Шрифт:
Направа ён бачыў былы Сімеонаўскі Коўш, дзе Паўлаву калісьці пашанцавала на бабулю. Проста пад ім ляжаў абгароджаны флоцкі пляж. У той дзень, калі яны паабедалі, Васіль сказаў яму, каб ішоў сюды і з гадзіну пачакаў, бо яму трэба зрабіць адну справу.
– А чаго не на агульны пляж?
– Народу... – скрывіўся Паўлаў. – Каламуць уздымуць. Вышак няма. Ды і каменні вострыя... Гэта табе не на Чорным.
– А на флоцкім?
– А там масткі. Хочаш – нырай проста з іх.
– Ды не пусцяць.
– Чаго? Дзесяць капеек дай, дый ідзі.
I сапраўды, там было лепей, чым на агульным. I, галоўнае, было бязлюдна. Зрэдку з'яўляліся некалькі дзесяткаў матросаў пад камандай старшыны, трэніраваліся хвілін дваццаць, – і зноў нікога. Добра было скакаць з вышкі, выплываць, адчуваючы рукамі халаднаватую студзіну белых медуз, вылазіць лесвічкай на масткі і доўга ляжаць на гарачых гладкіх дошках, якімі ледзь не да самай кромкі вады быў забраны бераг.
Паўлаў нешта доўга не ішоў. I Севярын хадзіў па пірсе і з яго, а таксама з вышкі, заўважаў на дне марскія зоркі. Ныраў і апускаўся за імі на дно і заўсёды памыляўся у ацэнцы глыбіні: такая празрыстая была зеленаватая вада.
Зоркі былі не мяккія, а нечакана шурпатыя, як карал, і, здавалася, нежывыя. Ён набраў іх многа, расклаў на дошках і ніяк не мог заўважыць іхніх рухаў. Толькі як глянеш пасля перарыву – бачыш, што адна выгнула свой прамень, другая працягнула яго, падабраўшы астатнія. Сіла гэтых бандытаў была ў нападзе на яшчэ больш нерухомых: Будрыс падабраў таксама некалькі пустых ракавін мідзіі, у якіх былі роўныя круглыя дзірачкі. Марская зорка зрабіла гэта. Напаўзла, прыкрыла ракушку, выпусціла з сябе кроплю кіслаты, якая растварыла вапняк створкі, і праз круглую дзірачку выкалупала чарвякападобнымі ножкамі малюска і з'ела яго.
Нібы помсцячы за гэты разбой, ён браў зорак і нажом вычышчаў з ніжняга боку кожнага промня гэтыя ножкі. I толькі калі зрабіў усё, з жалем зразумеў, што дарэмна загубіў зорак, што высушыць іх няма дзе, а несці сырымі – абломіш прамяні.
Ён сядзеў і любаваўся імі. Маленькія, нібы разетка, з амаль нявыражанымі прамянямі, як ордэнская зорка, зеленаватыя з аранжавымі плямамі. Вялізныя, як талерка, каралавага колеру. Зусім пунсовыя і барвяныя. А вось густа-фіялетавыя, бліскучыя. Якое багацце фарбаў, якая дасканаласць! I нават кітаец згадзіўся б, што гэта прыгажосць дзеля прыгажосці, бо гэта ледзь не адзіная істота, якой нельга есці.
Да прыказкі "З тых, што поўзаюць, мы не ямо толькі танк" можна было б дабавіць – "і марскую зорку". Але тады гэта не была б прыказка.
Тут, урэшце, і падышоў Паўлаў.
– Чаго гэта ты?
– Ды вось, зглуміў такую прыгажосць.
– Чаго зглуміў? Мы зараз іх занясём у яхтавае памяшканне, пакладзём там на бэльку. За тыдзень высахнуць – як знойдзеш.
Так яны і зрабілі. А потым Паўлаў раптам прапанаваў:
– Дык мо паходзім?
– Не хочацца адсюль ісці. Добра. Хай сабе і вецер узняўся – усё адно добра.
– Таму і прапаную, што вецер.
– Пахадзіць.
– Куды пахадзіць?
– Павінен я давесці, што я экс-чэмпіён і яшчэ будучы чэмпіён?
– Па спартыўнай хадзе? Ды я не ўганюся. Што мне бегчы за табой?
– Не атрымаецца... – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос.
– Пры чым тут Хрыстос? Ты пахадзіць прапаноўваеш. Я не хачу.
– Сал-лага, – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос, ты – паршывая салага. Бачыш мора і не ведаеш, што гэта. Ты – рачная пяструшка, шрымс-медзведзяня, вустрыца і мідзія Дункера.
– Чаго ж ты лаешся?
– Скідай усё да трусоў!..
– Ды мне няма чаго скідаць.
Яны выйшлі да мора. Тут стаялі яхты, выцягнутыя на сліп.
– Па спартыўнай хадзе... – бурчаў Паўлаў. – Не, брат, я чэмпіён самага высакароднага спорту. Яхтсмен... Паходзім... Як быццам, калі ён шчупальцы па зямлі перастаўляе, гэта – ён ходзіць. Ходзяць па моры.
I яны пайшлі. Валы, ледзь не ў два чалавечыя росты, зеленаватыя, як старое шкло, з кучаравымі мазкамі пены на вяршынях. Яны насоўваліся, уздымаліся, пагражалі заліць, але шкарлупінка скакала між іх, узлятала, імчала з хуткасцю стралы.
Будрыс увесь час чуў парады Паўлава і хутка асвоіўся. Справа была не дужа хітрая, калі ты – усяго напарнік. I вось яны ляцелі і часам павісалі нагамі на борце, ледзь не дастаючы патыліцай да равучай вады. I ён цяпер зусім другімі вачыма глядзеў на Васіля. Упэўнены, ажыўлены, цвёрды. Марскі бог, вялікі майстра, для якога няма немагчымага! А тут ён яшчэ і гарэзаваў, ішоў на грані, магчыма – трохі помсціў Будрысу за хвіліну недаверу.
Увесь час іх абдавала салонай свежай вадой і ветрам. Абдасць, дадасць на скуру солі і сплыве. I яшчэ. I яшчэ.