Вход/Регистрация
Амок
вернуться

Цвайг Штэфан

Шрифт:

А яна - і гэтая думка, як атрута, пячэ мяне, - яна цяжарная не болей двух ці трох месяцаў...

– Пакуль што я яшчэ мог усё растлумачыць вам... можа, толькі таму, што да гэтага моманту сам яшчэ разумеў сябе... сам, як урач, ставіў дыягназ свайго стану. Але тут мною як бы авалодала ліхаманка... я страціў здольнасць валодаць сабою... хоць і ясна ўсведамляў, як недарэчна ўсё, што я раблю, але я ўжо не разумеў самога сябе... я, як апантаны, бег наперад, бачыў перад сабою толькі адну мэту... Зрэшты, пачакайце... я ўсё-такі паспрабую растлумачыць вам... Ведаеце вы, што такое амок?

– Амок?.. Штосьці прыпамінаю... Гэта від ап'янення ў малайцаў...

– Гэта больш чым ап'яненне... гэта шаленства, яно падобна на сабачае... гэта прыпадак бяссэнсавай крыважэрнай манаманіі, якую нельга параўнаць ні з якім другім відам алкагольнай атруты... Я сам быў сведкам некалькіх выпадкаў - калі справа ідзе пра іншых, мы заўсёды вельмі разумныя і дзелавітыя, - але мне так і не ўдалося высветліць прычыну гэтай жахлівай і загадкавай хваробы... Яна, відаць, неяк звязана з кліматам, з гэтай душнай, насычанай атмасферай, якая, як у навальніцу, гняце на нервовую сістэму, пакуль яна нарэшце не разбурыцца... Дык вось амок... так, амок - вось як яно адбываецца: які-небудзь малаец, чалавек просты і дабрадушны, сядзіць і цягне сваё пітво... сядзіць, атупелы, абыякавы, вялы... як я сядзеў у сваім пакоі... і раптам усхопліваецца з месца, хапае нож, кідаецца на вуліцу... і бяжыць наперад, толькі наперад... сам не ведаючы куды... Хто б яму ні трапіўся па дарозе, чалавек ці жывёліна, ён забівае яго сваім крысам, і выгляд крыві яшчэ болей узбуджае яго... Пена выступае ў яго на губах, ён вые, як дзікі звер... і бяжыць, бяжыць, бяжыць, не глядзіць ні направа, ні налева, бяжыць з немым крыкам, з акрываўленым нажом у руцэ, па сваім жахлівым шляху... Людзі ў вёсках ведаюць, што няма сілы, здольнай спыніць чалавека, якога гоніць амок... пры яго набліжэнні яны крычаць, папярэджваючы другіх: «Амок!». «Амок!», і ўсё ўцякае... а ён імчыцца, нічога не чуе, не бачыць, забівае сустрэчных... пакуль яго не прыстрэляць, як шалёнага сабаку, ці ён сам, з пенаю на губах, не ўпадзе на зямлю...

Я бачыў гэта адзін раз з акна майго дома... гэта было страшэннае відовішча... але толькі таму, што я гэта бачыў, я разумею самога сябе ў тыя дні... Дакладна гэтаксама, з такім самым жахлівым, нерухомым позіркам, раз'юшана кінуўся я... услед за гэтаю жанчынаю... Я не помню, як я ўсё зрабіў, з якою надзвычайнаю, шалёнаю хуткасцю ўсё адбылося... Праз дзесяць хвілін, не, што я кажу, праз пяць, праз дзве... пасля таго, як я ўсё даведаўся пра гэтую жанчыну, яе прозвішча, адрас, гісторыю яе жыцця, я ўжо імчаўся на пазычаным у кагосьці веласіпедзе дадому, кінуў у чамадан гарнітур, узяў грошай і падаўся на сваёй калясцы на чыгуначную станцыю... паехаў, не папярэдзіўшы мясцовага чыноўніка... не прызначыўшы замест сябе намесніка, пакінуўшы дом і ўсе рэчы на волю лёсу... Вакол мяне стоўпіліся слугі, здзіўленыя жанчыны аб нечым пыталіся, але я не адказваў, нават не павярнуўся... паехаў на чыгуначную станцыю і першым цягніком падаўся ў горад... Прайшло не болей гадзіны з таго моманту, як гэтая жанчына ўвайшла ў мой пакой, а я ўжо паставіў на карту ўсю сваю будучыню і імчаўся, падганяны амокам, у невядомае...

Я імчаўся наперад на злом галавы... У шэсць гадзін вечара я прыехаў... у дзесяць хвілін сёмай я быў у яе ў доме і папрасіў далажыць пра мяне. Гэта было... ведаеце... самае недарэчнае, самае неразумнае, што я мог зрабіць... але ў падганянага амокам вочы нічога не бачаць, ён не заўважае, куды бяжыць... Праз некалькі хвілін слуга вярнуўся... сказаў ветліва і холадна... пані адчувае сябе дрэнна і не можа мяне прыняць.

Я выйшаў хістаючыся на вуліцу... Цэлую гадзіну я бадзяўся вакол дома ў вар'яцкай надзеі, што яна можа паслаць па мяне... толькі пасля гэтага я заняў нумар у Странд-гатэлі і патрабаваў прынесці мне ў пакой дзве пляшкі віскі... Віскі і двайная доза вераналу памаглі мне... я нарэшце заснуў... і цяжкі, мутны сон быў адзінаю перадышкаю ў гэтай гонцы паміж жыццём і смерцю.

Прагучаў звон - два цвёрдыя, важкія ўдары, якія яшчэ доўга вібравалі ў мяккім, амаль нерухомым акіяне паветра і паступова затухалі ў ціхім, няспынным цурчанні вады, якое неадступна суправаджала ўсхваляваны расказ чалавека, што сядзеў у змроку; мне здалося, што ён здрыгануўся, яго расказ перапыніўся. Я зноў пачуў, як рука намацвае пляшку, пачуў ціхае бульканне. Потым, відаць, супакоены, ён загаварыў больш роўным голасам:

– Час, які настаў пасля гэтага, я наўрад ці змагу вам апісаць. Цяпер я думаю, што ў мяне была ліхаманка, ва ўсякім разе, я быў у стане надзвычайнага ўзбуджэння, якое межавала з вар'яцтвам, - як я ўжо казаў, чалавек, падганяны амокам. Але не забудзьце, што я прыехаў у аўторак увечары, а ў суботу, як я тым часам даведаўся, павінен быў прыехаць на параходзе кампаніі Р. СЕ О. з Іакагамы яе муж; значыцца, заставалася толькі тры дні, тры кароткія дні, каб выратаваць яе. Зразумейце: я ведаў, што павінен неадкладна дапамагчы ёй, і не мог гаварыць з ёю. Менавіта гэтая патрэба прасіць прабачэння за мае смешныя паводзіны, за маю нястрыманасць і распальвала мяне ўсё болей. Я ведаў, якім каштоўным з'яўляецца кожнае імгненне, ведаў, што для яе гэта пытанне жыцця і смерці, і ўсё-такі не меў магчымасці шапнуць ёй слоўца, падаць які-небудзь знак, бо менавіта маё недарэчнае і шалёнае праследаванне напалохала яе. Гэта было... так, пастойце... так бывае, калі адзін бяжыць папярэдзіць другога, што яго хочуць забіць, а той лічыць яго самога забойцам і бяжыць наперад, насустрач пагібелі... Яна бачыла ўва мне толькі вар'ята, які праследуе яе, каб унізіць, а я... у гэтым і была ўся жахлівая недарэчнасць... я болей і не думаў пра гэта... я быў цалкам знішчаны, я хацеў толькі дапамагчы ёй, зрабіць паслугу... Я пайшоў бы на злачынства, на забойства, каб толькі дапамагчы ёй. Але яна, яна гэтага не разумела. Раніцаю, як толькі я прачнуўся, я адразу ж пабег зноў да яе дома; каля дзвярэй стаяў бой, той самы бой, якога я ўдарыў па твары; заўважыўшы мяне - безумоўна, ён мяне чакаў, - ён борздзенька шмыгануў у дзверы. Можа, ён гэта зрабіў толькі таму, што хацеў папярэдзіць аб маім прыходзе... ах, гэтая невядомасць, як мучыць яна мяне цяпер... можа, тады ўсё было ўжо падрыхтавана да майго прыёму... але ў той момант, калі я яго ўбачыў і ўспомніў пра сваю ганьбу, мне не хапіла духу зрабіць яшчэ адну спробу... У мяне дрыжалі калені. Перад самым парогам я павярнуўся і пайшоў прэч... пайшоў у той момант, калі яна, можа, чакала мяне і пакутавала не менш за мяне.

Цяпер я ўжо зусім не ведаў, што рабіць у гэтым чужым горадзе, дзе вуліцы, здавалася, пяклі мне падэшвы... Раптам у мяне бліснула думка; у той самы момант я паклікаў каляску, паехаў да таго самага віцэ-рэзідэнта, якому я калісьці дапамог, і папрасіў далажыць пра мяне... У маім выглядзе было, відаць, штосьці дзіўнае, бо ён паглядзеў на мяне неяк спалохана, і праз яго ветлівасць праглядвала трывога... можа, ён тады ўжо ўгадаў ува мне чалавека, якога гоніць амок... Я рашуча заявіў яму, што прашу перавесці мяне ў горад, бо не магу болей вытрымаць на маім пасту... я павінен пераехаць неадкладна... Ён зірнуў на мяне... не магу вам перадаць, як ён на мяне зірнуў... ну, прыкладна гэтак, як глядзіць урач на хворага...

– У вас здалі нервы, мілы доктар, - сказаў ён, - я гэта вельмі добра разумею. Ну, гэта можна будзе як-небудзь уладзіць; пачакайце толькі крышку... скажам, тыдні чатыры... мне трэба спачатку знайсці вам замену.

– Не магу чакаць ніводнага дня, - адказаў я.

Ён зноў кінуў на мяне дзіўны позірк.

– Трэба пацярпець, доктар, - сур'ёзна сказаў ён, - мы не можам пакінуць пост без урача. Але абяцаю вам, што сёння ж займуся гэтым.

Я стаяў перад ім, сціснуўшы зубы, і першы раз выразна адчуваў, што я прададзены чалавек, раб. У мяне ўжо закіпала абурэнне, але ён са свецкаю ветлівасцю апярэдзіў мяне:

– Вы адвыклі ад людзей, доктар, а гэта таксама, зрэшты, хвароба. Мы тут усе здзіўляліся, чаму вы ніколі не прыязджаеце, ніколі не бераце адпачынку. Вам трэба бываць на людзях, забаўляцца. Прыходзьце, скажам, сёння ўвечары - сёння прыём у губернатара, там будзе ўся наша калонія. Многія даўно ўжо хочуць пазнаёміцца з вамі, пытаюцца пра вас і выказваюць пажаданне, каб вы перабраліся сюды.

Апошнія яго словы ўразілі мяне. Пытаюцца пра мяне? Ці не яна? Я адразу быццам перарадзіўся, падзякаваў віцэ-рэзідэнту самымі ветлівымі словамі за запрашэнне і паабяцаў быць без спазнення. І прыйшоў дакладна ў прызначаны час, нават болей, чым дакладна. Ці трэба казаць, што, гнаны нецярпеннем, я першы з'явіўся ў вялізнай зале ўрадавага будынка; маўклівыя жаўтаскурыя слугі мітусіліся навокал, мякка ступаючы босымі нагамі, і, як здалося майму азмрочанаму розуму, пасміхаліся за маёю спінаю. Чвэрць гадзіны я быў адзін сярод гэтага бясшумнага натоўпу і настолькі адзінокі, што чуў ціканне гадзінніка ў кішэні камізэлькі. Нарэшце прыйшлі два-тры чыноўнікі з сем'ямі, а потым з'явіўся і сам губернатар, які пачаў са мною працяглую размову; я ўважліва слухаў і, як мне здавалася, трапна адказваў, пакуль... пакуль мною не авалодала нейкае незразумелае нервовае хваляванне; я страціў дасціпнасць і пачаў адказваць неўпапад. Я стаяў спінаю да дзвярэй залы, але адразу адчуў, што ўвайшла яна, што яна ўжо тут; я не мог бы растлумачыць вам, чаму ўзнікла гэтае перакананне, якое збянтэжыла мяне, але, размаўляючы з губернатарам і прыслухоўваючыся да яго слоў, я ў той час адчуваў дзесьці за сабою яе прысутнасць. На шчасце, губернатар неўзабаве скончыў размову - мне здаецца, калі б ён не адпусціў мяне, я ўсё роўна, не зважаючы на ветлівасць, павярнуўся б, такая моцная была гэтая дзіўная напружанасць маіх нерваў, такая пакутлівая была гэтая патрэба. І сапраўды, ледзь толькі я павярнуўся, як убачыў яе на тым самым месцы, дзе ў думках уяўляў сабе. На ёй была жоўтая бальная сукенка, матава, як слановая косць, паблісквалі яе цудоўныя вузкія плечы; яна размаўляла, акружаная купкаю гасцей. Яна ўсміхалася, але я ўлавіў на яе твары нейкую напружанасць. Я падышоў бліжэй - яна не бачыла ці не хацела мяне бачыць - і ўгледзеўся ў гэтую ўсмешку, прыязную і халодна-ветлівую, якая гуляла на тонкіх вуснах. І яе ўсмешка зноў ап'яніла мяне, бо яна... бо я ведаў, што яна падман, крывадушнасць, віртуознае ўменне прыкідвацца. Сёння серада, мільганула ў мяне ў галаве, у суботу прыходзіць параход, на якім едзе яе муж... Як можа яна так усміхацца, так... так упэўнена, так бесклапотна ўсміхацца і нядбайна гуляць веерам, замест таго каб камячыць яго ад хвалявання? Я... я, чужы... я ўжо два дні дрыжу, чакаючы той гадзіны... я, чужы, пакутліва перажываю за яе страх, яе роспач... а яна прыйшла на баль і ўсміхаецца, усміхаецца, усміхаецца...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: