Шрифт:
– Не калектыўны ты чалавек. Звераваты.
– Дзiкi i нялюдскi.
– Ты ж нiколi чалавеку, каб прыйшлося, не паможаш, калi ў таго не будзе чым адплацiць табе.
Бушмар раз у такi момант усхвацiўся i размахнуў сваiмi шырокiмi плячыма. У адну руку згроб нешта з траiх i шпурнуў на блiзкi ложак. Кароткая шыя яго густа пачырванела, ён моцна i шумна дыхнуў. Тады з iм ужо мала загаворвалi. Твар яго стаў жорсткiм, бровы часта ссоўвалiся.
Калi выйшлi з горада, дачыненнi мiж iм i таварышамi сталi лепшымi. Бушмар стаў сам загаворваць з усiмi, але не быў нiколi ў вялiкiм гурце любiў адзiноцтва i нават кватараваць застаўся ў сялянскай хаце адзiн, без таварышаў. Ён тут трохi здружыўся з гаспадаром хаты. Калi льга было ад службы, вельмi ахвотна iшоў у гумно малацiць i тады ажыўляўся:
– Чалавек без работы не можа доўга быць, хiба толькi спрадвечны лайдак або каторы змалку не прывык.
Тады ж нейк раз ён, разгаварыўшыся, прызнаўся гаспадару, што трохi каецца, што пайшоў служыць:
– Не ведаў, што гэтак доўга зацягнецца. Чорт ведае чым займайся тут. Хiба гэта работа!
Ён вельмi рваўся цяпер дадому.
II
На цiхiм небе стылi зоры. Вiльгаць iшла з лясоў i туманамi асядала на голую зямлю, перад свiтаннем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелi на чорнай зямлi лапiны апошняга снегу.
Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымi паплавамi, узнiмалася няроўная сцяна лесу. Дарога ў лес iшла праз рэчку, цераз мост, з поля i паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна i цiха. Таму пад нагамi ў чалавека звонка i мокра трашчала леташняе лiсце. Чалавек iшоў паволi, нёс за плячыма клунак. Часамi ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзiлiся ад дарогi i над палянкай нiжэй звiсала зорнае неба. Чалавек як бы прыглядаўся цi прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвiлiны са тры i зноў iшоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць i ўтомленаю, так, як ходзiць чалавек па роднай зямлi. Дарога доўга iшла лесам, перакiдалася праз кавалкi поля, праз нiзкiя ядлаўцовыя лагчыны.
Ужо свiтаць пачало, як чалавек прыпынiўся каля густой няроўнай агароджы. Застукаў брамкаю i пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кiнуўся пад чалавека, заскроб кiпцямi па вiльготным крысе салдацкага шыняля.
– Галас, Галас, - загукаў чалавек.
Сабака адбегся i брахаў, пачаўшы павiльваць хвастом.
– Галас! Не пазнаў? Ах ты дурны!..
Сабака радасна завiшчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднiмi лапамi, лiзнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленне. Тады ўзышоў на ганак, спусцiў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалi хатнiя дзверы - сабака кагосьцi пабудзiў сваiм брэхам.
– Хто?
Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву i падаўся крыху назад.
– Хто?
– зноў запытала жанчына.
– Гаспадар.
– Якi гаспадар?
I, здагадаўшыся, загаласiла:
– А Божачка ж мой, Лявон!
Яна з грукатам адкiнула ад дзвярэй завалу, i Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухнi жанчына запалiла газоўку, i тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама не зусiм, мусiць, вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўклiва, спусцiла ўнiз рукi i не гаварыла больш нi слова. Твар яе густа ружавеў.
– Ты... тут?..
– запытаўся Бушмар.
– Служу... Як напiсаў тады адразу быў, каб хоць каго мацi ўзяла рабiць... Дык я нанялася...
– Нанялася?
Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменне прайшло па Бушмаравым твары.
– А мацi дзе?
– Мацi хворая... Не ўстае... Другi ўжо тыдзень.
Бушмар адчынiў дзверы ў чыстую хату. Жанчына запалiла лямпу. Мацi прачнулася, пачала ад радасцi плакаць, гаварыць i стагнаць.
Маладая жанчына колькi разоў выходзiла i ўваходзiла - пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля мацi, пераапрануўся ў сваю цывiльную адзежу i адразу пайшоў на сялiбу. Сабака весела гайсаў следам за iм. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменне... Выцягнуў з студнi вады, паспрабаваў, цi добра ходзiць коварат.
Як i заўсёды, пануры быў выгляд яго, пахадзiўшы па двары, ён выйшаў за гумно. Там скiдаўся сялiбны ўзгорак глыбока ўнiз, у рэчку, пад стагоднiмi дубамi прэла леташняе iх лiсце. Малады ельнiк зубiў цёмную зелянiну за паплаўною лукою. З трох бакоў быў дубняк i ельнiк. З чацвёртага - горбiлася поле. Неба над светам было высокае, цiхае, веснавое.
Бушмар правёў рукою па твары, як бы знiмаючы з яго штосьцi чужое i непрыемнае. Вочы яго ператварылiся ў агнiстыя стрэлкi. Ён зняў шапку, расшпiлiў жакетку. Здавалася, што ён хоча гэта пазбавiцца ўсяго лiшняга, каб як мага глыбей чуць вялiкую музыку лясной адзiноты.
Бушмар стаяў. I от твар яго выцягнуўся, губы сцiснулiся. Ноздры раздзьмулiся i заварушылiся. Так звер чуе магутны пах лесу, зямлi, вады, вясны, адзiноты. Так жа звер чуе пах i цёплай крывi. Вочы прыжмурылiся, бровы пацягнулi за сабою ўнiз лоб.
Бушмар iшоў назад па прэлых лiсцях. Маладая жанчына, нанятая гаспадыня, упоперак перад iм перайшла двор. Бушмар спусцiў у зямлю вочы i жорстка запытаў:
– Як жа ты нанялася з хаты?
Жанчына адказала не адразу. I то як бы нехаця: