Вход/Регистрация
Амок
вернуться

Цвайг Штэфан

Шрифт:

* Нікчэмны метал (англ.).

– Дык вы не хочаце?

– За грошы - не.

На момант паміж намі ўсталявалася цішыня. Было так ціха, што я першы раз пачуў яе дыханне.

– Чаго ж вы яшчэ можаце хацець?

Тут я не мог болей трымацца:

– Перш за ўсё я хачу, каб вы... каб вы не звярталіся да мяне як да гандляра, а як да чалавека... Каб вы, калі вам трэба дапамога, не... лезлі адразу ж з вашымі гнюснымі грашамі... а папрасілі... мяне як чалавека, дапамагчы вам як чалавеку... Я не толькі ўрач, у мяне не толькі прыёмныя гадзіны... у мяне бываюць і другія гадзіны... можа, вы прыйшлі якраз у такую гадзіну...

Яна хвіліну маўчыць. Потым яе вусны злёгку крывяцца, дрыжаць, і яна хутка пытаецца:

– Значыцца, каб я вас... папрасіла... тады б вы гэта зрабілі?

– Вось вы ўжо зноў таргуецеся! Вы згодны прасіць толькі ў тым выпадку, калі я спачатку паабяцаю. Спачатку вы павінны мяне папрасіць, тады я вам адкажу.

Яна ўзнімае галаву, як наравісты конь. З гневам глядзіць на мяне.

– Не, я не буду вас прасіць. Лепш загінуць!

Тут мною авалодвае гнеў, нястрымны, шалёны гнеў.

– Тады буду патрабаваць я, калі вы не хочаце прасіць. Я думаю, мне трэба выказацца больш ясна - вы ведаеце, чаго я ад вас хачу. Тады... тады я вам памагу.

Нейкі момант яна здзіўлена глядзела на мяне. Потым - о, я не магу, не магу выказаць, як жахліва гэта было, - твар яе раптоўна знерухомеў, а потым... потым яна нечакана зарагатала... з неапісальнаю пагардаю зарагатала мне ў твар... з пагардаю, якая знішчыла мяне... і разам з тым яшчэ болей ап'яніла... Гэта было падобна на выбух, раптоўны, раскацісты, магутны... Такая вялізная сіла адчувалася ў гэтым пагардлівым рогаце, што я... так, я гатовы быў упасці перад ёю ніцма і цалаваць ёй ногі. Гэта цягнулася ўсяго імгненне... нібы маланка абпаліла мяне... Раптам яна павярнулася і хуценька падалася да дзвярэй.

Я міжвольна кінуўся ўслед... хацеў папрасіць прабачэння... маліць яе... бо мая сіла была зламана канчаткова... але яна яшчэ раз павярнулася да мяне і сказала... не, загадала:

– Асмельцеся толькі пайсці ўслед ці сачыць за мною... Пашкадуеце!

У той самы момант за ёю з трэскам зачыніліся дзверы.

Зноў паўза. Зноў маўчанне... Зноў толькі шалясценне, быццам струменілася месячнае святло. І нарэшце зноў яго голас:

– Дзверы з трэскам зачыніліся... але я стаяў нерухома на месцы... Я быў нібы загіпнатызаваны яе загадам... Я чуў, як яна спускалася па лесвіцы, як зачыніліся дзверы... я чуў усё і ўсёю істотаю рваўся да яе... каб яе... не ведаю што... каб вярнуць яе, ці ўдарыць, ці задушыць... але толькі бегчы ўслед за ёю... за ёю... Але я не мог гэтага зрабіць, не мог паварушыцца, мяне быццам паралізавала электрычным токам... мяне ўразіла, уразіла ў самае сэрца знішчальная маланка яе позірку... Я ведаю, што гэтага не растлумачыць і не расказаць... Гэта можа здацца смешным, але я ўсё стаяў і стаяў... Прайшло некалькі хвілін, можа, пяць, можа, дзесяць, перш чым я змог адарваць нагу ад падлогі...

Але як толькі я ступіў з месца, я ўжо ўвесь гарэў і гатовы быў бегчы... Умомант я зляцеў па лесвіцы ўніз... У яе няма другой дарогі, як толькі па вуліцы да станцыі... Я кідаюся ў хляўчук па веласіпед, бачу, што забыўся ўзяць ключ, зрываю засаўку, бамбук трашчыць і разлятаецца на кавалкі... і вось я ўжо на веласіпедзе і імчуся за ёю ўслед... Я павінен... я павінен дагнаць яе, перш чым яна сядзе ў аўтамабіль... Я павінен пагаварыць з ёю...

Я нясуся па пыльнай вуліцы, цяпер толькі бачу, як доўга я прастаяў у здранцвенні... Але вось... на паваротцы ў лесе, перад самай станцыяй, я бачу яе, яна ідзе шпаркім цвёрдым крокам у суправаджэнні боя... Але і яна, відаць, заўважыла мяне, бо гаворыць нешта бою, і той спыняецца, а яна ідзе далей адна... Што яна хоча рабіць? Чаму хоча быць адна?.. Можа, яна хоча пагаварыць са мною сам-насам, каб ён не чуў?.. Шалёна націскаю на педалі... Раптам нехта кідаецца мне наперарэз на дарогу... яе бой... Я ледзь паспяваю рвануць веласіпед убок і лячу на зямлю...

Устаю з лаянкаю... міжвольна замахваюся кулаком, каб даць дурню кухталя, але ён адхінаецца... Атрасаю веласіпед, збіраюся зноў ускочыць на яго... Але нягоднік зноў тут, хапаецца за веласіпед і гаворыць на сваёй ламанай ангельскай мове: «You remain here»*.

* Вы застанецеся тут (англ.).

Вы не жылі ў тропіках... Вы не ведаеце, якая гэта дзёрзкасць, калі тубылец хапаецца за веласіпед белага «пана» і яму, «пану», загадвае заставацца на месцы. Замест адказу я б'ю яго па твары... ён хістаецца, але ўсё-такі не выпускае веласіпеда... Яго вузкія вочы шырока расплюшчаны і поўныя страху... але ён трымаецца за руль, трымаецца па-д'ябальску моцна... «You remain here», - мармыча ён яшчэ раз. На шчасце, у мяне з сабою не было рэвальвера, а то я абавязкова застрэліў бы яго.

– Прэч, шэльма!

Ён глядзіць на мяне, увесь скурчыўся, але не выпускае з рук руля. Я зноў б'ю яго па галаве, ён, аднак, трымае руль. Тут мною авалодвае злосць... я бачу, што яе ўжо не відаць - можа, яна ўжо паехала... Я наношу яму сапраўдны баксёрскі ўдар пад падбароддзе, які збівае яго з ног. Цяпер веласіпед зноў мой... Ускокваю на сядло, але веласіпед не кранаецца з месца... у час барацьбы сагнулася спіца... Дрыготкімі рукамі я спрабую выраўняць яе... нічога не атрымліваецца... Тады я кідаю веласіпед на дарогу побач з нягоднікам, той устае ўвесь у крыві і адыходзіць убок... І тады - не, вы не можаце зразумець, якая гэта ганьба там, калі эўрапеец... але я ўжо не разумеў, што раблю... у мяне была толькі адна думка: за ёю, дагнаць яе... і я пабег, пабег як ашалелы па вясковай вуліцы, міма халуп, дзе тубыльцы здзіўлена тоўпіліся каля дзвярэй, каб паглядзець, як бяжыць белы чалавек, як бяжыць доктар.

Абліваючыся потам, прымчаўся я на станцыю... Маё першае пытанне было:

– Дзе аўтамабіль?..

– Толькі што паехаў...
– Здзіўлена глядзелі на мяне людзі - я павінен быў здацца ім вар'ятам, калі прыбег увесь потны і брудны, яшчэ здалёку выкрыкваючы сваё пытанне... На дарозе за станцыяй я бачу клубы белага аўтамабільнага дыму... Ёй удалося ўцячы... удалося, як, відаць, удаюцца ўсе яе цвёрдыя, бязлітасна цвёрдыя намеры.

Але ўцёкі ёй не памаглі... У тропіках няма таямніц паміж эўрапейцамі... усе ведаюць адзін аднаго, кожная драбяза вырастае ў падзею... Недарма прастаяў яе шафёр цэлую гадзіну каля ўрадавага бунгала... праз некалькі хвілін я ўжо ведаю ўсё... Ведаю, хто яна... што жыве яна ў... ну, у галоўным горадзе правінцыі, за восем гадзін язды адсюль па чыгунцы... што яна... ну, скажам, жонка буйнога камерсанта, страшэнна багатая, з добрай сям'і, ангелька... Ведаю, што яе муж вось ужо пяць месяцаў як у Амерыцы і ў бліжэйшыя дні вяртаецца сюды, каб забраць яе ў Эўропу...

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: