Шрифт:
Потом Никитушка росточком был с аршин.
Он много всяких разных дел насовершил.
При ём пахали целину,
При ём пихали на луну,
При ём достигли мы сияющих вершин.
Но в октябре яво маненечко - таво:
Тады узнали мы всю правду пра яво.
Что он Насера наградил,
Что он с три хера накрутил,
Что это в заднице свербило у яво.
Сьверб загнязьдзiўся ня толькi ў Мiкiты, але i ў шматлiкiх галовах розных камунiстычных пазадкаў у Канадзе. Гэтта кукурузай i чаравiкам па стале нiчога не асягнеш. I няма калi зьдзiўляцца, рот разяўляць, што ўчарашнiя хаўрусьнiкi ў вайне нейкiм чынам ператасавалiся ў ворагаў. Сьверб недаверу да свайго заўсёды магутнага й непамыльнага цэнтру наклюнуўся. Некаторыя сумленныя дзiвакi быццам на прыманку капiталiстычнае прапаганды пайшлi. Як тут непамыльную i яшчэ генэральную партыйную лiнiю ўтрымаць? Нагода: сьвяткаваньнем угодкаў "вялiкага кастрычнiка" выкаваць новую дысцыплiну, умацаваць салiдарнасьць камунiстычнага руху ўва ўсiм сьвеце.
Гэтак загадалi. Так мае быць!
Арганiзаваць ударнае сьвята "вялiкага кастрычнiка" - мала языкамi мянташыць. Рэкляма ў друку й радыё пажырае вялiкiя грошы. Даводзiцца, як i мiнулымi гадамi, ляпiць плякаты й афiшкi ў гарадох на вулiчныя слупы й газэтныя скрынi, платы й сьметнiкавыя кантэйнары. Гарадзкiя законы гэта забараняюць, але тут на помач iдзе цемра й спрыт. Ня зловiць цябе палiцыя, у якой рукi й час наркаманамi й зладзеямi занятыя. Кiраўнiцтва гэткай рэклямнай "кастрычнiцкай апэрацыi" намазолiць добра шматлiкiя мазгi, каб усiм сваiм вялiкiм i малым спэцам гэтай аграмаднай сваёй распоўзлай тэрыторыяй краiны даць адпаведныя iнструкцыi на тэму: дзе, калi, што i як...
Перадусiм неабходна парупiцца, каб галоўная веха партыi ў краiне, "Канадыйская трыбуна", павысiла i ўзмацнiла адпаведныя баявыя сыгналы. Мала таго. Яна павiнна пашырыць барабаншчыну пра грандыёзныя перамогi на эканамiчным фроньце ў краiне, якая, як вядома, нанесла галоўны ўдар гiтлераўскаму фашызму й мiлiтарызму. Абавязкова павiнны быць i натхняючыя матар'ялы пра няспынны iмклiвы рух iдэяў Маркса й Ленiна ў цэлым сьвеце. Забясьпечыць матар'яламi i левую буржуазную прэсу ды радыё.
А гэтта, як на тое лiха, быццам мышы спад мятлы, павылазiлi на сьвятло дзённае недабiтыя ўдома i непалоўленыя "ворганамi" ў Заходняй Эўропе - хоць бальшыня зь iх апынулася пасьля вайны ў Гулагу, - "беларускiя буржуазныя нацыяналiсты". Гэтыя "фашыстоўскiя цемрашалы" пачалi арганiзавацца, знайшлi сярод Канадыйцаў новых хаўрусьнiкаў. Баявое заданьне, загад зьверху: неадкладна заняцца iмi!
2
Дзяўчына сядзела на крэсьле ля камiнку. Сьвежанькi, дзiцячага выразу й зусiм правiльных клясычных рысаў твар. Анi шмiнкi, нi пудры. Даўгiя, хвалiстыя, цемнаватыя блёнд валосы. Вялiкiя, блакiтныя й разумныя вочы. Сьцiпласьць i поўная канцэнтрацыя. Быццам мастаком вылiтая фiгура ў тугой белай блюзцы, шэрага колеру андарак у складкi. Вочы ўпiлiся ў чалавека, што ў мяккiм крэсьле расьсеўся з другога боку камiнка.
Сонечнае сьвятло хлынула ў пакой праз вэнэцыйскiя заслоны. Ля сьцяны пакою полка з кнiгамi дэманстравала сябе вялiкiм зборам твораў Ленiна, партрэт якога вiсеў побач на сьцяне. Каля Ленiна i творы Горкага, Маякоўскага ды й iншых бальшавiцкiх зброяносцаў. У куце, на стале - руды самавар i пара кубкаў, а на камiнку, побач парцалянавых балерынаў, пачарнелы мядзяны конь трымаў кампанiю электрычнаму гадзiньнiку. Пiсьмовы стол зь бiзнэсавым старым Рэмiнгтонам i купай кнiгаў ды папераў займаў абшырнае месца ля сьцяны. Савецкiя газэты, мясцовы "Рабочий", часапiс "Тайм" i радфардзкаялевалiбэральная "квактуха" "Стар" зь нейкай прычыны добрым ладам пастроiлiся на нiзкiм кафэйным столiку.
Нягеглы з выгляду мужчына належаў да тых, пра якiх агульна гавораць, што "нiчым ня вырозьнiваўся ў натоўпе". Лысаваты, сiвы. Прадаўгаваты, з вострым падбародкам твар. Блiзка асаджаныя каля простага чырванаватага носу шэрыя вочы, малыя вушы й зморшчаны лоб. Гавайская спартовая кашуля й пакорчаныя штаны, чорныя чаравiкi. Рудыя вочкi пiльна сачылi дзяўчыну.
– Але-ж i прыгожая вы, мiс Мак.
Нiзкi голас, на твары лёгкая ўсьмешка. I ўва ўсiм гэтым, у голасе i ўсьмешцы нейкая казёншчына, штучнасьць. Сказанае здалося пустым i бясколерным, быццам нехта дэкляраваў устаноўленую вышэйшай уладай цану. Рыгор Капшун напiхаў сваю люльку багатай араматам галяндзкай табакай ды аглядаў дзяўчыну скваплiвым зрокам цыгана, што ацэньваў чужога каня. Вера Мак адчувалася нiякавата пад пiльным зрокам гаспадара гэтага пакою. Яшчэ ня ведала якiя тайнiцы гнязьдзiлiся пад тэй лысiнай.
– Але ваша прыгажосьць ня ёсьць прычынай нашай сустрэчы. Магу спытацца, як вам спадабаўся наш Радфорд?
– Ведаеце, таварыш Капшун...
– Лепш пакiнем збоку гэтае "таварыш". Жывём у буржуазным грамадзтве i асьцярожнасьць нас абавязвае. Проста называйце мяне Грыша.
– Цi не занадта фамiлярна? Я мяркую...
– Няважна. Рабiце як кажу, - тонам поўнае фiнальнасьцi сказаў Капшун.
Размаўлялi парасейску. Капшунова мова плыла вольна, без намаганьняў, а ў Веры Мак пракiдвалася ваганьне.
– Окэй, Грыша.
– Вось так лепш. Дык пра што мы гэта?
Капшун прыкурваў табаку ў люльцы даўгой запалкай, iзь нейкiм задаваленьнем, як быццам гэтая дзейнасьць была найважнейшай для яго на сьвеце i таму поўнасьцю паглынала ягоную ўвагу.
– Ага, пра тваю красату, - гаварыў далей, пусьцiўшы клуб пахучага табачнага дыму.
– Не магу ня выказаць надзеi, што гэта твая прыгажосьць, калi ўжыць буржуазны тэрмiн, ня будзе замiнаць у тваёй рабоце, а наадварот...
– Якой гэта рабоце?
– перапынiла яго Вера Мак.
– Пра гэта даведаешся ў адпаведны час. Цяпер-жа я толькi хацеў з табой пазнаёмiцца, мiс Мак. Казалi мне, што там у Балтаве ты займалася карыснай для нашага дзела работай.
– Старалася, як умела.
– За тую адданасьць цябе належна ацанiлi, нават паездкай у Савецкi Саюз узнагародзiлi. Прашу мяне зразумець, мiс Мак: я ня пустазвон i не трапло. Аддаю належнае тым, што на гэта зарабiлi. А цяпер прашу сказаць: цi маеш сваякоў у Канадзе?
– Не, ня маю. Ад часу, як замардавалi бацьку...