Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Сябры бюро пагадзіліся на вымове. Шыковіч не аспрэчваў, не апраўдваўся — абы хутчэй. Нават не запытаў, якая вымова — без занясення ці з занясеннем ва ўліковую картку. (Пасля даведаўся — не запісана.)

Калі паднялі Левановіча, Кірыла спытаў:

— Мне можна ісці?

— Чаму? Паслухайце другіх. Вам будзе карысна. І цікава, — сказаў Тужыкаў.

А Тарасаў, які больш пільна назіраў за ім, нечакана дазволіў:

— Ідзі.

13

Бадай што ён не толькі «не разрадзіўся» ў той дзень, як яму здавалася, зморанаму фізічна і душэўна, а, наадварот — «зарадзіўся».

Шыковіч адчуў гэта на другі дзень. У той вечар ён моцна выпіў. Гэтая слабасць была агідная. Усё астатняе на адлегласці ў адны суткі ўяўлялася зусім інакшым. Ён адразу ж падумаў пра Зосю. Ці жывая? Пазваніў у бальніцу (начаваў у горадзе). Яраш да тэлефона не падышоў: ён не выходзіў з палаты.

Кірыла прарваўся ў аддзяленне, яго ведалі па ўчарашнім здарэнні і далі халат. Нясмела адчыніў дзверы. У маленькай пасляаперацыйнай палаце яна ляжала адна. І амаль так жа, як у часе аперацыі, да яе былі падключаны датчыкі прыбораў. Дзяжурылі лекары і сёстры. Трымалі на кіслародзе. Шыковіч не адважыўся пераступіць парог палаты, дзе ішла нябачная барацьба жыцця і смерці.

Яраш выйшаў у калідор. Магчыма, толькі пухліны пад вачамі выдавалі, што ён не спаў. А больш — ніякіх прыкмет стомленасці. Нават пагаліўся, як заўсёды раніцой.

— Што? — нецярпліва спытаў Шыковіч, сціснуўшы яго рукі каля локцяў, паверх халата, і зазіраючы знізу ў вочы.

— Ты думаў, аперацыяй усё канчаецца? Аперацыя толькі пачатак барацьбы… Былі крытычныя хвіліны. Але, здаецца, мы перамаглі…

— Дай я абдыму цябе.

Яраш баязліва адступіў.

— Мне — не да тваіх жартаў.

— Ну, чорт з табой.

— Дзякую. Ты што замочваў учора?

— А што табе! Прэсны мараліст!

Павярнуўся і пайшоў па доўгім калідоры. Можна было падумаць, што яны пасварыліся. Але Яраш глядзеў услед сябру з добрай усмешкай, як часам глядзіць дарослы, шчыры і душэўна багаты чалавек на капрыз здольнага падлетка. Крыкнуў:

— Перадай маім, што і сёння я не прыеду.

Шыковіч павярнуўся, адсалютаваў рукой. Гэтая кароткая, крыху дзіўная сустрэча з сябрам, як кажуць, «паставіла Шыковіча на рэйкі». А ўсё тое, што ён убачыў і перажыў учора, сапраўды надало энергіі, імпэту.

І Кірыла зноў кінуўся на пошукі.

…Тыдні два назад ён заходзіў у КДБ. Падпалкоўнік Вагін, высокі брунет, на выгляд зусім малады («Відаць, толькі з камсамола», — падумаў Шыковіч), прыняў ветліва. Здаецца, нават узрадаваўся знаёмству з пісьменнікам. Адразу пачаў гаворку пра літаратуру, паказваючы сваю начытанасць. Паведаміў сціпла, быццам між іншым, што сустракаўся з Шолахавым. Шыковіч у думках адзначыў, што амаль усе афіцэры, з якімі яму прыходзілася страчацца, хваліліся сваім знаёмствам з выдатным пісьменнікам.

Выслухаўшы просьбу Шыковіча — пашукаць у спецархівах матэрыялы аб дзейнасці патрыётаў і здраднікаў у іх горадзе ў час акупацыі, — Вагін шчыра загарэўся. Расказ пра падполле, пра першы гарком, групы Мельніка і Дубецкага, пра Вараву, Ганчарова, цётку Любу, Яраша і, нарэшце, пра Савіча ён выслухаў з вялікай цікавасцю. Чалавек новы ў горадзе, малады і цікаўны не толькі па абавязку службы, але і па прыродзе сваёй, ён, як губка, убіраў усё, што ўзбагачала яго веданнем людзей і абставін. А справа Савіча — здалося Шыковічу — проста-такі захапіла кіраўніка абласной дзяржбяспекі. Ён тут жа выклікаў капітана, бадай разы ў два старэйшага за сябе, пасівелага і ссутуленага.

Шыковіч, які стараўся запомніць усе дэталі паводзін работнікаў, пільна прасачыў, як капітан увайшоў. Не выцягваўся, не дакладваў. Аднак па-вайсковаму спыніўся каля парога, сказаў:

— Слухаюся, Андрэй Астахавіч.

— Сядайце, Анатоль Барысавіч, — запрасіў падпалкоўнік і, калі той наблізіўся да стала, спытаў: — Знаёмы?

Капітан кіўнуў Шыковічу галавой, але рукі не працягнуў. Сеў у крэсла насупраць, нязграбна неяк сеў, яшчэ больш згорбіўся і разглядваў свае вялікія мазолістыя, як у дрывасека, далоні, сашчапіўшы пальцы.

«Чаму ў яго такія рукі?» — падумаў Шыковіч.

Вагін сам пачаў выкладаць сутнасць просьбы нечаканага наведвальніка. Кірыла здзівіўся, што падпалкоўнік адразу запомніў прозвішчы людзей.

«Зайздросная памяць».

Капітан, здавалася, не слухаў — думаў пра нешта сваё, абыякавы да ўсяго на свеце. Разы два падняў вочы, але былі яны халодныя — ніводнай іскры цікаўнасці. Шыковіч ведаў гэтага чалавека, хоць знаёмы не быў. Нехта некалі яму сказаў, што гэты сівы капітан працаваў у іх горадзе яшчэ ў трыццаць сёмым годзе. І Кірыла адчуў цяпер непрыязнасць да яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: