Шрифт:
– Ведаю, ведаю. Вялiкае няшчасьце, - перарваў дзяўчыну Грыша.
– Але ведаеш нашу рускую прыказку: дзе дровы сякуць, там трэскi лятуць. Спадарыня Мак, ты павiнна быць гордая за свайго бацьку. Ён назаўсёды станецца гэроем у анналах змаганьня рабочых-рэвалюцыянераў за лепшую будучыню.
Капшун памаўчаў, сачыў клубы табачнага дыму.
– Значыцца, ня маеш сваякоў. Можаш усiх нас, наш цесны кружок, лiчыць сваякамi. На выпадак патрэбы, клiч каго з нас. Цi ты ведаеш беларускую мову, мiс Мак?
Дзяўчына задумалася.
– Можа тое, што ад маткi й бацькi. А ў нас у клубе вучылi расейскую.
– Я маю на ўвазе вось што: цi маеш даволi асноваў i дастатковы запас словаў, каб вясьцi iнтэлiгэнтную гутарку пабеларуску?
– Мяркую, што не.
– Гэты недахоп мы абавязкова зьлiквiдуем. Ты павiнна валодаць гэтай мовай так, каб чулася як удома мiж людзей, якiя пабеларуску гавораць.
– Магу спытацца якая ў тым патрэба?
– Як я раней сказаў, гэта ўсё будзе выясьнена табе пазьней. Цяпер я павiнен ведаць вось што: цi ты згодзiшся навучыцца гэтай мовы? Якая была ў цябе пасьпяховасьць у школе, мiс Мак?
– Найлепшыя ацэнкi.
– Добра. Цi маеш яшчэ ахвоту да навукi?
– Ахвоту? Мяркую, што так. Калi патрэбна, дык навучуся, чаму не. А цi вялiкая розьнiца мiж расейскай i беларускай мовай?
– Даволi значная. Вядома, што ёсьць дзьве вэрсii, так сказаць, беларускай мовы. Першая, гэта тая, што ўжываецца ў школах i адмiнiстрацыi ў Савецкай Беларусi. Ёсьць на гэнай мове даволi вялiкая лiтаратура. Дык тая вэрсiя блiжэй расейскае. Беларускiя буржуазныя нацыяналiсты ўзводзяць паклёп на тую мову й называюць яе маскоўскiм жаргонам. Другая-ж вэрсiя, каторай карыстаюцца бебурнацы, стаiць далей ад расейскай. Ты, бязумоўна, будзеш вучыцца першую.
Капшун устаў, падыйшоў да пiсьмовага стала, узяў кнiгу зь зялёнай вокладкай i даў яе Веры.
– Тут вось, пачытай крыху з пачатку.
Дзяўчына пачала паволi чытаць. Ейнае вымаўленьне патрабавала шмат паправак. Пазiраючы на двор праз вэнэцыянскiя заслоны, Капшун уважна слухаў.
– Гэтага даволi, - спынiў ён дзяўчыну.
– Бачу, што нейкi пачатак ёсьць. Пачнеш вучыцца адразу пасьля таго, як тут на месцы ўстроiшся. Згода?
– Так, окэй. Цi магу цяпер штосьцi вас спытаць?
– Калi ласка.
– Адносна працы. Я-ж мушу на сябе зарабiць.
– Гэта ўсё наладзiм. Цi ты мяркуеш, што можаш працаваць у якой краме?
– Магу спрабаваць.
– Добра. Заўтра пойдзеш у Трыфты Тонi й там атрымаеш працу. Адна з нашых дзевак, зь якой сяньня пазнаёмiшся, табе паможа. Яна там працуе.
– А хто такi той Трыфты Тонi?
– Гэта вялiкая ўнiвэрсальная крама, уласнасьць Жыда Зэлмана, нашага iмiгранта. Ён робiць аграмадны бiзнэс.
– Добра. А колькi ён плацiць?
– Нешта каля трыццацi пяцi на тыдзень для новых, здаецца. Будзеш старацца, заробiш болей.
Дзяўчына маўчала. У бюро капальнi ў Балтаве зарабляла больш пяцiдзесяцi ў тыдзень.
– I гэта, здаецца ўсё, калi няма якiх пытаньняў, - сказаў Капшун.
– Адносна майго пакою. Дзе буду жыць?
– Коля завязе цябе да дзяўчыны, пра якую я ўспамiнаў. Зваць яе Нiна Ляскiн. Яна нашага паходжаньня, бацькi недзе з Адэсы, ужо ня жывуць. Я пэўны, што вы добра наладзiце супольнае жыцьцё. Заўтра паведамi мяне, як там пойдзе.
– Окэй, Грыша.
Дзяўчына ўстала i ўзяла сваю сумачку.
– Яшчэ адно, пакуль пойдзеце, мiс Мак. Раю вам усё тое, пра што мы гаварылi, трымаць пры сабе, - перасьцярог Капшун, адчыняючы дзьверы.
– А як зь Нiнай Ляскiн?
– Яна - адна з нашых. Што ёй скажаш, мяркуй сама.
– Добра, Грыша.
– Цяпер пачакай тут, а я паклiчу Колю.
Неўзабаве ён зьявiўся з-за дзьвярэй iз тым самым шустрым, пад вожыка падстрыжаным маладым хлопцам, якi сустрэў яе ранiцай на чыгуначнай станцыi. Капшун падаў руку.
– Жадаю табе посьпехаў, спадарыня Мак.
На ягоным твары паказалася нешта наводля ўсьмешкi.
– Дзякуй, Грыша. Буду ў кантакце.
Коля ўзяў ейную валiзку. Рэшту багажу пакiнула на станцыi i мае яго забраць пасьля. Яны спусьцiлiся па сходах i пайшлi да аўтабуснага прыпынку. Пад захмараным лiпеньскiм небам вулiца чмыхала й гула вялiзнай хваляй аўтамабiляў у "раш аўр" - сьпешную гадзiну. Гэтак тут назвалi час, калi мiльёны людзей рана й вечарам сьпяшаць на працу цi з працы дамоў. Гвалтоўныя рыўкi ветру тузалi маладое лiсьцё кляновых прысадаў, замяталi парэпаны цэмант вулiцы i забаўлялiся рознакаляровымi сукенкамi жанчынаў.