Шрифт:
Заказаў Менск. Далі хутка, хвілін праз дзесяць. Адказала дачка.
— Ала?! Здарова была. Як вы там? Добра? Ведаеш што… Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у цягнік — і да нас пад Новы год. Што? У Вовіка панос? — Зразумеўшы, што дачка не прыедзе, што ёй даражэй за ўсё на свеце гэты лабасты Вовік, Сямён Парфёнавіч узлаваўся: — Панос, панос… — і гаркнуў на ўвесь кабінет: — У мяне таксама панос! — і сярдзіта кінуў слухаўку.
Размова з дачкой як бы даканала Сямёна Парфёнавіча. Ён пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот.
Увайшоў Кушнер.
Гукан не любіў свайго намесніка, але ў гэты раз узрадаваўся, што ён прыйшоў: хоць з кім-небудзь пагаварыць, забыцца на ўсё. Можна нават заняцца справамі — апошняй справай года, які мінае.
— З наступаючым, Сямён Парфёнавіч.
— Цябе таксама, Іван Фёдаравіч.
Кушнер сваёй адзінай левай рукой моцна, да болю, сціснуў правую руку старшыні, зблізку зазірнуўшы ў твар.
— Нешта ў цябе, Сямён Парфёнавіч, несвяточны выгляд.
Гукан паскардзіўся:
— Сэрца зноў. Бачыш, валідол смакчу.
— Але, інваліды мы з табой.
— Ну, ты яшчэ інвалід баявы. А я, брат, усё. — І даверліва прызнаўся: — Хачу прасіцца на пенсію.
— Ды што вы! — шчыра здзівіўся Кушнер.
— Як думаеш, персанальную дадуць?
— Безумоўна. Каму ж тады даваць.
— Ты ведаеш усе мае заслугі?
— А хто іх не ведае! Ты сам іх распісаў…
Гукана ўсяго перасмыкнула.
— Здзекуешся? — пабялелымі дрыжачымі вуснамі прашаптаў ён.
Кушнер сумеўся:
— Сямён Парфёнавіч! Далібог, нічога дрэннага не падумаў. Меў на ўвазе тваю кнігу. А выйшла бог ведае што… Дурны ў мяне язык! Вы ж ведаеце. Прабачце.
Гукан супакоена падумаў:
«Гэты яшчэ не ведае, — але тут жа падумаў пра другое: — А даведаецца, злараднічаць не будзе. Проста скажа, як і той: „Не хачу падаць табе рукі“. І ён адчуў нечаканы прыліў нянавісці да іх — да Тарасава, да Шыковіча, да Кушнера, да Яраша, да гэтага маладога архітэктара — за тое, што яны такія, у нечым галоўным не такія, як ён».
35
Пасля сустрэчы ў кіно Славік пачаў дзейнічаць даволі рашуча. Спачатку званіў у бальніцу. Маша або не падыходзіла да тэлефона, або падыходзіла і ў адказ на яго прапановы сустрэцца смяялася.
Тады ён вырашыў схадзіць да яе на новую кватэру. Двойчы падыходзіў да дома, падоўгу блукаў вакол. Але ўвайсці — не хапала рашучасці. Каб Маша жыла адна. А то з ёй — нейкая Зося Савіч, пра якую бацька напісаў у газеце як пра гераіню падполля, значыцца, не маладая ўжо. Столькі часу ён выпрацоўваў у сабе незалежнасць, бессаромнасць, абвяшчаў вайну ўсім умоўнасцям, якія ўстанавілі людзі, а прыйшло да паверкі, і ён, выходзіць, як усе, як вучань восьмага класа, які ўпершыню прыйшоў на спатканне. Смешна! Ён здзекаваўся з сябе, каб раззлавацца і, сапраўды плюнуўшы на ўсе ўмоўнасці, пайсці ў гэты дом і сказаць пры ўсіх, што ён кахае гэтае рыжае дзіва. Але нічога не выходзіла. Рашучасці хапала да дзвярэй…
Нарэшце ў трэці раз ён з ходу ўскочыў на другі паверх, з ходу націснуў на званок. Адчынілі адразу, быццам чакалі каля дзвярэй. Адчыніла Зося. Агледзела яго, стыльна апранутага, трохі падазрона.
Ён спытаў:
— Маша дома?
Тады яна, відаць, здагадаўшыся, прыветліва ўсміхнулася:
— Няма. Ды вы заходзьце, калі ласка. Пачакайце, я думаю, яна хутка вернецца.
Але яго чамусьці збянтэжыла гэтая маленькая жанчына ў халаце, яе ўсмешка, яе цікаўнасць, з якой яна разглядала яго. І Славік не здолеў адразу ж пераступіць парог. А ў наступны момант адбылося недарэчнае. Яна спытала:
— Вы — сын Кірылы Васільевіча?
— Не. Не ведаю я ні Кірыла, ні Мяфодзія.
— О, тады і я вас не ведаю. І не магу пусціць у кватэру, — сказала яна без усмешкі, самым сур'ёзным чынам, і зачыніла дзверы.
Славік застаўся на пляцоўцы адзін, як дурань, якога прагналі з вяселля. Ён гатовы быў адкусіць свой балбатлівы язык. Які д'ябал штурхнуў яго адмовіцца, што ён сын Кірылы Васільевіча? Чаму? Прыйшлося зноў збегчы ўніз і зноў блукаць каля дома. Але Маша, якая павінна была «хутка прыйсці», як на злосць, не з'яўлялася. А ён, Славік, быў не вельмі цярплівы. Звык, каб жаданні яго здзяйсняліся неадкладна.
Зноў званкі ў бальніцу. Зноў смех у адказ. «Славік! Не дуры галаву!» — «Я памру». — «Абяцаю быць на тваім пахаванні».
У наступную суботу яму амаль пашанцавала. Ён убачыў Машу на катку. Не адну, з Тарасам. Шчаслівы сапернік вучыў яе катацца. Яна толькі-толькі навучылася стаяць на каньках і, як дзіця, рабіла першыя крокі. Ён, Славік, прыйшоў без канькоў — заглянуў проста так, ад суму. Вось выпадак! Што рабіць? Бегчы дадому па канькі? Але пакуль туды ды назад… Убачыў аднаго са сваіх школьных сяброў — да яго: