Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Дай канькі!

Той паказаў кукіш:

— Свае май.

Славік схапіў яго загрудкі:

— Дай канькі, а то выб'ю душу!

— Ты што, звар'яцеў? Міліцыянера паклічу.

— Дай канькі. Можаш ты зразумець, янычар? Трэба адной марсіянцы сказаць два словы.

— То так бы адразу і казаў, — здаўся сябра, зацікаўлены, хто ж яна, гэтая «марсіянка»?

Бацінкі аказаліся малыя. Славік усё-такі нацягнуў іх. Ціснулі да вострага болю. Напляваць. Каб там былі набіты нават цвікі, ён усё адно не адступіў бы. Кінуў на снежны бар'ер паліто, шапку, не клапоцячыся, хто будзе вартаваць іх. Чорт з ім, з паліто! Маці купіць новае! Як вецер, вырваўся на ледзяное поле. Спрытна лавіруючы, пайшоў супраць плыні канькабежцаў, каб хутчэй дабрацца да чырвонай шапкі і блакітнага світэра, з якіх ён не спускаў вачэй, пакуль надзяваў канькі. Падляцеў ззаду, схапіў Машу за руку. Яна войкнула, але, убачыўшы, што гэта Славік, засмяялася.

— Вітаю вялікіх спартсменаў эпохі! Хочаш, за паўгадзіны я зраблю з цябе рэкардсменку?

— А ці не замнога самаўпэўненасці? — Расчырванелая, яна ўся свяцілася, ззяла, сыпала з вачэй такія ж вясёлыя іскры, як блёсткі на снезе ад святла ліхтароў.

Тарас, пэўна, не надта ўзрадаваны, што з'явіўся гэты шалапут, сказаў, аднак, з клопатам:

— Што ты так лёгка? Прастудзішся.

— Брыгадзір! Ты дрэнна ведаеш свае кадры!

Маша зазвінела смехам.

Падтрыманая за абедзве рукі двума даволі спрактыкаванымі канькабежцамі, яна пайшла больш упэўнена, хутка, смела.

Шоргат соцень канькоў, галасы і смех, дзесяціградусны мароз, ззянне інею, іскрыстае святло ліхтароў, пах елкі — елка ўжо стаяла пасярод катка, але не была яшчэ ўпрыгожана і асветлена, — усё гэта п'яніла, напаўняла ўзнёслымі жаданнямі, весялосцю.

— Місіс марсіянка! Корпус наперад! Вось так. Глядзі на мае ногі! Не глядзі на яго! Ён жа ходзіць, як лось на лёдзе. — Пад нібыта бяскрыўднымі жартамі хаваўся намер, можа, нават і несвядомы, асмяяць, прынізіць свайго саперніка. — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так.

Славік паспрабаваў абняць дзяўчыну за талію, але яна адхілілася і вырвала сваю руку. Славік ламаў галаву, якім чынам адшыць Тараса і хоць на кароткі час застацца з ёй з вока на вока. Тады ў гэтым карагодзе ён, напэўна, здолеў бы сказаць ёй пра свае пачуцці. А сказаць трэба сур'ёзна і горача, каб яна паверыла, каб зноў не палічыла гэта за легкадумны жарт, на яго звычайную безадказную балбатню. Недарэчна ўсё выходзіць! Можа, упершыню ў жыцці яму захацелася пагаварыць з дзяўчынай з усёй сур'ёзнасцю, і няма як. Магчыма, што ўрэшце ён усё-такі нешта прыдумаў бы. Але калі ўжо не шанцуе, то не шанцуе да канца. Усё складвалася так, каб перашкаджаць яму. Немаведама адкуль з'явіўся Яраш з усім сваім вывадкам — з Наташай, Віцем. Яны адразу падхапілі Машу. Побач з імі пайшоў і Тарас. Уся сям'я сабралася! І ён, Славік, аказаўся як бы лішні. Колькі хвілін ён круціўся вакол гэтага сямейнага ансамбля, выпісваючы самыя адмысловыя фігуры. Яму хацелася паказаць свой спрыт, уменне. Але раптам сам Антон Кузьміч вырваўся наперад і зрабіў два-тры такія віражы вакол Славіка, што хлопец, пры ўсёй сваёй несамакрытычнасці, зразумеў: здзівіць свет яму няма чым. А тут яшчэ падляцеў дурань сябра з яго, Славікавым, паліто і шапкай і закрычаў, парасё, на ўвесь каток:

— Аддай мае канькі!

Размовы не адбылося. І ўвесь наступны тыдзень Славік быў заняты тым, што пісаў Машы пісьмы. Увогуле ён не любіў пісаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланні. Пісьмы не падабаліся яму: яны былі сентыментальныя, як Ірынін дзённік. А ён ненавідзеў залішнюю чуллівасць. Хацелася сказаць пра сваё каханне проста, але гэтак шчыра, каб яна адразу паверыла. Цяпер ён добра разумеў, што толькі вера ў сур'ёзнасць яго прызнання можа нарадзіць у Машы гэтакія ж пачуцці. Толькі такім чынам можна перамагчы саперніка, а не дуэллю, бойкай, сваркай, знявагай, крыўляннем ці якім іншым глупствам. Але такія шчырыя пісьмы не выходзілі. Выявілася, што напісаць так, каб табе паверылі, гэта зусім нялёгка.

* * *

Сакратар камітэта Валодзя Клецень перабіраў у шуфлядзе стала паперы і доўга не пачынаў гаворкі. Тарас зразумеў, што размова мае быць далікатная і Валодзя, хлопец добры і мяккі, хоча, каб пачала яе Вера Куцькіна, лабарантка, сябра камітэта. Гэтая нязграбная, высокая, у чорных акулярах дзяўчына сядзела каля стала і вельмі ўважліва чытала нейкую чарговую доўгую пастанову вышэйшага камсамольскага органа.

Вера ў камітэце — спецыяліст па маральна-бытавых пытаннях. Усе на заводзе ведалі яе гнеўную непрымірымасць да ўсялякіх амаральных учынкаў. Тарас таксама цаніў яе прынцыповасць: нікому не змоўчыць, калі трэба, — ні дырэктару, ні парторгу. Таму ўсе пакрыўджаныя, асабліва дзяўчаты, ішлі да яе. Але што датычыць яе высокіх маральных прынцыпаў, то Тарасу здавалася, што Куцькіна не заўсёды бывае шчырая, што гнеў яе да парушальнікаў гэтых прынцыпаў — не ад глыбокага пераканання, душэўнай чысціні і дабраты, а хутчэй — ад злосці на людзей за тое, што самую яе прырода пакрыўдзіла. Таму Тарас трохі недалюбліваў гэтую дзяўчыну. Не падабалася яму, што яна залішне ўважліва прыглядаецца да яго брыгады, быццам паставіла сабе за мэту: абавязкова знайсці крамолу. Генрых сказаў ёй аднойчы:

— Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калі ласка, што мы не ангелы, мы — людзі. Маладыя хлопцы.

Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькіна праявіць ініцыятыву. Сказаў:

— Давай, Вера, ты… выкладвай…

Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, бліснула акулярамі, крутнула галавой.

— Ох, ліберал! — І павярнулася да Тараса: — Даклад кароткі. Я патрабую, каб гэтага твайго піжона Шыковіча выцягнулі на камітэт.

— Завошта?

— Ён пакрыўдзіў дзяўчыну Ніну Байкач.

— Як пакрыўдзіў?

Вера сурова глянула на брыгадзіра з-пад акуляраў.

— Не прыкідвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзіць такі.

Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калі гаварылі пра такія рэчы маладыя людзі, ды яшчэ дзяўчаты.

— Яна паскардзілася табе?

— Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нікому нічога не расказвае. Але сяброўкі чуюць, як яна начамі раве ў падушку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 144
  • 145
  • 146
  • 147
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • 153
  • 154
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: