вы”, спрабавала фліртаваць: “Вы яшчэ такі малады, у вас жыццё наперадзе... Я таксама была ого... Нават замуж ледзь не выйшла. Каб не зайздрасць чалавечая... Падставілі, ні за што пасадзілі...”
На гэта Жэня з веданнем справы ёй зазначаў:
– Усе ні за што.
Дзед гаварыў мала, але калі гаварыў, таксама націскаў, што ён ахвяра нейкіх таямнічых зайздроснікаў. У яго было светлае, удачлівае мінулае і абы-якое дажыванне - цяпер. Да пенсіі, у тым удачлівым жыцці, ён працаваў ці то майстрам, ці прарабам, ці нават намеснікам начальніка ўчастка, і таму надта хваравіта ўспрымаў сваё паніжэнне. Яшчэ ён не любіў і баяўся грубага Рэвута. “Хам, - ціха скардзіўся ён, калі брыгадзіра не было блізка.
– Зладзюган. Я такіх уласнай рукой звальняў без суда і следства - рад, другое, трэцяе і таму падобнае...”
Пастаянныя мянялі шпалы, забівалі кастылі, рабілі абход палатна з абстукваннем реэк і праверкаю іх “узроўнем” - спецыяльнай такой планкай з кропляю пасярэдзіне пад шклом; абглядвалі люфты-зазоры, абмацвалі стыкі, падцягвалі, падымалі, апускалі - карацей, хапала працы, затое і грошай яны атрымлівалі больш.
Сезоннікі калупаліся ў складзе-бытовачцы, наводзілі там парадак. Доўгімі дручкамі з пакляй-квачам на канцы змазвалі рэйкі, складзеныя на двары шчыльна, як роўная, гладзенькая чыгунная падлога. Мачаеш квач у вядро з густым чорным мазутам, са шлюпаннем выцягваеш - і так прыемна ён ходзіць у руках... Асабліва любіў гэты занятак дзед. Касілі адхоны, падразалі секачамі сярод камення на чыгуначным палатне траву “перакаці-поле”: амаль ідэальна круглыя шарыкі, якія сохлі без сонца, без ветру, рабіліся лёгкія, каціліся, ляталі.