Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Ён яшчэ раз агледзеў сталоўку. Амаль усе людзі навокал былі брыдкія і засталіся б брыдкімі і тады, калі б насілі не аднолькавыя сінія камбінезоны, а нешта іншае. У дальнім канцы залы сядзеў адзін за столікам маленькі, надзіва падобны да жука чалавек, і піў каву, пры гэтым яго вочкі недаверліва зіркалі то ў адзін, то ў другі бок. Як лёгка можна было паверыць, калі толькі не глядзець вакол сябе, што абвешчаны Партыяй фізічны ідэал — высокія дужыя хлопцы і паўнагрудыя дзяўчаты, бялявыя, жыццярадасныя, загарэлыя і бесклапотныя — сапраўды існаваў і нават пераважаў. У сапраўднасці ж, наколькі можна было меркаваць, большасць людзей ва Ўзлётна-пасадачнай паласе No.1 былі маленькія, чарнявыя і брыдкія. Было дзіўна, як гэты жукападобны тып шырока распаўсюдзіўся ў Міністэрствах: маленькія каржакаватыя людзі, што ўжо ў дзяцінстве былі тоўстыя, з кароткімі нагамі, рэдкімі нервовымі рухамі і азызлымі абыякавымі тварамі з вельмі маленькімі вачыма. Здавалася, што пад панаваннем Партыі гэты тып людзей дасягаў усё большага росквіту.

Паведамленне Міністэрства Дастатку скончылася фанфарамі, якія змяніліся духавой музыкай. Парсанс, якога навала лічбаў прывяла ў стан няўцямнага захаплення, дастаў з рота люльку.

— Міністэрства Дастатку сапраўды шмат чаго дасягнула сёлета, — сказаў ён з выглядам знаўцы. — Дарэчы, Сміт, ці ў вас выпадкам няма лёзаў для галення, якія вы маглі б мне саступіць?

— Ніводнага, — адказаў Ўінстан. — Я сам галюся ўжо шосты тыдзень адным лязом.

— А… Я толькі хацеў у вас спытацца…

— На жаль, — сказаў Ўінстан.

Качыны голас за суседнім столікам, які пад час паведамлення змоўк, загучаў зноў на поўную моц. Невядома чаму, Ўінстану раптам прыгадалася пані Парсанс з яе кудлатымі валасамі і пылам у зморшчынах на твары. Праз два гады дзеці здадуць яе Паліцыі Думак. Пані Парсанс выпараць. Бязвокую істоту з качыным голасам ніколі не выпараць. Маленькіх жукападобных людзей, што так спрытна сноўдаюць па калідорах Міністэрстваў, таксама ніколі не выпараць. І дзяўчыну з чорнымі валасамі з аддзела мастацкай літаратуры — яе таксама ніколі не выпараць. Яму здавалася, што ён інстынктыўна адчувае, хто застанецца жыць, а хто будзе знішчаны, хоць і нельга было адразу сказаць, адкуль гэтае адчуванне.

У гэты момант ён раптам прачнуўся ад сваіх летуценняў. Дзяўчына за суседнім столікам напалову павярнулася і глядзела цяпер на яго. Гэта была тая самая чорнавалосая дзяўчына. Яна глядзела на яго крадком, але з дзіўнай праніклівасцю. Калі іх позіркі сустрэліся, яна зноў адвярнулася.

Ўінстан абліўся халодным потам. Яго працяў дзікі страх. Пасля страх суняўся, але засталася нейкая неадчэпная трывога. Чаму яна назірала за ім? Чаму яна ўвесь час ходзіць за ім? На жаль, ён ужо не мог прыгадаць, ці сядзела яна за столікам, калі ён прыйшоў, ці прыйшла пазней. Ва ўсялякім разе, учора, пад час Двуххвілінкі Нянавісці, яна села якраз за ім, хоць не мела на гэта ніякай пільнай патрэбы. Цалкам верагодна, што яе заданнем было ўважліва прыслухоўвацца, ці дастаткова актыўна ён далучаецца да ўхвальных воклічаў.

Да яго зноў вярнулася думка: магчыма, яна і не была агентам Паліцыі Думак, але віжы-аматары яшчэ болей небяспечныя. Ён не ведаў, як доўга яна за ім ужо назірала, можа, усяго пяць хвілін, і магчыма, што ён не ўвесь гэты час добра кантраляваў свой твар. Было страшэнна небяспечна даваць сваім думкам неяк выяўляцца на твары пад час публічных мерапрыемстваў або ў полі зроку тэлегляда. Найменшая дробязь магла выдаць. Нервовая дрыготка, несвядомы трывожны позірк, звычка мармытаць сабе пад нос — усё магло абудзіць падазрэнне. Адзін толькі недарэчны выраз твару (напрыклад, недаверлівы позірк пад час паведамлення пра вайсковыя перамогі) быў ужо сам па сабе злачынствам. У навамоўі было нават адмысловае слова — тварзлачынства.

Дзяўчына зноў павярнулася да яго спінай. Можа, яна за ім і не сачыла, можа, яна выпадкова другі дзень запар сядзела так блізка ад яго. Цыгарэта патухла, і ён асцярожна паклаў яе на край стала. Ён дапаліць яе пасля працы, калі толькі за гэты час з яе не высыплецца тытунь. Цалкам магчыма, што асоба за суседнім столікам была агентам Паліцыі Думак, і вельмі верагодна, што праз тры дні яго кінуць у сутарэнні Міністэрства Любові — але ўсё роўна ён не меў права змарнаваць недакурак! Сайм склаў сваю паперку і засунуў у кішэню. Парсанс зноў пачаў сваю балбатню.

— Я вам не расказваў, стары, — сказаў ён усміхаючыся, з люлькай у зубах, — як мае дзеткі падпалілі спадніцу старой гандлярцы на рынку, бо ўбачылі, што яна загортвае сасіскі ў плакат з партрэтам Вялікага Брата? Яны крадком падышлі да яе ззаду і падпалілі спадніцу запалкамі. Думаю, ладна яе падсмалілі. Во падшыванцы, га? Але ж чуйныя, як паляўнічыя сабакі! Сёння яны атрымліваюць у шпіёнах першакласную падрыхтоўку — нават лепшую, чым у мае часы. Чым, вы думаеце, іх апошнім часам узброілі? Слухавымі трубкамі, каб падслухоўваць праз замочную шчыліну! Мая дачка прынесла адну ўчора дадому — паспрабавалі яе на дзвярах у спальню, і выявілася, што чуваць у два разы лепей, чым калі проста прыставіць вуха. Вядома, гэта толькі цацка, вы ж разумееце. Але, ва ўсялякім разе, гэта скіроўвае іх думкі ў добры бок, ці не гэтак?

У гэты момант з тэлегляда пачуўся пранізлівы свіст. Гэта быў сігнал пачатку работы. Усе трое ўскочылі з крэслаў, каб праціснуцца скрозь натоўп да ліфта, і з Ўінстанавай цыгарэты высыпаўся астатні тытунь.

6

Ўінстан пісаў у сваім дзённіку:

Гэта было тры гады таму. Адным цёмным вечарам, у адным з вузкіх завулкаў побач з адным вялікім вакзалам. Яна стаяла каля падваротні пад цьмяным вулічным ліхтаром. У яе быў малады, густа нафарбаваны твар. Якраз гэтая фарба, падобная да белай маскі, мяне і прыцягнула, а таксама ярка-чырвоныя вусны. Жанчыны з Партыі ніколі не фарбуюцца. На вуліцы не было нікога, тэлегляда таксама не было. Яна сказала: два даляры. Я…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: