Шрифт:
Пасля гэтага я выклікаў званком боя і загадаў яму аднесці ліст. Нарэшце-такі я сказаў ёй усё!
Побач з намі штосьці зазвінела і пакацілася, - неасцярожным рухам ён перакуліў пляшку з віскі. Я чуў, як яго рука мацала па палубе і нарэшце схапіла пустую пляшку; моцна размахнуўшыся, ён кінуў яе ў мора. Некалькі хвілін ён маўчаў, потым загаварыў яшчэ больш гарачкава, яшчэ больш узбуджана і хапатліва.
– Я болей не веру ў бога... у мяне няма ні неба, ні пекла... а калі і ёсць пекла, то я яго не баюся - яно не можа быць страшней за гадзіны, якія я перажыў у тую раніцу, у той дзень... Уявіце сабе маленькі пакойчык, нагрэты сонцам, у якім робіцца ўсё гарачэй ад паўдзённай спёкі... пакойчык, дзе толькі стол, крэсла і ложак... На гэтым стале нічога, акрамя гадзінніка і рэвальвера, а каля стала - чалавек... чалавек, які не зводзіць вачэй з секунднай стрэлкі... чалавек, які не есць, не п'е, не курыць, не рухаецца з месца... які ўвесь час... чуеце, увесь час, тры гадзіны запар... глядзіць на белы круг цыферблата і на стрэлку, якая з ціканнем бяжыць па гэтым крузе... Так... так правёў я гэты дзень, толькі чакаў, чакаў, чакаў... але чакаў як... як робіць усё чалавек, гнаны амокам, - неўсвядомлена, тупа, з шалёнаю, прамалінейнаю ўпартасцю.
Ну... не буду апісваць вам гэтых гадзін... гэта не паддаецца апісанню... я і сам жа не разумею цяпер, як можна было гэта перажыць і не... не звар'яцець... І... у дваццаць дзве хвіліны чацвёртай... я ведаю дакладна, бо глядзеў жа на гадзіннік... пачуўся раптоўны стук у дзверы... Я ўсхопліваюся з месца... усхопліваюся, як тыгр, які кідаецца на здабычу, адным скачком я ўжо каля дзвярэй, расчыняю іх... у калідоры маленькі кітаёнак нясмела працягвае мне запіску. Я выхопліваю ў яго з рук складзеную паперку, і ён знікае.
Разгортваю запіску, хачу прачытаць... і не магу... перад вачамі чырвоныя кругі... Уявіце сабе мае мукі... нарэшце, нарэшце я атрымаў ад яе адказ... а тут усё дрыжыць і скача ў вачах... Я акунаю галаву ў ваду... робіцца лепей... Зноў бяруся за запіску і чытаю:
«Позна! Але чакайце дома. Можа, я вас яшчэ паклічу».
Подпісу няма. Паперка скамячаная, адарваная ад нейкага старога праспекта... словы надрапаны алоўкам паспешна, сяк-так, не яе звычайным почыркам... Я сам не ведаю, чаму запіска гэтак узрушыла мяне... Нешта жахлівае, нешта таямнічае было ў гэтых радках, напісаных як бы ў час уцёкаў, стоячы дзе-небудзь каля падаконніка ці седзячы ў калясцы ў дарозе... Нейкім неапісальным жахам і холадам павеяла на мяне ад гэтай тайнай запіскі... і ўсё-такі... і ўсё-такі я быў шчаслівы - яна напісала мне, мне не трэба яшчэ паміраць, яна дазволіла, каб я дапамог ёй... можа... я мог бы... ...о, я адразу перапоўніўся самымі нязбытнымі надзеямі і марамі... Сотні, тысячы разоў перачытваў я маленькую запіску, цалаваў яе... разглядваў, шукаў якое-небудзь забытае, незаўважанае слова... Усё смялей, усё блытаней рабіліся мае мары, гэта быў нейкі гарачкавы сон наяве... нейкае здранцвенне, тупое і разам з тым напружанае, паміж дрымотаю і няспаннем, якое цягнулася ці то чвэрць гадзіны, ці то цэлыя гадзіны...
Раптам я страпянуўся... Як быццам пастукалі?.. Я затоіў дыханне... хвіліна, дзве хвіліны мёртвай цішыні... А потым зноў ціхі, як бы мышыны шорах, ціхі, але настойлівы стук... Я ўскочыў - галава ў мяне кружылася, - ірвануў дзверы, за імі стаяў бой, яе бой, той, якога я тады пабіў... Яго карычневы твар быў попельна-бледны, яго трывожны позірк сведчыў аб няшчасці... Мною авалодаў жах...
– Што... што здарылася?
– з цяжкасцю выціснуў я з сябе.
– Come quickly*, - адказаў ён... і больш нічога...
* Ідзіце хутчэй (англ.).
Я адразу кінуўся ўніз па лесвіцы, ён за мною... Унізе стаяла «садо», маленькая каляска, мы селі...
– Што здарылася?
– яшчэ раз спытаўся я...
Ён моўчкі зірнуў на мяне, увесь дрыжучы, сціснуўшы зубы... Я паўтарыў пытанне, але ён усё маўчаў і маўчаў... Я ахвотна яшчэ раз пабіў бы яго, але... мяне кранала яго сабачая адданасць ёй... і я не стаў болей пытацца... Каляска так хутка імчалася па ажыўленых вуліцах, што прахожыя з лаянкаю адскоквалі ўбок. Мы праехалі эўрапейскі квартал, берагам падаліся ў ніжні горад і ўляцелі ў шумную мітусяніну кітайскага квартала... Нарэшце мы звярнулі ў вузкую вулічку, дзесьці наводшыбе... спыніліся перад нізкаю халупаю... Домік быў брудны, урослы ў зямлю, з боку вуліцы - крамка, асветленая свечкаю з лою... адна з тых крамак, за якімі хаваюцца курыльні опіуму і публічныя дамы, зладзейскія прытоны і склады крадзеных рэчаў... Бой паспешна пастукаў у дзверы... Дзверы прачыніліся, са шчыліны пачуўся сіпаты голас... ён пытаўся і пытаўся... Я не вытрымаў, саскочыў з каляскі, штуршком адчыніў дзверы... Старая кітаянка спалохана ўскрыкнула і ўцякла... Бой увайшоў за мною, правёў мяне вузкім калідорам... адчыніў другія дзверы... дзверы ў цёмны пакой, дзе пахла гарэлкаю і згуслаю крывёю... Адтуль чуваць быў стогн... Я вобмацкам пачаў прабірацца наперад...
Зноў голас абарваўся. І калі ён потым прадоўжыў расказ, то ўжо не гаварыў, а хутчэй рыдаў.
– Я... я намацваў дарогу... і там... там, на бруднай цыноўцы... сагнутая ад болю... ляжала і стагнала чалавечая істота... там ляжала яна...
Я не бачыў яе твару... Мае вочы яшчэ не прывыклі да цемры... вобмацкам я знайшоў яе руку... гарачую... як агонь... У яе была гарачка, моцная гарачка... і я здрыгануўся... я адразу зразумеў усё... Яна збегла сюды ад мяне... дала скалечыць сябе... першай сустрэчнай бруднай старой кітаянцы, толькі таму, што баялася агалоскі... дала нейкай вядзьмарцы забіць сябе, каб толькі не даверыцца мне... Толькі таму, што я, вар'ят... не злітаваўся з яе, з яе гонару, не дапамог ёй адразу... таму што смерці яна баялася меней, чым мяне...
Я крыкнуў, каб прынеслі святло. Бой ускочыў; агідная старая дрыготкімі рукамі прынесла закураную газавую лямпу... Я ледзь стрымаўся, каб не ўчапіцца жаўтатварай карзе ў горла... Лямпу паставілі на стол... жоўтае святло ўпала на змардаванае цела... І раптам... раптам з мяне як рукою зняло ўсё маё замарачэнне і злосць, увесь гэты нячысты накіп пачуццяў... цяпер я быў толькі ўрач, чалавек, які памагаў, аглядаў, быў узброены ведамі... Я забыўся пра сябе... мой розум праясніўся, і я пачаў змагацца з надыходзячым жахам... Голае цела, пра якое я марыў так моцна, я ўспрымаў цяпер толькі як... ну, як бы гэта сказаць... як матэрыю, як арганізм... я не адчуваў, што гэта яна, я бачыў толькі жыццё, якое змагалася са смерцю, чалавека, які курчыўся ў жахлівых пакутах... Яе кроў, яе гарачая свяшчэнная кроў цякла па маіх руках, але я не адчуваў ні хвалявання, ні жаху... я быў толькі ўрач... я бачыў толькі пакуты... і ўбачыў...
І ўбачыў адразу, што ўсё марна, што толькі цуд можа выратаваць яе... Яна была скалечана няўмелаю, злачыннаю рукою і сплывала крывёю... а ў мяне ў гэтым гнюсным прытоне не было нічога, каб спыніць кроў, не было нават чыстай вады... Усё, да чаго я дакранаўся, было бруднае...
– Трэба зараз жа ў бальніцу, - сказаў я. Але не паспеў я скончыць, як хворая сутаргавым намаганнем прыўзнялася на цыноўцы.
– Не... не... лепш памерці... каб ніхто не даведаўся... ніхто не даведаўся... Дадому... дадому!..