Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Я разумею ЯК, я не разумею ЧАМУ.

Ён усё часцей пытаўся ў сябе, ці ён не звар'яцеў. Можа, вар'яты былі меншасцю, што складалася толькі з аднаго чалавека. Некалі знакам вар'яцтва было лічыць, што Зямля круціцца вакол Сонца, сёння ж лічылася вар'яцтвам верыць, што мінулае нязменнае. Можа, ён быў адзіны, хто ў гэта верыў, калі ж ён быў адзіны, дык ён і быў вар'ятам. Але думка пра тое, што, можа, ён вар'ят, непакоіла яго значна меней, чым боязь, што, можа, ён не мае рацыі.

Ён узяў у рукі падручнік гісторыі для дзяцей і пачаў разглядаць партрэт Вялікага Брата на тытульным аркушы. Гіпнатычныя вочы нязводна глядзелі ў вочы Ўінстана. Яго быццам прыгнятала нейкая гвалтоўная сіла, нешта ўваходзіла ў яго чэрап, свідравала мозг, выганяла ўласныя перакананні, амаль вымушала не давяраць болей сведчанням сваіх пачуццяў. Урэшце Партыя калі-небудзь абвесціць, што двойчы два ёсць пяць, і ў гэта трэба будзе верыць. Раней ці пазней яны непазбежна гэта сцвердзяць: гэтага патрабавала ўся логіка іх пазіцыі. Партыйнай філасофіяй практычна адмаўлялася не толькі вартасць практычнага досведу людзей, але ўвогуле наяўнасць дадзенай рэчаіснасці. Найвялікшай ерассю быў здаровы людскі розум. І самым жахлівым было не тое, што яны забівалі таго, хто думаў інакш, а тое, што яны маглі мець рацыю. Бо сапраўды, ці можам мы быць пэўныя, што двойчы два чатыры? Або што закон прыцягнення слушны? Або што мінулае нязменнае? Калі і мінулае, і навакольны свет існуюць толькі ў нашым уяўленні, а само ўяўленне знаходзіцца пад пільным кантролем — што тады?

Але ж не! Яго адвага, здавалася, узмоцнілася сама па сабе. Ён міжволі згадаў твар О'Браэна. З яшчэ большай пэўнасцю, чым раней, ён ведаў, што О'Браэн быў на яго баку. Ён пісаў дзённік для О'Браэна — ён пісаў яго О'Браэну; гэта быў нібы бясконцы ліст, які ніхто ніколі не прачытае, які, аднак, адрасаваны пэўнаму чалавеку і напісаны з думкай пра яго.

Партыя патрабавала не верыць сваім вачам і вушам. Гэта было яе галоўнае, самае істотнае патрабаванне. Адвага пакідала Ўінстана, калі ён думаў пра гэтую велізарную моц, што была нацэлена супраць яго, пра лёгкасць, з якой любы партыйны інтэлектуал пад час якой-небудзь спрэчкі мог абвергнуць усе яго доказы, пра тыя мудрагелістыя аргументы, якія ён не здолеў бы нават зразумець, не тое што аспрэчыць. І ўсё ж ён меў рацыю! Не яны, а ён меў рацыю! Відавочнае, простае і сапраўднае неабходна абараняць. Элементарныя ісціны — сапраўдныя, за гэта ён мусіў трымацца! Матэрыяльны свет існуе, і яго законы не мяняюцца. Камяні цвёрдыя, вада мокрая, кожны прадмет, выпушчаны з рук, падае ў кірунку цэнтра Зямлі. Нібы размаўляючы з О'Браэнам і высоўваючы нейкі важны закон, ён напісаў:

Свабода — гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры. Як толькі гэта будзе гарантавана, усё астатняе прыйдзе само па сабе.

8

Недзе з дна праходу пацягнула водарам смажанай кавы — сапраўднай кавы, не кавы «Перамога». Ўінстан мімаволі спыніўся. На нейкія пару імгненняў ён зноў апынуўся ў паўзабытым свеце дзяцінства. Але раптам дзверы зачыніліся, і водар абарваўся, так хутка і раптоўна, як спыненая на паўслове песня. Ён прайшоў некалькі кіламетраў па тратуары, і язва не давала яму спакою. Ужо другі раз за тры тыдні ён прапусціў вечар у Доме Культуры: рызыкоўная неабачлівасць, бо без ніякага сумнення ў Доме Культуры старанна адзначалася колькасць наведванняў. У прынцыпе, у сябры Партыі не было вольнага часу, і ён ніколі не быў адзін, калі толькі не ў ложку. Меркавалася, што, калі ён не працуе, не есць або не спіць, ён мусіць браць удзел у якім-небудзь мерапрыемстве калектыўнага адпачынку, і рабіць нешта такое, што магло б выдаць схільнасць да адзіноты, хоць бы проста гуляць аднаму, было заўсёды трошкі небяспечна. У навамоўі існавала слова самажыт, якое азначала індывідуалізм і дзівацтва. Але тым вечарам, калі ён выйшаў з Міністэрства, пяшчотнасць красавіцкага паветра спакусіла яго. Неба ўпершыню за той год свяцілася нейкім цёплым блакітам, і раптам доўгі, тлумны вечар у Доме Культуры, нудныя ўтомныя гульні, лекцыі, балбатлівае, падагрэтае джынам сяброўства здаліся яму невыноснымі. У нейкім раптоўным парыве ён павярнуў ад аўтобуснага прыпынку ў другі бок і згубіўся ў лабірынце лонданскіх вулак; спачатку ён пайшоў на поўдзень, пасля на ўсход, пасля на поўнач. Ён блукаў незнаёмымі вуліцамі, не зважаючы на напрамак.

«Калі ёсць надзея, — напісаў ён калісьці ў дзённіку, — дык толькі сярод пролаў». Гэтыя словы не выходзілі з галавы, яны былі нібы сцверджаннем таямнічае ісціны і відавочнае бязглуздзіцы. Ён быў у нейкім закінутым брудным жабрацкім квартале на паўночны ўсход ад колішняга вакзала Сэйнт-Пэнкрас і ішоў па брукаванай вуліцы з маленькімі двухпавярховымі дамкамі паабапал, перакошаныя дзверы якіх адчыняліся адразу на брук. Дамкі гэтыя моцна нагадвалі пацучыныя норы. Сям-там між брыламі бруку стаялі брудныя лужыны. З цёмных брам дамоў і з завулкаў, што з абодвух бакоў выходзілі на вуліцу, цёк туды і сюды незлічоны натоўп людзей — пышныя дзяўчаты з густа нафарбаванымі вуснамі, маладыя хлопцы, што цягнуліся за імі, і азызлыя нязграбныя кабеты, што паказвалі сабой, як будуць выглядаць праз дзесяць гадоў тыя дзяўчаты; апроч іх старыя сагнутыя стварэнні, што няспешна шоргалі па вуліцы, і занядбаныя босыя дзеці, што гулялі ў лужынах і імгненна разбягаліся, як толькі чуліся раз'юшаныя крыкі іх матак. Амаль чвэрць вокнаў на вуліцы павыбіваныя, замест шыбаў дошкі. Большасць людзей зусім не зважала на Ўінстана, толькі некаторыя паглядвалі на яго з асцярожнай цікаўнасцю. Праходзячы міма дзвюх вялізных кабецін, што стаялі пад брамай аднаго дома, склаўшы пад фартухамі свае цагельна-чырвоныя рукі, і пляткарылі, Ўінстан пачуў урыўкі размовы:

— Так, кажу я ёй, ну добра, хай ужо так, кажу. Але калі б вы былі на маім месцы, вы б зрабілі тое самае, што зрабіла я. Ганіць лёгка, кажу, але ў вас няма гэткага клопату, як у мяне.

— Во і праўда, — адказала другая, — а як жа ж, так і ёсць.

Пранізлівыя галасы раптам сціхлі. Жанчыны разглядалі яго з варожым маўчаннем, пакуль ён не прайшоў. Уласна кажучы, гэта была нават не варожасць, а толькі нешта накшталт асцярожнасці, хвілінная напружанасць, як пры сустрэчы з невядомым зверам. Сіні камбінезон сябры Партыі мог на гэтай вуліцы выглядаць незвычайна. Папраўдзе, было неразумна без пільнай патрэбы паказвацца ў гэткім месцы. Калі б выпадкам надарыўся патруль, ён мог бы затрымаць. «Вашыя дакументы, таварыш? Што вы тут робіце? Калі вы выйшлі з працы? Ці заўсёды вы ходзіце дадому гэтай дарогай?» І гэтак далей, і гэтак далей. Хоць і не было ніякага закону, які забараняў бы ісці дадому інакш, чым звычайнай дарогай, але калі б Паліцыя Думак пра гэта даведалася, гэтага было б дастаткова, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.

Раптам уся вуліца ўспудзілася. Адусюль пачалі даносіцца засцярожлівыя крыкі. Людзі, нібы трусы, заскоквалі ў дзверы. Проста перад Ўінстанам нейкая маладая жанчына вылецела з дому, схапіла маленькага хлопчыка, што гуляў у лужыне, загарнула яго ў фартух і скочыла назад у дом, і ўсё гэта адзіным рухам. У той самы момант з бакавога завулка проста на Ўінстана выскачыў чалавек у чорным гарнітуры і ўзрушана паказаў пальцам угору.

— Паравік! — закрычаў ён. — Паберажыся, спадар! Зараз як лясне! Уцякай хутчэй!

«Паравік» — гэтым словам пролы чамусьці называлі ракетныя бомбы. Ўінстан адразу ўпаў ніцма. Пролы амаль ніколі не памыляліся ў сваіх прагнозах. Здавалася, у іх быў нейкі інстынкт, які папярэджваў іх за некалькі секунд, што набліжаецца ракетная бомба, хоць самі бомбы даляталі хутчэй, чым іх гук. Ўінстан закрыў галаву рукамі. Пачуўся страшэнны трэск, здалося, што брук раскалоўся, і цэлы град лёгкіх прадметаў пасыпаўся на спіну Ўінстану. Калі ён падняўся, ён убачыў, што ўвесь абсыпаны асколкамі шкла з бліжэйшых вокнаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: