Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Праз нейкі час пасля іх вызвалення Ўінстан нават сустрэў усіх трох у кавярні «Каштан». Ён памятаў тое пачуццё страху і захаплення, з якім ён скоса на іх пазіраў. Яны былі значна старэйшыя за яго, гэтыя рэшткі мінулага свету, амаль апошнія вялікія постаці з гераічных часоў нараджэння Партыі. Вакол іх яшчэ трымаўся арэол герояў падпольнага руху і грамадзянскай вайны. У яго з'явілася пачуццё — хоць ужо і тады пачалі блытацца факты і даты, — што ён ведаў іх імёны яшчэ раней за імя Вялікага Брата. Але ў той самы час яны былі адрынутыя, ворагі Партыі, якім з абсалютнай пэўнасцю праз год або два пагражала знішчэнне. Ніводнаму чалавеку, які хоць раз трапляў у рукі Паліцыі Думак, не ўдавалася выбавіцца ад яе назаўсёды. Яны былі жывыя мерцвякі, што чакалі часу, каб сысці ў магілу.

Усе столікі побач з імі былі пустыя. Было б вялікай неасцярожнасцю сесці блізка да такіх людзей. Яны сядзелі моўчкі, перад імі стаялі шклянкі з джынам, прыпраўленым гваздзікай — гэта быў фірменны напой кавярні. Найбольшае ўражанне зрабіў на Ўінстана выгляд Радэрфорда. Раней Радэрфорд быў вядомым карыкатурыстам, яго бязлітасныя малюнкі да Рэвалюцыі і пад час яе спрыялі актывізацыі грамадскай думкі. Нават яшчэ і цяпер у «Таймз» часам з'яўляліся яго карыкатуры. Але яны былі толькі імітацыяй яго ранейшай манеры і заставаліся надзіва нежывымі і непераканаўчымі. Гэта было вечнае перабіранне старых тэм: убогія кватэры, галодныя дзеці, вулічныя бойкі, капіталісты ў цыліндрах — нават на барыкадах капіталісты чапляліся за свае цыліндры, — бясконцыя безнадзейныя спробы зноў аджывіць мінулае. Гэта быў нязграбны высокі чалавек з тлустымі сівымі валасамі, прышчавым азызлым тварам і тоўстымі, як у мурына, губамі. Напэўна, некалі ён быў страшэнна дужы; цяпер жа яго цяжкае цела было сагнутае, разбітае, распоўзлае. Здавалася, што ён рассыпаецца на вачах, як гара пяску.

А пятнаццатай гадзіне паўсюль было ціха. Ўінстан ужо не мог згадаць, чаму ён прыйшоў у кавярню менавіта ў гэты час. Зала была амаль пустая. З тэлеглядаў лілася духавая музыка. Тыя трое сядзелі амаль нерухома ў сваім куце і маўчалі. Без ніякіх замоваў афіцыянт прыносіў шклянкі з джынам. Побач з імі на стале стаяла шахматная дошка з расстаўленымі фігурамі, але ніхто з трох не гуляў. І тады адбылося нешта незвычайнае з тэлеглядамі — цягнулася гэта не болей за паўхвіліны. Нешта зрабілася з музыкай — змянілася не толькі мелодыя, але і тэмбр. У яе быццам нешта ўлезла — але цяжка было апісаць, што гэта было. Нейкія дзіўныя, рэзкія, пранізлівыя, з'едлівыя ноты. І тады голас з тэлегляда заспяваў старую песню:

Там, пад раскідзістым каштанам, Ты здрадзіў мне, а я табе. Мы і яны жылі з маны Там, пад раскідзістым каштанам.

Ніхто з трох не варухнуўся. Але калі Ўінстан употай глянуў на старэчы твар Радэрфорда, ён убачыў, што яго вочы былі поўныя слёз. І тады ён упершыню заўважыў — і нешта ўнутры яго здрыганулася, — што і ў Эрансана, і ў Радэрфорда былі перабітыя насы.

У хуткім часе пасля гэтага ўсіх трох зноў арыштавалі. Выявілася, што з моманту іх вызвалення яны пачалі рыхтаваць новыя падкопы. Пад час свайго другога працэсу яны прызналіся яшчэ раз у сваіх старых злачынствах, а таксама ў цэлым шэрагу новых. Яны былі пакараныя смерцю, а іх лёс як папярэджанне наступным пакаленням быў занесены ў партыйныя аналы. Гадоў праз пяць пасля гэтага, у 1973 годзе, калі Ўінстан аднойчы разгарнуў скрутак дакументаў, што выпаў з трубкі пнеўматычнай пошты на яго пісьмовы стол, ён наткнуўся на выразку з газеты, якая, відаць, згубілася між іншых папер і была забытая. Разгледзеўшы яе, ён адразу зразумеў, што яна значыла. Гэта была палова старонкі, выдраная з «Таймз» прыблізна дзесяцігадовай даўнасці — верхняя палова старонкі, нават дата была відна — на ёй быў здымак дэлегатаў на нейкім партыйным мерапрыемстве ў Ню-Ёрку. У цэнтры групы выразна вылучаліся Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд. Іх было лёгка пазнаць, тым болей што іх імёны стаялі ў подпісе пад здымкам.

Самае цікавае было тое, што на абодвух працэсах усе трое сцвярджалі, што былі якраз у гэты час на эўразійскай тэрыторыі. З патаемнага лётнішча ў Канадзе яны вылецелі на сустрэчу, што мусіла адбыцца недзе ў Сібіры, правялі нараду з сябрамі Эўразійскага Генеральнага Штаба і выдалі ім важныя ваенныя сакрэты. Дата выразна адбілася ў памяці Ўінстана, бо выпадкова супала з днём сонцавароту. Але гэта можна было праверыць па шматлікіх іншых крыніцах. Заставалася толькі адна магчымая выснова: прызнанні былі хлуснёй.

Вядома, само па сабе гэта не было нейкае адкрыццё. Нават тады Ўінстан ні на хвіліну не верыў, што пакараныя ў выніку чыстак людзі сапраўды ўчынілі злачынствы, у якіх іх абвінавацілі. Тут жа гаворка ішла пра відавочны доказ; ён трымаў у руках кавалак выкараненага мінулага, як нейкую скамянелую костку, што трапілася не ва ўласцівым земляным пласце і таму абвяргала пэўную геалагічную тэорыю. Калі б нейкім чынам можна было апублікаваць гэты дакумент і растлумачыць яго значэнне, гэтага б хапіла, каб разбіць Партыю на кавалачкі.

Ён спакойна працаваў далей. Як толькі ён убачыў здымак і зразумеў, што гэта значыла, ён накрыў выразку аркушам паперы. На шчасце, калі Ўінстан разгарнуў выразку, яна была павернутая другім бокам да тэлегляда.

Ён паклаў папку з паперамі на калені і адсунуў крэсла назад, каб як мага болей аддаліцца ад тэлегляда. Захоўваць безуважны выраз твару было няцяжка, а адпаведным напружаннем волі можна было нават кантраляваць дыханне; але немагчыма было кантраляваць біццё сэрца, а тэлегляд быў дастаткова адчувальны, каб гэта заўважыць. Прайшло, паводле яго падлікаў, хвілін дзесяць, увесь гэты час яго мучыў страх, бо любы выпадак — напрыклад, нечаканы павеў ветру над сталом — мог бы яго выдаць. І толькі тады ён, нават не здымаючы аркуша, кінуў выцінку разам з іншым папяровым смеццем у дзіру памяці. Праз хвіліну яна ўжо напэўна ператварылася ў попел.

Гэта адбылося дзесяць-адзінаццаць гадоў таму. Сёння ён, можа, і захаваў бы той здымак. Было дзіўна, што сам факт трымання яго ў руках яшчэ і сёння меў для яго значэнне, хоць і сам здымак, і падзея, якую ён адлюстроўваў, так далёка адстаялі ў часе. Ці ўлада Партыі над мінулым не меншала, пытаўся ён у сябе, калі нейкі маленькі доказ, які ўжо болей не існаваў, прынамсі, некалі ўсё ж існаваў?

Аднак сёння той здымак, нават калі б яго можна было аднавіць з попелу, напэўна ўжо не мог быць ніякім доказам. Ужо тады, калі ён яго знайшоў, Акіянія болей не ваявала з Эўразіяй, і такім чынам усе тры забітыя мусілі б здрадзіць сваёй Бацькаўшчыне на карысць агентаў Усходазіі. З таго часу стан рэчаў мяняўся ўжо колькі разоў, два ці тры, ён ужо не памятаў дакладна. Зусім верагодна, што іх прызнанні былі ўжо не раз перапісаныя, аж пакуль першапачатковыя факты і даты перасталі мець найменшае значэнне. Мінулае не проста зменьвалася, яно зменьвалася бесперапынна. Найболей, як нейкі кашмарны сон, яго прыгнятала тое, што ён ніколі не мог да канца ўсвядоміць, нашто ўвогуле рабілася ўся гэтая велізарная хлусня. Непасрэдная карысць фальшавання мінулага была відавочная, але галоўная, асноўная прычына заставалася таямніцай. Ён зноў узяў пяро і напісаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: