Шрифт:
Яна моцна заплакала. Нагнулася i скiнула шпарка рукi.
Бушмар стаяў пасярод хаты, прыжмурыўшы вочы. Ён бачыў Амiлю ранейшую, калi яшчэ насiў яе на руках снежнымi палянамi з лесу. Чуў яе каля сябе там, на паваленым дрэве ў снегавыя ночы. Чуў i смех яе паручнiку. Чуў яе i ў раннюю вясну, у той вечар, калi, не памятаючы нiчога, хапiў за брамаю на рукi i мчаў у хату. I ўсе тыя наступныя днi i тыднi, нават, можа, месяцы... Калi ён ужо не пускаць пачаў яе да Андрэя, да гэтага ненавiднага брата яе, гэтага ворага, злыдня...
От ужо ён бачыць Андрэеў твар - гэты насмешлiвы твар!
Андрэй усё зробiць, усюды дападзе. Ён i праўда, што гатоў сагнаць з месца сялiбу, гэтак, як дарогу адапхнуў, як за лесам адрэзаў самую лепшую дзялянку. Усе слухаюць яго, не паможа i Вiнцэнтага хiтрасць. Усё будзе на восень, як казаў Вiнцэнты. Андрэй арудуе, Андрэй стараецца, Андрэй - Амiлiн брат.
– А калi багацце я сваё страчу?!
– смальнуў Бушмар.
– Дык як тагды будзе з жонкаю, з дзецьмi i з сваiмi, i з паручнiкавымi...
Ён паварушыў барадою.
– Непаручнiкаў!
– крыкнула яна.
– Не, не, гэта я так сабе!
– падступiў ён да яе на крок, збянтэжыўшыся ад яе крыку.
– Дык чаго ж ты.
Яна заплакала мацней, плечы яе затраслiся, галава звесiлася на рукi. Скрозь пальцы капалi слёзы.
Бушмар прыгледзеўся. Ён як бы нiколi не бачыў чалавечых слёз, гэтакiх горных. Цераз твар яго прабегла дзiўная рыса.
– Дзiва? Нецярплiвасць? Новае разуменне рэчаў?
– Сцiхнi, - сказаў ён ласкавей.
– Лявонка, што мне рабiць?
– ледзьве выгаварыла яна за слязьмi.
Амiля сiлком пасадзiла яго каля сябе. Выплаквала свае слёзы доўга на плячы яго. I гэта зрабiла з Бушмарам цуд. Ён пачаў сцiшаць яе, заспакойваць, прытульваў да сябе твар. I ўсё стараўся скрывiць губы ў цiхую ўсмешку.
Пад поўнач яна старалася забыцца на тое, што было вечарам, i ўсё не магла. Яна была адна ўжо ў хаце. Бушмар быў сказаў:
– Мне галава балiць вельмi, пайду лягу на салому ў пуню, там вальней.
– Iдзi, - абняла яна яго.
Забыла патушыць лямпу i лягла. Заснуць не магла. Успомнiла вячэрнюю гаворку з Бушмарам i зноў затраслася ад слёз.
Х
Бушмар паволi спусцiўся з ганка ў чорную ноч. Чула драмала зямля, вялiкая цiшыня вартавала Бушмараву сялiбу. У маўчаннi начаваў лес, маўчалi ж пад туманамi i паплавы.
Бушмар павалокся аж да брамы, дзе мацней пахла па загоне канюшына, дзе лясная вiльгаць чулася мацней. Бушмар там не стаяў доўга. Ён як бы шукаў чаго - з непакоем нейкiм пайшоў назад i зноў вярнуўся, пасля падаўся да старой пунi, пралез у прычыненыя дзверы, лёг на салому. Так ён ляжаў доўга, шырока расплюшчанымi вачыма глядзеў у цемень, штосьцi тупа ныла пад сэрцам. Было гэта новым. Толькi засмактала было гэтак калiсьцi ў грудзях, як выбраўся быў у салдаты i пакiнуў за сабою сялiбны лес. Ён паспрабаваў самохаць кашляць, заплюшчваць вочы... Нарэшце нi то дрымота, нi то тупое бяздум'е апанавалi iм.
Бушмар уздрыгануўся i прысеў, цяпер збiраў думкi свае, пачынаў думаць. Далёка было тут да разважлiвасцi, але думкi хутка прагналi жах нядаўняй дрымоты.
Нiзка навiсла цемень, здаецца, ён бачыў над сабою яе - цвёрдую, моцную, непераможную. У ёй жыў увесь свет, усё там дзейнiчала i душыла яго. Ён устаў на ногi. У думках з'явiўся Вiнцэнты з сваiмi прароцтвамi. Цяпер ужо трывога i крыўда адганялi ад чалавека ўсё iншае, праходзiў жах, трывога ўсё павялiчвалася. Ён зноў лёг, штучна пакашляў i моцна ўголас уздыхнуў.
– Лявон, - пачуў ён голас з двара.
I магло б стаць яму самому дзiўна, каб адно ён мог раздумаць пра гэта: ён самымi пачаткамi адчуванняў сваiх узрадаваўся гэтаму голасу. У той жа момант, як у гарачыню пiць, прагнуць ён стаў гэтага слова, каб хоць раз яшчэ яна гэтак сказала.
– Ты на двары?
– абазваўся ён.
Амiля прыйшла на яго голас.
– Мне страшна адной... Ты мяне пакiнуў там адну... Ты мяне знявiдзеў, я табе непатрэбна больш, я ведаю, я ведаю... праўда, Лявон? Скажы, цi праўда? Скажы... скажы...
– Хадзi сюды, - падаў ён голас.
– Скажы, якая я для цябе?
– Сядзь.
Ён пачуў, што яна плача, што яна не асмельваецца ўжо сесцi блiзка да яго. Ён прагнуў яе ранейшага, нядаўняга слова, дзе не было нi папроку, нi слёз, а толькi пакорлiвасць - гатовай да ўсяго дзеля яго жанчыны. Абое маўчалi доўга.
– Лявон...
Цяпер ён працягнуў руку, падцягнуў яе да сябе.
– Скажы.
Як у бяспамяцтве, ён прыцiснуў да сябе яе галаву. Яна плакала ўжо цiхiмi, бяздумнымi слязьмi, выпрошвала ў яго слова: