Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Эх, чорт! — абурыўся Грыбок. — І тут блат! Ну, не! Тут яго не будзе! Дарожку закрыем! Такіх сынкоў на вярсту не падпусцім да камуністычных брыгад!

Флегматычны Тужыкаў рэзкім рухам зняў акуляры, махнуў імі, гатовы запярэчыць.

Але яго апярэдзіў Шыковіч.

— А такіх — куды? — усхапіўся ён з месца. — У турму, ці што? Дык няма ў кодэксе…

— Вы чулі, Сяргей Сяргеевіч? — таксама ажно падскочыў Грыбок.

— Чулі! — адказаў яму Тужыкаў. — А праўда — дзе такіх выхоўваць?

— Дзе? — сумеўся Грыбок і асеў, з'ядаючы вачамі першага сакратара.

— Я мушу заявіць, таварышы сябры бюро, — працягваў між тым Шыковіч, — з усёй сур'ёзнасцю і адказнасцю сябра партыі, што абвінавачванне мяне, Яраша, Ганчарова, усяе брыгады ў нейкім блаце… — гэта, мякка кажучы, глупства. Ганчароў і яго хлопцы самі прапанавалі Ўладзіславу пайсці да іх у брыгаду. І я лічу, што яны паступілі правільна. І радуюся, што сын згадзіўся. Значыцца, разумее… Мяне не здзіўляе, Сямён Парфёныч, ваш погляд на такія рэчы. Цяжка глянуць на свет па-новаму. Здзіўляе малады Грыбок.

— Я?

Гукан стаяў, упёршыся алоўкам у стол, і спакойна чакаў, пакуль выказваліся другія. Ніхто, магчыма, не прыкмеціў, як змяніўся ён пры апошніх словах Шыковіча: на шчоках выступілі сінія плямы, а карак наліўся крывёю, дзіўна неяк скрывіліся вусны. Калі ўсе нарэшце сціхлі, Гукан сказаў усё тым жа роўным голасам:

— Прапаную вынесці Шыковічу суровую вымову, — і сеў.

Прапанова з'явілася нечаканасцю для ўсіх — і сябраў бюро, і прысутных. Гамбіцкі быццам прыліп да крэсла, у Левановіча выцягнуўся і без таго доўгі твар. Не менш спалохаліся і другія бацькі: калі Шыковічу вось так, дык што будзе ім?

Ашаломлены Кірыла спытаў шэптам:

— Завошта?

— За няправільнае выхаванне дзяцей, — Гукан стукнуў алоўкам па стале, — раз. За грубыя паводзіны ў калектыве, за парушэнне партыйнай этыкі, — і зноў стукнуў, — два. За прыватнаўласніцкія тэндэнцыі, — не стукнуў. — Між іншым, мне вядома, што дача Шыковіча і Яраша збудавана незаконна. Няправільна, зноў-такі па блату, я не баюся паўтарыць гэтае слова, адведзены ўчастак. Лічу, што гарком павінен высветліць усе акалічнасці.

«Што гэта ён так уз'еўся на Шыковіча? — думаў Тарасаў. — Праўду кажуць: сааўтары — што палюбоўнікі адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца. Трэба будзе разабрацца».

Калі на пасяджэннях узнікалі вось такія складаныя сітуацыі, Тарасаў любіў паназіраць за людзьмі. Хто як рэагуе? Хто каго падтрымлівае? Гэта лёгка чыталася па тварах. Бо здаралася, што чалавек займае ўпачатку адну пазіцыю, а ў канцы — зусім супрацьлеглую, зрэдку бывае і так, што ў думках ён за адно, а на словах — за другое. Такіх Тарасаў не любіў. Маўклівага для прапагандыста, упартага, цяжкаватага па характару Тужыкава ён паважаў за тое, што той заўсёды трымаўся пэўнай думкі. Такога лёгкі вецер не паверне, толькі добрая бура. Мабыць, адчуваючы, што сябры бюро разышліся ў сваіх адносінах да таго, што сказаў Гукан, Тужыкаў шчыра раіў вачамі: «Скажы ты, Сяргей Сяргеевіч». Тарасаў паслухаўся гэтай парады.

— З дачамі мы разбяромся, — сказаў ён да Гукана, потым — да Шыковіча: — Паводзіны вашага сына, таварыш Шыковіч, — ганебныя паводзіны. І мы вас сур'ёзна папярэдзім. Не толькі вас. Увогуле будзем сурова патрабаваць ад камуністаў, каб яны адказвалі за сваіх дзяцей, за выхаванне моладзі. Гэта закон нашага жыцця. Я асабіста ўхваляю, што ваш сын пайшоў на завод. Калі праўда, што хлопцы з брыгады Ганчарова самі яго ўзялі, то хвала ім і чэсць. Думаю, што яны больш шырока разумеюць сваю ролю ўдарнікаў камуністычнай працы. Правільна разумеюць. Не замыкаюцца. Змагаюцца за кожнага чалавека. Як, таварышы прапагандысты? Правільна я разумею, што такое брыгада камуністычнай працы? — Ён глядзеў на Грыбка, і ў светлых вачах яго скакалі іскаркі хітрага смеху.

— Правільна, Сяргей Сяргеевіч! — умомант згадзіўся Грыбок.

«Ну і флюгер!» — ужо без злосці і абурэння падумаў Шыковіч. Разам з усведамленнем, што пагроза быць выгнаным з брыгады ад Славіка адведзена, прыйшла дзіўная фізічная слабасць. Зашумела ў вушах, самлелі ногі, высахла ў роце. Наступіла разрадка пасля нервовага напружання гэтага багатага на ўражанні, цяжкага дня. Ён нават дрэнна чуў, хто яшчэ што гаварыў пра яго і Славіка. Помніў: Гукан настойваў на сваёй прапанове.

«Завошта?» — хацелася спытаць зноў, але Кірыла і гэтага не здолеў зрабіць, толькі са здзіўленнем падумаў: «Што мае да мяне гэты чалавек? Што яму не спадабалася? Я да яго заўсёды з адкрытым сэрцам».

Адкрытае сэрца…

Нутро гарэла ад смагі. Але не хапіла смеласці падняцца і наліць з графіна, што стаяў на сакратарскім стале. Раптам з'явілася боязь самлець — як там, у аперацыйнай. Грыбок цяпер амаль што абараняў яго і абмяжоўваў спагнанне папярэджаннем. Красоўскі падтрымліваў Гукана. Кірыла падумаў: «Цікава, якая сям'я ў сакратара райкома? Дзеці ёсць? Трэба даведацца», — хоць адчуваў, што наўрад ці будзе займацца гэтым. Не хопіць энергіі. Здавалася, што яе ўвогуле ўжо няма, энергіі, што ён разрадзіўся, як акумулятарная банка, — увесь, ад галавы да ног.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: