Вход/Регистрация
Чазенія
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Гляньце, "Навуцілусы", – сказала яна.

– Дзе?

I тут ён заўважыў сам. Некаторыя ракеты не паспявалі згаснуць у паветры. Яны падалі ў ваду і танулі, і гарэлі пад вадой зелена і аранжава, і ўсё цьмяней і цьмяней па меры таго як глыбей і глыбей апускаліся ў бяздонне. I гэта было, сапраўды, як падводны водсвет пражэктараў "Навуцілуса".

Усё памнажаліся і памнажаліся ў паветры дымныя смерчы, спляталіся, перакрыжоўваліся, ператвараліся ў ствалы і шаты дзівосных дрэў, і нібыта ў пераблытаныя сцябліны гіганцкіх, небывалых імхоў накшталт "божанькавых ільноў", і яшчэ ў нешта, чаму і наймення знайсці немагчыма.

А пасля ўсё скончылася. А яны ўсё стаялі і глядзелі, як пад дымнымі велічэзнымі імхамі зноў загарэліся гірлянды на караблях.

Народ разыходзіўся.

– Так вось усё і канчаецца... – сказаў ён.

– Але. А для мяне і горад канчаецца.

– Едзеце некуды?

– Так. За Каўшом стаіць катэр. I вось праз гадзіну...

– Недзе на вёсцы працуеце?

– Бярыце глыбей.

– Экспедыцыя?

– Запаведнік. Апошні год даводзіцца па ўсіх прыморскіх запаведніках ездзіць. Дзеля сваёй працы.

Ён не спытаў, якая яна, тая праца, бо тады давялося б расказаць нейкую дробязь і пра сваю, а ён не любіў рабіць гэта, ды і не дужа мог.

– I дзе ж вы цяпер? Куды пойдзе гэты ваш катэр?

– Цяпер еду ў так званую "Тыгравую Падзь".

– Цікава, хто на каго там паляваць будзе? Вы на тыграў ці яны на вас?

Жанчына засмяялася:

– Тыграў там цяпер няма. Яны ў Суйфунскім. І паляваць на іх нельга, крыважэрны вы чалавек. Тыгры – харошыя. Яны цяпер панічна баяцца людзей, ніколі не нападаюць. Іх вельмі мала. Затое там, дзе яны ёсць, мядзведзяў з агнём не знойдзеш. А мядзведзь у нас – гэта самая шкода і ёсць. Іх многа. Вельмі многа. .

– Хто ж там у вас?

– Дзікія каты, мядзведзі, дзікі.

– Гэта што, назнарок?

– Ах, божа мой, кіньце! Гэта не вельмі ўдала. Ну, яшчэ харза, вялікая гэткая куніца, расамаха, кабарга, гарал, плямісты алень-кветка і шмат яшчэ чаго. Кампанія някепская.

– I далёка гэта?

– Далёка. Морам ісці трэба.

– Паходзім, – сказаў Будрыс.

З "Блакітнага Дуная", што стаяў на тым баку прыбярэжнай шашы, вывалілася трохі падпітая кампанія, замаячылі ў цемры агеньчыкі папярос, даляцелі занадта гучныя словы, смех.

– Трэба ісці, – сказала яна. – Бывайце.

– Я думаю, мне трэба вас правесці. Бачыце, якія веселуны! Пяніцелі акіянаў. Спіны ў мідзіях, увесь кіль вустрыцамі аброс. Пачынаюць плаванне ў "Залатым Рогу", прадзіраюцца праз "Прыбой" і "Лотас" і, урэшце, стаюць на мёртвы якар у "Блакітным Дунаі".

– Ну што ж, буду ўдзячна.

Яны мінулі кампанію – нехта здзіўлена свіснуў – і рушылі ўздоўж балюстрады ўніз.

– Я не баюся, – сказала яна. – Даводзілася бачыць і не такое. Тайга не жартуе. Але тут – гідка проста. Таму і дзякую.

– А я ў іншым сэнсе вас і не зразумеў.

Жанчына хораша ішла. Гэта не быў часты і дробны поступ гараджанкі. Гэта была плаўная і размераная, няспешная, эканомная і вельмі прыгожая хада чалавека, якому падоўгу і памногу даводзіцца хадзіць, які любіць і ўмее хадзіць. Здавалася б, няспешна, але вечарам за спіною семдзесят кіламетраў, і не страчана ані каліва лішняй энергіі, і можна скінуць цяжкі рукзак, і разбіваць лагер, і ежу варыць, і паліва запасіць.

Яму падабаліся такія людзі. Вось ідзе. Постаць ганарлівая, гожая, моцныя ногі цвёрда нясуць ладнае цела.

А твар ён разгледзеў толькі тады, калі яны трапілі ў святло з акон і ад ліхтароў. Дзіўна, ён амаль не памыліўся, уяўляючы, які ён. Але яшчэ больш дзіўна было тое, што знікла зменлівае святло, а чароўнасць і таямнічасць гэтага аблічча засталіся.

Вочы цёмна-сінія, валасы залацістыя. Але чароўнасць гэтага аблічча была не ў тым, не ў нейкай там прыгажосці або нават правільнасці рысаў, а ў той самай зменлівасці – выяўляецца, заўсёднай, – у цякучасці выразу, у тым, што мілая ўсмешка змяняла годную строгасць, а на яе месца прыходзіла амаль дзіцячая ўвага, каб саступіць у сваю чаргу хлапечай дзёрзкасці або дзявочай цёплай пакоры. Часам адзін такі стан нібы забываў, што яму трэба сысці, і заставаўся жыць у вачах або на вуснах у дзівосным, чароўным спалучэнні з наступным і процілеглым.

I яшчэ побач з гэтай зменлівасцю ва ўсёй яе істоце жыла і трыумфавала ў кожным руху, слове і позірку трывалая, жывая, маладая сіла жыцця.

– I не сумуеце?– спытаў ён.

– Пасля салюта на хвіліну стала сумна. А цяпер нават радасна. Паеду. Ужо ідзе на нераст сіма. З сопак відаць караблікі: лаўцы трапанга працуюць. Вось-вось горы стануць пярэстыя, як букеты. Ізюбр закрычыць. Ух, як ён трубіць! Аж страшна! I стронга серабрыцца ў ручаінах.

– Праўда, прыгожа... – сказаў ён, уявіўшы. – Слухайце, а туды ўсіх пускаюць?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: