Шрифт:
– Вось так адразу цяжка вызначыць. Вы часта так млееце?
– Не... хоць, зрэшты, часта... апошнім часам, якраз самым апошнім часам... так... непрытомнасць і млосць.
Яна ўжо зноў павярнулася да кніжнай шафы, ставіць кніжку на месца, вымае другую і пачынае яе гартаць. Дзіўна, чаму гэта яна ўсё гартае... так нервова, чаму не падымае вачэй з-пад вуаля? Я наўмысна нічога не кажу. Мне хочацца прымусіць яе чакаць. Нарэшце яна зноў пачынае тонам бесклапотнай балбатні:
– Праўда, доктар, у гэтым няма нічога сур'ёзнага? Гэта ж не якая-небудзь небяспечная... трапічная хвароба?
– Я павінен спачатку пабачыць, ці няма ў вас гарачкі. Дазвольце ваш пульс...
Я накіроўваюся да яе, але яна лёгенька адхіляецца ўбок.
– Не, не, у мяне няма гарачкі... безумоўна, безумоўна няма... я мераю тэмпературу кожны дзень, з таго часу... з таго часу, як я пачала траціць прытомнасць. Гарачкі няма, заўсёды трыццаць шэсць і чатыры. І страўнік у парадку.
Я маруджу. У мяне паступова расце падазрэнне: я адчуваю, што гэтая жанчына чагосьці ад мяне хоча, сюды не прыязджаюць пагаварыць пра Флабэра. Я застаўляю яе чакаць хвіліну, другую.
– Прабачце, - гавару я потым проста, - дазвольце мне задаць вам некалькі пытанняў?
– Канечне, доктар! Вы ж урач, - адказвае яна, але тут жа зноў паварочваецца да мяне спінаю і пачынае перабіраць кнігі.
– У вас ёсць дзеці?
– Так, сын.
– А ці было ў вас... ці было ў вас раней... я хачу сказаць... тады... ці былі ў вас падобныя адчуванні?
– Так.
Яе голас стаў цяпер зусім іншы, выразны, без аніякай манернасці і нервовасці.
– А магчыма, каб вы... прабачце пытанне... магчыма, каб цяпер была тая ж прычына?
– Так.
Коратка, быццам вострым нажом, адрэзала яна. Нічога не здрыганулася на яе твары, які быў мне відаць у профіль.
– Лепей за ўсё, васпані, каб я агледзеў вас... дазвольце папрасіць вас... перайсці ў другі пакой?
Тут яна раптам паварочваецца. Праз вуаль я адчуваю яе халодны, рашучы позірк, скіраваны на мяне.
– Не... гэта непатрэбна... я зусім дакладна ведаю прычыну майго недамагання.
Голас на момант змоўк. У цемры зноў бліснула напоўненая чарка.
– Дык вось слухайце... але спачатку паспрабуйце ўдумацца ва ўсё гэта: да чалавека, які гіне ў адзіноце, урываецца жанчына, упершыню за шмат гадоў белая жанчына пераступае парог яго пакоя... І раптам я адчуваю прысутнасць у пакоі чагосьці злавеснага, нейкай небяспекі. Я ўвесь пахаладзеў: мною авалодаў страх перад жалезнаю рашучасцю гэтай жанчыны, якая прышла з лёгкаю балбатнёю, а потым раптам агаліла сваё патрабаванне, як клінок. Я ж ведаў, чаго яна ад мяне хацела, адгадаў гэта адразу - не ў першы раз жанчыны звярталіся да мяне з такою просьбаю, але яны прыходзілі інакш, прыходзілі прысаромленыя, умольвалі, плакалі і закліналі выратаваць іх. Але тут была... тут была жалезная, нібы мужчынская рашучасць... з першай хвіліны адчуў я, што гэтая жанчына мацней за мяне... што яна можа падпарадкаваць мяне сваёй волі... Аднак... аднак... ва мне расла нейкая злосць... мужчынская гордасць, крыўда, бо... я сказаў ужо, што з першай хвіліны, нават раней, як я пабачыў гэтую жанчыну, я адчуў у ёй ворага.
Спачатку я маўчаў. Маўчаў упарта і злосна. Я адчуваў, што яна глядзіць на мяне з-пад вуаля, глядзіць прама, патрабавальна і хоча прымусіць мяне гаварыць. Але я гэтак лёгка не паддамся. Я загаварыў, але... унікліва... міжвольна пераняў яе балбатлівы, абыякавы тон. Я прыкінуўся, што не разумею яе, бо - не ведаю, ці можаце вы зразумець гэта, - я хацеў прымусіць яе выказацца выразней, я не хацеў сам прапаноўваць, наадварот... хацеў, каб яна папрасіла... менавіта яна, якая з'явілася тут з такім уладным выглядам... І акрамя таго, я ведаю, якую ўладу нада мною маюць ганарыстыя, халодныя жанчыны.
Я гаварыў кругом ды навокала, што ёй няма чаго баяцца, што такая непрытомнасць - звычайная з'ява, больш таго, гэта нават зарука нармальнага развіцця дзіцяці. Я прыводзіў прыклады з медыцынскіх газет... Я гаварыў, гаварыў спакойна і лёгка, разглядаў увесь час яе недамаганне як нешта зусім звычайнае і... усё чакаў, што яна мяне спыніць. Я ведаў, што яна не вытрымае.
І сапраўды, яна рэзкім жэстам рукі перапыніла мяне, быццам адмятала ўсе гэтыя супакойлівыя словы.
– Мяне, доктар, не гэта трывожыць. У той раз, калі я хадзіла з першым хлопчыкам, маё здароўе было куды лепшае... але цяпер я ўжо не тая... у мяне не ў парадку з сэрцам...
– Вось яно што, з сэрцам не ў парадку, - паўтарыў я, паказваючы ўсім сваім выглядам неспакой.
– Зараз паслухаем.
– Я зрабіў рух, быццам устаю, каб дастаць стэтаскоп. Але яна спыніла мяне. Голас яе гучаў цяпер вельмі рэзка і катэгарычна, як каманда.
– У мяне не ў парадку з сэрцам, доктар, я папрашу вас верыць таму, што я кажу. Я не хацела б траціць час на даследаванні - вы маглі б, думаецца, выказаць мне крыху болей даверу. Я дастаткова даказала свой давер вам.
Цяпер гэта была ўжо барацьба, адкрыты выклік. І я прыняў яго.