Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

«Няўжо яны супраць, каб Славік быў у брыгадзе?»

Больш, чым пры любой другой акалічнасці дагэтуль, спалохаўся за сына. І разгубіўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькі жорстка і несправядліва… Зноў — каторы раз ужо! — уявілася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкіх, пераканаўчых, каб абараніць сына, не было. Кірыла пакутліва шукаў іх.

Яму сказалі раз і другі: «Сядайце». Кірыла дайшоў да сэнсу слова толькі тады, калі перад ім падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы і не паніжаючы голасу, націскі рабіў стукам алоўка аб стол, паўзамі. Атрымлівалася важка, пераканаўча, салідна.

Шыковіч, думкі якога насіліся ад аднаго полюса да другога, успомніў, што Кушнер, намеснік старшыні гарвыканкома, камічна перадае Гуканаву манеру выступаць, і не стрымаў усмешкі.

— …Вы думаеце, калі працуеце вы, жонка, дык гэтага даволі? Не, Кірыла Васільевіч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзінкі. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскія паводзіны чалавека… І яны часта з'яўляюцца рашаючымі ў выхаванні дзяцей. Гляньце на сябе! Уважліва гляньце на свае паводзіны! Вы аналізуеце другіх — прааналізуйце сябе. Вы здзіўляецеся, чаму ваш сын вырас такі? А я не здзіўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. І я не супраць таго, што вы купілі машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзіць ваш сын.

— Я забараніў яму.

— Ездзіў. Машына, лішнія грошы, кампанія… Дзяўчаткі, выпіўкі… А ў бацькоў тым часам другія клопаты. Машыны ім мала — трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласніцкія тэндэнцыі.

Шыковіч слухаў надзіва спакойна. Разумеў: Гукан «задае тон». Кірыла ненавідзеў гэты тэрмін — «задаць тон», народжаны ў часы культу. Але ў такой сітуацыі, відаць, інакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамі такіх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, — усё стрывае, абы толькі пакінулі Славіка ў брыгадзе.

Тарасаў таксама не любіў «задавання тону». Ён, кіраўнік новага тыпу, умеў і думаць і вырашаць па-новаму. Але і ён упачатку прыняў выступленне Гукана як зусім натуральнае. Гукан выпраўляе сваю памылку. Яны, сябры бюро, не дамаўляліся аб парадку — як заслухоўваць бацькоў, але відавочна, што пачынаць трэба было не з Шыковіча. Не самы небяспечны выпадак. І не той бацька. Яго разважлівы роздум, трапныя адказы на заўвагі сябраў бюро ў нейкай меры згладзілі вастрыню пытання і навучылі другіх, як абараняцца. Тарасаў, назіральны і праніклівы, бачыў, што нават твар Левановіча пасвятлеў, а непаседлівы, вяртлявы Гамбіцкі стаў менш выціраць лысіну і больш круціцца, шэпчучы нешта суседзям.

— Зазнаўся ты, Кірыла Васільевіч, — нечакана з разважання аб уласніцкіх тэндэнцыях зрабіў вывад Гукан, чамусьці перайшоўшы раптам на фамільярнае «ты». — Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архівах…

«А пры чым тут архівы?» — падумаў Шыковіч.

— Лічыш, што табе ўсё можна, усё дазволена і ўсё даруюць. Не! Дысцыпліна ў партыі адна для ўсіх! Адны нормы. Ленінскія. А як сябе паводзіць камуніст Шыковіч? — Пытанне прагучала сурова, асуджальна, без кроплі фамільярнасці, аловак гучней, чым звычайна, стукнуў па стале. — Машына, дача — адзін бок… А паводзіны ў калектыве?.. Калі камуніст свайго таварыша па рабоце выкідвае з кабінета…

«Паскардзіўся, паскуда», — падумаў Шыковіч пра Рагойшу са злосцю.

— А другому, адказнаму работніку, пагражае, што выкіне праз акно…

«І гэты таксама скардзіўся? Ёлуп! Зусім страціў пачуццё гумару».

— Каментарыі, як кажуць, наўрад ці патрэбны. — І пагрозліва стукнуў алоўкам.

Тарасаў насцярожыўся. Не, у Гукана гэта больш чым «задаць тон».

«Што гэта яны, сааўтары, ганарару не падзялілі, ці што?» — падумаў ён. Аб выпадку з Рагойшам яму расказваў Тужыкаў, і ён згадзіўся з думкай сакратара па прапагандзе: не трэба ўсё валіць у адну кучу; Рагойша вядомы інтрыган, і можна зразумець, што ў Шыковіча пасля такога здарэння з сынам не вытрымалі нервы. Варта ўсё-такі разбірацца ў пачуццях людзей. Не з кожнага факта трэба рабіць палітыку.

— А калі бацька ўсё дазваляе сабе, то чаму сыну адставаць? Не, ён хоча быць наперадзе. У яго размах большы. Кулакоў яму мала, за каўнер схапіць — глупства. Яму атамную бомбу давай…

Шыковіч бачыў, як, схіліўшыся над сталом, паківаў галавой Тужыкаў, крыва ўсміхнуўся, паправіў акуляры. Сцёр далоняй з шырокага твару ўсмешку Тарасаў. Мабыць, Гукан убачыў, што пра бомбу — не ўхваляюць, і загаварыў больш горача і гнеўна:

— Як вы думаеце, таварыш Шыковіч, што вырасце з дзіцяці, якому бацькі ні ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу… Не паступіў у інстытут — куды жадаеш, сынок? На тэлестудыю? Калі ласка. Выгналі адтуль — навошта прымушаць яго падумаць, папакутаваць, пашукаць… З помпай, як героя, — на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камуністычнай працы! Падумайце, таварышы! Ці не выклік гэта?..

Цяпер словы Гукана балюча білі сваёй несправядлівасцю. Ён мог усё гаварыць пра бацькоў. Кірыла, бадай, з усім згадзіўся б: нічога не скажаш, выхоўваць-такі не ўмеем. Але калі Гукан робіць вунь якія вывады з таго, што Славік пайшоў на завод, калі вядзе да таго, каб патрабаваць выгнаць хлопца з брыгады, — з гэтым Кірыла не мог згадзіцца. Зноў хлынуў пот. Стрымліваў і супакойваў Тарасаў; глядзеў добрымі вачамі і нават кіўнуў: трымайся.

— Мы ж добра ведаем, Шыковіч — лепшы сябра хірурга Яраша. А Ганчароў — прыёмны сын Яраша. Добры хлопец, а, на жаль, не вытрымаў такога націску, паддаўся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: