Шрифт:
— Чакай, — спыніў Тарас Ходаса, які пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, і спакойна спытаў у Славіка: — Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нінкай. Дзяўчына плача начамі…
«Значыцца, не скардзілася, а толькі плача, — узрадаваўся Славік. — Тады — адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!» Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны — наступленне. І закрычаў:
— Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. І я табе адказаў. І табе адказаў! — тыркнуў Славік пальцам у Генрыха. — Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самі… Лезеце ў душу, дзе трэба і не трэба…
— Не, дзе трэба! Дзе не трэба — не лезем, — адказаў Тарас і папрасіў ветліва: — Не гарачыся, калі ласка.
А Генрых з узнятай кнігай ступіў да Славіка і сказаў са сваёй звычайнай разважлівасцю:
— Па маралі мяшчанскай мы, відаць, сапраўды не маем права лезці ў душу, як ты кажаш, калі справа датычыць тваіх адносін з дзяўчынай. А па маралі нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! — павярнуўся «прафесар» да Косці і… сунуў яму ў рукі кнігу, невядома навошта.
— А ён плюе на нашу мараль! — ніяк не мог супакоіцца Ходас. — У яго свая, брадвейская… Выхоўваем… Даўно пара гнаць!
— А я веру Славіку! Хіба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў?
Славік хмыкнуў:
— Ты наіўны, Косця. Хіба не бачыш, што камусьці хочацца мяне выжыць? — Ён нахіліўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблізку яму ў твар, у вочы, аскаліўся, як ваўчаня. — Што? Знайшоў прычыну, брыгадзір? Хочаш адпомсціць? Дык ведай. Я люблю Машу!
Усе адразу сціхлі. Тарас апусціў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налілася крывёю.
«Я так і ведаў», — падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славіка і сказаў спакойна і цвёрда:
— І я люблю Машу. Але помсціць табе… — ён паківаў галавой, — няма за што. І не думай, што нам прыемна разбіраць такія справы. Вырашым так… — Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. — Вырашым так… Калі ты сумленны перад Нінай, перад намі, — прыходзь заўтра ў брыгаду і — працуй. Мы слова больш не скажам. У камітэце я ўладжу. Калі ж ты зрабіў подласць і не маеш мужнасці прызнацца, — не прыходзь. — Ён вымавіў гэтае «не прыходзь» амаль шэптам, але выразна і цвёрда. — Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганім з ганьбай!
36
Славік не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў — пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калі маці раніцой пачала будзіць яго, сказаў, што ў яго выхадны.
Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нікога бачыць, нікому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго і ўсе адразу здагадаюцца.
Падняўся — і адразу схапіўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясціў, што чытаў яе дзённік.
— Сентыментальная лухта.
Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала:
— Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго!
— Але ж ён цябе, дурніцу, не любіць.
— Ну і няхай. І няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынік няшчасны, не палюбіш ніколі. І мне хораша!.. І ты не чапай!.. Не лезь сваімі бруднымі лапамі! — Ёй было так «хораша», што слёзы паліліся ў яе з вачэй.
Славіку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца… З каго? І з чаго? Сам такі.
Ніколі ён яшчэ не прасіў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасіў:
— Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Даруй.
Гэта да слёз кранула Валянціну Андрэеўну. Прызнанне дачкі, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына — як усё гэта адгукнулася ў мацярынскім сэрцы! Адначасна — і болем і радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмі.
Прыкмеціўшы, як за апошні час Славік пасталеў, пасур'ёзнеў, Валянціна Андрэеўна радавалася і сачыла, каб хто незнарок не абразіў яго напамінкам пра мінулае ці яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабіць душэўную траўму.
Жадаючы замацаваць мір паміж дзецьмі, улагодзіць, яна дала кожнаму з іх прыемнае даручэнне.
— Я не веру, што бацька прывязе елку з лясніцтва. Ён тыдзень абяцае і не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснікі і міліцыя затрымліваюць усіх елачных браканьераў. Славік, разбіся, а знайдзі добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабіце прыемнае мне, калі не хочаце рабіць сабе. Іра, сходзіш у краму, купіш цацкі. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госці.
Славік узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нічога. Яго ж не выгналі з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калі не пайшоў сёння?