Шрифт:
Вiнцэнты задумённа плюнуў, абцёр рукавом вусы. Твар яго на ветры заружавеў i пагладзеў больш. Здаваўся мокрым. Цераз поле, з кустоў, iшлi людзi. Амiлiн брат уваткнуў ля дарогi тычку, мiгнуў Вiнцэнтаму. Той пайшоў далей ад дарогi, набраўшы з зямлi пад паху гатовых тычак. Мужчыны прыпынiлiся ля дарогi.
З лесу, з-пад Бушмаравай сялiбы, выйшла Амiля. Яна iшла шпарка, заклапочана. Брат памкнуўся быў пайсцi ёй насустрач, але пад цiкаўнымi i хiтрымi позiркамi мужчын застаўся.
Амiля падышла да яго адразу.
– Чаму Бушмар сам не прыйшоў?
– запыталася колькi галасоў разам.
Амiля адказала аднаму толькi брату:
– Не прыйдзе... Мяне прыслаў... што тут хаця робiцца?..
Яна спусцiла рукi i стаяла з сухой заклапочанасцю. Глядзела на ўсю работу.
– Што гэта за чалавек, чаму ён вачэй не пакажа: а пасля смяртэльнай крыўды не абярэшся, - загаманiлi некаторыя мужчыны.
– Каб тут каморнiка не было, можа б, i прыйшоў, - засмяяўся Амiлiн брат.
– Што, невядома, як яму цяжка з начальствам гаварыць?
Амiля бездапаможна глянула на брата. Той падступiў да яе блiжэй.
Мужчыны заварушылiся па полi.
– Думаеш кiдаць служыць?
– запытаў брат цiха, адводзячы сястру ўбок.
Амiля пацiснула плечуком i апусцiла вочы. Скрытнасць цяпер удалася ёй.
– Кiдай! Што гэта не ўгаварыць цябе нiяк! I тады вырвалася з хаты лiха ведае чаго, як бы не можа памеркавацца разам. Гэта ж не вечна будзе цяснота ў хаце, зараз што-небудзь зробiм. Кiдай, годзе табе лiпець за наймiчку. Чаму ты паслухаць мяне не хочаш? Чаго ты баiшся, што ў хаце цесна i хлеба можа не хапiць? Не прападзем! Будзем разам рабiць, разам жыць... Гэтак табе трэба было i адразу iсцi за наймiчку! Што ж не паслухала! Кiдай!.. Чаму ты босая прыйшла, халодны дзень гэтакi? Ранiцою мароз быў.
Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле i пайшла назад.
Брат паглядзеў ёй услед, нахмурыўся.
– Можа, яна крыўдзiцца чаго, - з'явiўся раптам з боку Вiнцэнты.
Амiлiн брат не захацеў з iм гаварыць. Вiнцэнты, як знячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапацiўся вельмi каля тычак.
VII
За лесам насядала на сялiбу вясковае поле, арудаваў там Андрэй - Амiлiн брат, працiўны Бушмару чалавек. Бушмар i нiколi не меў з iм сталай гаворкi (хiба, бывала, трэба было пагаварыць крыху, увайшоўшы ў хату да Амiлi), а цяпер i пагатоў. Ён з-за лесу чуў праз Амiлю, што Андрэй сiберна заеўся на Вiнцэнтага за ўсялякiя там справы, што Вiнцэнты нагаворваў супроць Андрэя людзей, што ў самога Вiнцэнтага ў хаце нелады нейкiя... Амiля кожны дзень пад вечар даведвалася да свайго дзiцяцi, доўга не бавiлася там, у Андрэя, цяпер ужо заўсёды варочалася нанач. Яна ўсё была такою ж самаю цiхаю, прывабна, па-жаноцку пакорлiваю. Вечарам, прыбегшы ад брата, яна знаходзiла Бушмара ў хаце, зазiрала яму ў вочы. Ён цягнуў яе да сябе.
Вясна тады ўбiралася ў сiлу. На полi, на палянах i лесавых выцерабах зазяленьвала ярына.
Навокал Бушмаравай сялiбы з'явiлася новая агарожа. За лесам, тут жа пад бокам у Бушмара, забялелi слупы на другую iншую агарожу. Дарога з лесу, што з Бушмаравай сялiбы падалася ўбок, закруцiлася пад самую рэчку - новы перароблены вясковы палетак адапхнуў яе.
Амiля з Бушмарам часамi, у нядзелю, калi быў час, выходзiла сюды за лес. Яна-то, праўда, iшла не разам з iм, а ззаду, як бы назiркам. Ён выходзiў з хаты адзiн, ён нiкуды не клiкаў яе з сабою, калi iшоў куды так, без работы, але яна даганяла яго, убачыўшы за брамаю. Сыходзiлася з iм ужо ў лесе. Тады гаварыла:
– Можа, мы сёння ўдваiх да Андрэя пойдзем?
Ёй хацелася, каб гэта было, i баялася яна зводзiць iх.
Ён сцiскаў губы, хмурыўся, адказваў не адразу, а ўжо калi яна начакаецца гэтага адказу:
– Ты ж кожны вечар бываеш там.
Яна так ужо i ведае, што ён гэта скажа, але яшчэ не паддаецца:
– Мала што я адна хаджу. Каб з табою калi ўдваiх пайсцi, мне гэтак хочацца... Лявонка...
Яна ведае, што на гэта ён ужо нiчога не скажа. Толькi як бы дзеля таго, каб разглядзець што па дарозе цi ў полi, адвернецца ён i колькi хвiлiн не змiгне з аднаго месца, а там i Андрэеву хату вiдаць на ўзгорку, другая з краю. Разбiты маланкаю клён гнецца пад растрэсенаю страхою, развалены комiн накрыты вялiкаю бляшанаю мiскаю без дна. Там Андрэй, можа, дзе ў нядзелю курыць да вулiцы на бярвеннях з мужчынамi i, можа, зноў нагаворвае людзей на Бушмара.
Нiколi Бушмар не пойдзе туды!
Амiлю цягне туды хоць на момант.
– Я пайду, - гаворыць яна, - калi ты пачакаеш крыху тут, я не забаўлюся. Добра?
Яна глядзiць пакорлiва ў вочы яго. Усё роўна як просiць ласкi якой. Ён жа заўсёды адзiн i той жа - пануры, маўклiвы. Хто яго ведае, якiя думкi варушацца ў яго вiхрастай галаве, пад гэтым навiслым чэрапам.
– Iдзi сабе.
Ах, каб ён не гаварыў гэтага "сабе"!
З прычыны гэтакага тону яна не iдзе. Ён сядзiць дзе-небудзь на пенчуку цi на вывернутым дрэве.
Край лесу, перад iмi поле - цяпер ужо чужое, не яго. Бярозавыя прысады туманяцца за полем, iх ледзьве вiдаць - з гэтага, аднаго толькi боку, поле чыстае ад лесу. Скрыўленая, адсунутая Бушмарава дарога яшчэ мала вызначылася калясьмi. Межавыя палявыя слупы залезлi аж на яе - ледзьве з драбiнамi льга прасунуцца.
Амiля кладзе рукi на Бушмарава плячо:
– Чаму ты гэтакi, Лявон?
– Што?
– гаворыць ён адразу, - што ты сказала?
(Часамi ён гэтак ажыўляецца без прычыны.)