Вход/Регистрация
Чазенія
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А ён здзівіўся гэтаму даслоўнаму адказу на свае думкі. I нейкая эфемерная блізкасць нарадзілася між ім і гэтай невядомай істотай.

Апошні блік згаснуў на захадзе, і адразу ж у тым месцы ледзь бачнымі іскрачкамі-пясчынкамі затрапятала над залівам слабенькае сузор'е.

– Што гэта там так далёка? – звярнуўся ён да суседкі. – Я яшчэ ўдзень бачыў там белыя кропкі. Домікі?

– Вы з самага дня тут стаіце?– у голасе гучала іронія.

– Вось чалавек, які не спяшаецца...

– А вам што, не здаралася спяшацца, а пасля сесці недзе і гадзінамі сачыць, як усё мяняецца? Вось было святло – стаў цень. Было мора аквамарынавае, пасля колеру прускага блакіту, пасля бутэлечнае.

– Прыгожа, – сказала яна, і ён з прыкрасцю падумаў, як яна можа расцаніць гэты раптоўны паток слоў, незнаёмая.

Сябры яго ведалі. А лепшыя нават здагадваліся, што ў гэтым чалавеку жыве вечная прага адкрыць людзям вочы на тое, што бачыць ён, зрабіць так, каб і яны парадаваліся, бо грэх карыстацца радасцю і прыгажосцю аднаму, а некаторыя людзі самі не могуць убачыць іх. На жаль, гэта прага амаль заўсёды нарывалася на неразуменне. А можа, ён проста не мог адкрыць людзям вочы, перадаць ім, які ён прыўкрасны, той свет, які ўстае перад вачыма Севярына Будрыса? Хацеў і не мог.

– Вы, пэўна, мастак?– у голасе ўсё яшчэ іронія.

– Каб мяне пасадзілі побач з пяцігадовым дзіцем маляваць карову – яно б перамагло.

– Вы так не любіце кароў?

Ён сказаў ужо сухавата:

– Любіць мала. Трэба – умець... Большасць людзей любіць мора. А вось я не бачыў нешта ніводнай карціны ў ніводнага марыніста, каб дасканала перадала ягоны воблік.

I змоўк.

Яна, відаць, зразумела, што ён гаварыў шчыра, не думаючы завязаць знаёмства, і што яна дарэмна пакрыўдзіла чалавека іроніяй. Таму што пасля доўгай паўзы сказала ўжо зусім іншым голасам:

– Іскры – гэта Перавознае. Там невялікі прычал, склады і хаты. Мала. За імі сопкі, збольшага яшчэ не абдзёртыя. Калі пайсці ад яго на поўночны захад – на беразе чамусьці процьма марскіх вожыкаў.

– Яны якія?

– I вы любіце мора?

– Я тут упершыню. А на Чорным неяк не заўважаў.

– А іх мора выкатвае. Толькі іхнія касцячкі. Нешта накшталт круглай каробачкі з адтулінай. Трохі сплюснутая каробачка і нібы сплецена з вельмі белых карункаў.

– Вы часам не мастак? – адпомсціў ён. – А можа, вершы пішаце?

Яна ціха засмяялася: .

– Усяго толькі натураліст.

– У-у... Дык вы мне можа скажаце, што гэта за такое ў тайзе, страшэнна падобнае на жэньшэнь, але не тое, бо яго там, як лапухоў?

– Трохі калючы?

– Але.

– Гэта элеутэракок, калючы брат жэньшэня.

– Шмат ведаеце.

Маленькая паўза.

– Ну, кіньце. Квіты. Прашу прабачэння, – сказаў ён.

– Ніколі не думала, што можа быць такая злапамятнасць...

– Гладкі брат трохі адпомсціў калючай сястры.

Засмяяліся. Вакол сцямнела зусім. Відаць, насоўвалася навальніца. На небе сям-там успыхвалі чырвоныя сполахі зарніц.

– Не маўчыце, – сказаў ён. – Давайце размаўляць, калі звёў лёс. Як вы думаеце, што зараз у той Перавознай?

– Яны не гасяць агнёў. Ім няма патрэбы. Усе зараз выйшлі на прыстань, сядзяць або стаяць. Чакаюць. Нехта на гармоніку грае. Нехта гарбузікі лузае. I вось салют.

– А ён ім – далёка. Як поле кветак. Нізка, ля самай зямлі, – падхапіў ён.

Згаснулі раптоўна гірлянды на караблях. Запанавала поўная цемра, якую раздзіралі толькі ўспышкі зарніц.

– Зараз, – глуха сказала яна.

I тут грымнула. Залпы з караблёў, дым, каметныя хвасты ракет. Чырвоныя, зялёныя, як на ёлцы, агні. Шаленства агню.

Будрыс зірнуў на суседку. I тут цяжка зразумець, што за аблічча. У мімалётным святле ракет яно асабліва, па-жаноцку пяшчотнае, дзень або электрычнасць, вядома ж, сторгне з яго і гэтую пяшчоту, і таямнічасць, і налёт загадкі, з якой глядзяць на мора гэтыя вялікія вочы. Цёмныя? Ды, мабыць, не. Прыгожае аблічча? Невядома. Строгае, але з нейкай унутранай, прыхаванай усмешкай.

I зменлівасць. Ад бягучага святла твар то "месячны", то залаціста-чырванаваты, то зноў туманны ў цемры. Толькі і можна зразумець, што рот цвёрды і прыгожы, нос просты і трохі ўсторгнуты, а вочы вялікія-вялікія, і ў іх жыве цень.

У адказ ракетам успыхвалі зарніцы, і ўсё гэта адбівалася ў моры. Зарніцы палымнелі і ўверсе і ўнізе. Ракеты ўзляталі і ўгору і ўніз, і ў хмары і ў прадонне хлябяў марскіх, у чорную начную ваду.

Агні, магутнае водгулле перуноў, грымоты, якія вывяргалі караблі. Снапы агністых, барвяных, ізумрудных, сонечных каласоў. I гэтыя снапы ўзлятаюць і расцвітаюць зорамі, і зоры марудзяць нейкае імгненне і спадаюць уніз, і рассыпаюцца, рассыпаюцца зорныя вадаспады.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: