Шрифт:
– Чаго ты на мяне сярдуеш?
– Iдзi туды, - паказвае ён пальцам на вёску.
– Iдзi, адно прыходзь хутка.
Цяпер яна ўжо iдзе адразу, моцна ўздыхнуўшы, але ж i праўда, што не бавiцца там доўга.
Андрэй спатыкае яе жартлiвым смехам:
– Хутарская гаспадыня iдзе. Ну, як гаспадар, не лiшне эксплаатуе цябе?
Яна вымушана смяяцца.
У акне з двара вiдаць дзецi. Ходзяць за сталом па высокай лаве, насамi ледзьве дастаюць вокны. Вочы ў абодвух чорненькiя, як вугельчыкi, аднагодкi - Амiлiн i Андрэеў.
– Iдзiце, сынкi, я вам тварыкi памыю, - гаворыць Амiля, калi ўвойдзе ў хату.
Бярэ iх абодвух на рукi i нясе ў мыцельнiк да вядра з вадою. Хлапчукi ў захапленнi пiшчаць.
– Сыночак, - тулiць яна да сябе свайго малога.
– Можа, табе балiць што?
– Каб балела што, дык плакаў бы, - аскiрзаецца пакрыўджаная Андрэiха. Разам жа з маiм i ядуць i спяць.
– От пасварыцеся нечага, - рагоча на ўсю хату Андрэй.
– Я так гавару, мала што мацi скажа, - апраўдваецца Амiля, - цi гэта што я скажу, дык...
Яна гладзiць па белай галоўцы свайго малога i спяшае назад да Бушмара. Андрэй выходзiць у сенцы. Стоячы ў дзвярах, глядзiць Амiлi ўслед:
– Пабыла б калi больш... Эксплаатуе цябе твой гаспадар.
Ён раптам кiдае жартаваць. Тон яго робiцца сталым:
– Табе i нядзелi няма?
Амiля ўжо выходзiць з двара.
Бушмар усё ж чакае яе. Яна як бы просiць яго:
– Я не бавiлася, праўда?
Яны iдуць назад ужо разам. Калi край лесу губiцца за востраю павароткаю лясной сцежкi, Бушмар тулiць яе да сябе. Яна, у гэты момант шчаслiвая, глядзiць яму ў вочы; уся больш яшчэ прыгажэе, ружавее, жмурыцца, лашчыцца да яго. Падыходзяць да дому, i яна тут зноў успамiнае тое, на што ён раней не адказаў:
– Чаму ты гэтакi... Нейкi...
– Якi?
– Не гаворыш нiколi са мною?
Яна не спускае з яго вачэй, i ён глядзiць доўга ў яе гвар. Жанчына робiць цуд: на Бушмаравым твары з'яўляецца ласкавая мяккасць.
VIII
Вiнцэнты на погляд здаецца цiхi чалавек. Ён ходзiць павольна i стала. У нядзелю заўсёды ўсцягвае на ногi шкарпэткi - шэрыя, у чырвоную палоску ўпоперак - жончына работа - i камашы. Ногi ў яго крывыя - разагнутыя дугi, i паходка - з боку на бок. Святочная ватоўка яго з рудога, чырванаватага старасвецкага бобрыку, цi то ўлетку горача, цi то ўвосень, цi ўвясну здорава - ён у свята заўсёды ў ёй. Колер твару яго дзiўна падобны да колеру гэтай вопраткi.
З Бушмарам ён - так сабе, нi вораг, нi прыяцель.
Трохi дружыў з Лявонавым бацькам, - але як дружыў!
– разам палавiчных пчол разводзiлi, пакуль не заелiся iдзiн на аднаго за мёд, а з маладым Бушмарам Вiнцэнтаму пакуль што не здарылася за што пасварыцца.
I от у нядзелю, калi Бушмар рыхтаваўся снедаць, прыйшоў да яго Вiнцэнты. Ён колькi часу стаяў за Бушмараваю брамаю i разглядаў Бушмараву ярыну.
– А-а-а як жа авёс пайшоў, аж сiнее, - енчыў Вiнцэнты з нейкай пакутнай зайздрасцi.
– Шалее твой авёс, дзянь добры, жэгнай Божа, - сказаў ён, калi пралез цераз парог у хату.
Бушмар бачыў яшчэ яго праз акно за брамаю. I буркнуў быў сабе пад нос:
– Цi не сюды яго няшчасце гонiць.
– Добры дзень, проша на сняданне, - прывiтаў ён госця.
Вiнцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кiйком сваiм, цадзiў па слову гаворку - чакаў, калi Бушмар скончыць снедаць i калi адыдзецца ад стала Амiля.
– Я прыйшоў да цябе, - загаварыў ён пра справу, выводзячы Бушмара на двор.
Бушмар як бы пачуў што трывожнае, маўчаў i нарыхтаваўся слухаць. Ён вёў Вiнцэнтага па двары. Вiнцэнты раптам перайшоў на дробныя ўсмешкi i нават сказаў жарт:
– Я хачу ў падсуседзi да цябе.
Бушмар трацiў цярплiвасць - ён сам нiколi не жартаваў i да людскiх жартаў не прывык. Вiнцэнты ж адразу пасталеў, гэтак як напусцiў бы на сябе жартаўлiвасць:
– Ты ж чуў пэўна?
– Што?.. Нiчога я не чуў.
Бушмар як мае быць ужо ўстрывожыўся. Вiнцэнты больш не мучыў яго сваiмi жартамi:
– Падсуседзi - не падсуседзi, а хаўрус з табою хачу зрабiць. Уцячы ў лес да цябе хачу. Хлопцы мае самi прыслалi мяне да цябе... Дарогу тваю адапхнулi? Палетак паўз лес адрэзалi? На гэты бок лесу залазяць? Андрэй арудуе? I арудаваць будзе, бо ён на цябе вока не мае. Ён пытаў (сам я чуў) у Амiлi нядаўна - цi запiсана яна ў гэтым рабачкоме...
Вiнцэнты раптам спынiў гаворку i палажыў рукi на полы вопраткi. Расцягнулася нiжняя губа, стала тоненькаю, i мяшкi пад вачыма пачырванелi. Ён трошкi прысеў, трошкi нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасля захiхiкаў:
– Хi-хi-хi, хi-хi-i-i...
Бушмар зусiм здзiвiўся, аж злосць папаўзла па твары яго.
– Хi-хi, гэта такi недурны нехта выдумаў, iмя яму даў - рабачок... падточвае гаспадароў... цi запiсалася ты, кажа, у рабачок... Хi-хi-i-i.
Зноў ён раптам зрабiўся сталым, пасля гэтай штучнай весялосцi: