Шрифт:
Сайм падняў вочы. «Сюды ідзе Парсанс», — сказаў ён.
Ён сказаў гэта такім тонам, што, здавалася, у думках ён дадаў: «Гэты ідыёт». І сапраўды, Парсанс, сусед Ўінстана ў дамовым блоку «Перамога», прабіваўся скрозь натоўп — тоўсценькі невялічкі чалавек з бялявымі валасамі і жабіным тварам. У свае трыццаць пяць гадоў ён меў ужо ладны трыбух, але быў яшчэ рухавы і маладжавы. Усім сваім выглядам ён нагадваў хлопца-пераростка, ды так моцна, што, нягледзячы на яго цяперашні камбінезон, яго цяжка было ўявіць інакш, як у кароткіх сініх шортах, шэрай кашулі і з чырвоным шпіёнскім гальштукам. Калі спрабуеш уявіць яго, адразу бачыш голыя каленкі і пухленькія ручкі з закасанымі рукавамі. Як толькі выпадала найменшая нагода, накшталт калектыўнай вандроўкі або нейкай іншай формы фізічных практыкаванняў, ён заўсёды надзяваў шорты. Ён бадзёра прывітаўся і сеў за стол, пры гэтым адразу пачуўся моцны пах поту. Кропелькі поту спрэс пакрывалі яго ружовы твар. Яго здольнасць пацець была неверагодная. У Доме Культуры заўсёды можна было вызначыць па вільготнай ручцы ракеткі, што Парсанс толькі што гуляў у настольны тэніс. Сайм дастаў шматок паперы, на якім была напісаная доўгая калонка слоў, і пачаў уважліва іх вывучаць, трымаючы ў руцэ чарнакрэс.
— Паглядзіце, як ён працуе пад час перапынку! — сказаў Парсанс і штурхнуў Ўінстана ў бок. — Вось гэта стараннасць! Што ў вас там, стары? Напэўна, штосьці занадта мудрагелістае для мяне. Сміт, стары, зараз я вам скажу, чаму я вас шукаю. Гэта наконт складкі, што вы мне яшчэ не здалі.
— Што за складка? — спытаўся Ўінстан і аўтаматычным рухам намацаў у кішэні грошы. Амаль чвэрць яго заробку ішла на розныя добраахвотныя складкі, якіх было так шмат, што цяжка было іх усе запомніць.
— На Тыдзень Нянавісці. Ну, вы ж ведаеце, збор складак па кватэрах. Я адказны за наш блок. Мы ўжо шчыруем, як можам, будзе нешта грандыёзнае. Магу сказаць, што я буду не я, калі наш стары добры блок «Перамога» не вывесіць найпрыгажэйшых у горадзе сцягоў. Вы абяцалі мне два даляры.
Ўінстан выцягнуў з кішэні дзве тлуста-брудныя паперкі і перадаў іх Парсансу, які адзначыў прынятую складку ў маленькім нататніку старанным почыркам малапісьменнага чалавека.
— Дарэчы, стары, — сказаў ён, — я чуў, што мой падшыванец стрэліў у вас учора з рагаткі. Я за гэта добра яго адлупцаваў і сказаў, што, калі такое паўторыцца, я адбяру ў яго рагатку.
— Ён проста быў не ў гуморы, бо яму не дазволілі пайсці на павешанне, — сказаў Ўінстан.
— Ну, нічога, але ж які ў яго добры кірунак думкі, вам не здаецца? Хай мае малыя трошкі і гарэзныя, але ж заўзятасці ім не бракуе! У іх у галаве толькі іхнія шпіёнскія справы, ну і, вядома, вайна. Ведаеце, што зрабіла ў тую суботу мая дачушка, калі яе атрад хадзіў у вандроўку ў Бэркхэмстэд? Яна і яшчэ дзве дзяўчынкі цішком уцяклі ад астатніх і ўвесь вечар ішлі след у след за нейкім падазроным чалавекам. Яны ішлі гэтак дзве гадзіны, па самай лясной гушчэчы, і калі прыйшлі ў Эмэрсхэм, здалі яго паліцэйскаму патрулю.
— Чаму яны гэтак зрабілі? — спытаўся ўражаны Ўінстан.
Парсанс урачыста працягваў:
— Майму дзіцяці здалося, што той быў нібыта накшталт варожага агента — яго, напрыклад, маглі скінуць з парашутам. Але што самае галоўнае, стары, што ёй перш за ўсё кінулася ў вочы? Яна заўважыла, што ў яго былі нейкія дзіўныя чаравікі — яна сказала, што раней ніколі не бачыла, каб такія хто насіў. Тады яна падумала, што гэта быў нейкі замежнік. Разумная галоўка як на сямігадовую смаркачку, га?
— Што сталася з тым чалавекам? — пацікавіўся Ўінстан.
— Ну, гэта я ўжо, напэўна, не здолею сказаць. Але я б не здзівіўся, калі б… — Парсанс паказаў з пальцаў пісталет і ляснуў языком, падрабляючы гук стрэлу.
— Добра, — сказаў няўважна Сайм, не паднімаючы вачэй з паперы.
— Вядома, мы не павінны рызыкаваць, — паслухмяна згадзіўся Ўінстан.
— Урэшце, цяпер усё ж ідзе вайна, — адказаў Парсанс.
Быццам пацвярджаючы яго словы, з тэлегляда, што вісеў якраз над імі, грымнулі фанфары. Гэтым разам, аднак, перадавалася не паведамленне пра перамогу на фронце, а ўсяго толькі абвестка Міністэрства Дастатку.
— Таварышы! — закрычаў з запалам маладжавы голас. — Увага, таварышы! Мы маем для вас вельмі добрую навіну. Мы перамаглі ў працоўнай бітве! Апошнія афіцыйныя справаздачы пра вытворчасць тавараў народнага спажывання ўсіх катэгорый паказваюць, што ўзровень жыцця ў параўнанні з мінулым годам павысіўся не менш чым на дваццаць адсоткаў. Ва ўсёй Акіяніі сёння раніцай адбыліся стыхійныя дэманстрацыі, пад час якіх працоўныя прадпрыемстваў і ўстановаў маршыравалі са сцягамі па вуліцах, каб выказаць удзячнасць Вялікаму Брату за новае шчаслівае жыццё, якім надарыла нас яго мудрае кіраўніцтва. А зараз паслухайце ўдакладненыя лічбы: харчовыя прадукты…
Словы «наша новае шчаслівае жыццё» былі паўтораны некалькі разоў. Апошнім часам яны сталі ўлюбёным выразам Міністэрства Дастатку. Парсанс, увага якога была абуджана фанфарамі, слухаў з нейкай здзіўленай урачыстасцю, нейкай павучальнай нудлівасцю. Ён не мог сачыць за лічбамі, але быў упэўнены, што яны нейкім чынам давалі падставу для задавальнення. Ён дастаў вялікую брудную люльку з напалову скураным тытунём. З нормай тытуню сто грамаў на тыдзень рэдка можна было напоўніць люльку да краёў. Ўінстан паліў цыгарэту «Перамога», старанна трымаючы яе гарызантальна. Наступная раздача была толькі заўтра, а ў яго заставалася толькі чатыры цыгарэты. На хвілінку ён адключыўся ад гаманы ў зале і прыслухаўся да патоку слоў, што валіў з тэлегляда. Як выявілася, адбыліся нават дэманстрацыі, каб падзякаваць Вялікаму Брату за павышэнне нормы шакаладу да дваццаці грамаў на тыдзень. Але ж толькі ўчора, як ён памятаў, было паведамлена, што норма скарачаецца да дваццаці грамаў. Ці магчыма, каб прайшло ўсяго толькі дваццаць чатыры гадзіны, а народ ужо праглынуў гэтую хлусню? Так, яны праглынулі. Парсанс праглынуў лёгка, з дурасцю жывёліны. Бязвокае стварэнне за суседнім столікам праглынула фанатычна, з запалам, з шалёным жаданнем знайсці, выкрыць і выпарыць таго, хто наважыцца сцвярджаць, што на тым тыдні норма складала трыццаць грамаў. Сайм таксама праглынуў, але, вядома ж, больш складаным чынам, не без прысутнасці двухдумства. Значыць, ён, Ўінстан, быў адзіны, хто яшчэ меў памяць?
А казачныя лічбы ўсё яшчэ гучалі з тэлегляда. У параўнанні з мінулым годам было болей ежы, болей адзення, болей дамоў, болей мэблі, болей посуду, болей паліва, болей караблёў, болей верталётаў, болей кніг, болей дзяцей — болей усяго, акрамя хвароб, злачынстваў і вар'яцтваў. Штогод, штохвіліны ўсё навокал перажывала бурны росквіт. Як і Сайм, Ўінстан цяпер узброіўся лыжкай і вырабляў з рэштак поліўкі на стале разнастайныя ўзоры. Ён з прыкрасцю разважаў пра фізічныя асаблівасці жыцця. Ці заўсёды яно было такое? Ці заўсёды ежа здавалася яму такой смачнай? Ён агледзеў сталоўку. Нізкая столь, напханая да берагоў зала, сцены, брудныя ад незлічоных дотыкаў. Паўгінаныя металічныя сталы і крэслы, так цесна папрытыканыя адно да аднаго, што седзячы можна было дакрануцца локцем да суседа. Пагнутыя лыжкі, місы са шчарбатымі краямі, вялікія белыя кубкі, бліскучыя ад тлушчу, бруд куды ні глянь. І над усім гэтым кіслы смурод ад дрэннага джыну, ад нізкаякаснай кавы, ад поліўкі з металічным прысмакам і ад бруднага адзення. І ўвесь час у страўніку і на скуры адчуванне гідкасці, нібы нейкі пратэст, пачуццё, быццам цябе ашукалі з тым, на што ты меў права. І, аднак, яго памяць не захавала нічога іншага. Наколькі ёя помніў, ежы не хапала ніколі, шкарпэткі і споднікі ў людзей заўсёды былі ў дзірках, мэбля заўсёды была паламаная і нетрывалая, кватэры недастаткова ацяпляліся, у метро было не ўбіцца, дамы развальваліся, хлеб быў толькі чорны, гарбата была рэдкасцю, кава смярдзела, цыгарэт было замала. Усё было дарагое, усяго не хапала, удосталь было толькі сінтэтычнага джыну. І хоць з гадамі ўсё навокал горшала, гэта нікому не здавалася ненатуральным; не здавалася ненармальным, што ўвесь час баліць сэрца ад няўтульнасці і бруду, недахопу тавараў, бясконцых зім, дзіравых шкарпэтак, заўсёды сапсаваных ліфтаў, сцюдзёнай вады, пясочнага мыла, пакрышаных цыгарэт, штучных харчовых прадуктаў з падазроным смакам. Чаму нясцерпнасць усяго гэтага мог адчуць толькі той, хто захаваў нешта накшталт памяці продкаў пра тое, што калісьці ўсё было зусім інакшае?