Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Яўхім і Ганна набліжаліся. Ганна ішла, апусціўшы галаву, ці то хавала твар ад марозу, ці то глядзела на дарогу, на снег. Яўхім ступаў разваліста, засунуўшы рукі ў кішэні паддзёўкі, збіваючы калі-нікалі наском бота мёрзлыя камякі. Упоцемку чырвоным вочкам зырчэла цыгарка. Нават у тым, як ішла Ганна, абыякавая да ўсяго і, здавалася, таксама да яго, да Васіля, у тым, што на яго хваляванне яна нават брывом не варухнула, ішла, нібы нічога не было, вартага якой-небудзь яе ўвагі, бачылася Васілю вялікая крыўда. Тое ж, як спакойна, прывыкла трымаўся каля яе Яўхім, яго ўпэўненая, развалістая паходачка — нібы ўсё на зямлі належыць яму, — яго ганарлівая цыгарачка, ускінула ў хлопцу буру нянавісці.

«Корч… задавака… Думае, як багацце ў яго, дак і ўсё…» Яго нянавісць была тым большая, што ён лічыў, ведаў, што багацце — сапраўды ўсё, што ён — нішто перад Яўхімам. Ён адчуваў, што Яўхіму, калі захоча, — проста як чхнуць адбіць у яго Ганну. «Усе дзеўкі на багацце падкія…»

Калі праходзілі каля ясакара, Яўхім заўважыў Васіля. Ён вырваў з кішэні руку і ўхапіў цыгарку, так здзівіўся, пазнаўшы. Але гэтае здзіўленне было толькі момант, спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Адышоўшы некалькі крокаў, нахіліўся да яе, сказаў штосьці.

— Ідзі!.. Не брашы! — пачуў Васіль яе адказ. Ганна раптам засмяялася.

Смех гэты пранізаў сэрца. Васіль недарэчна, разгублена паправіў торбу і, не цямячы больш нічога, не бачачы, як сляпы, выступіў з-за ясакара.

Частка другая

Раздзел першы

1

Калі Васіль прачнуўся, у хаце яшчэ ўсе спалі. Але як толькі ён стаў, сапучы, усцягваць адзежу, маці ўсхапілася, пачала завіхацца каля комінка. Лучынка ад вугольчыка, выкапанага ў печы, разгаралася неахвотна, і Васіль выправіўся на двор, не дачакаўшыся, калі агонь асветліць хату.

На ганку ён аж захлынуўся ад халоднага, нейкага прасторнага паветра. Было не цёмна, не так, як мінулымі начамі, а шаравата, і ў гэтай шэрані кідалася ў вочы, якое ўсё навокал белае, чыстае, як бы прыбранае на свята. Гэтая чысціня весяліла, як бы сама абяцала радасць: Васіль пачуў прыліў незвычайнай, бесклапотнай бадзёрасці. Ён гатоў быў ужо молада, як выпушчаны на волю жарэбчык, скочыць з ганка, калі ўсярэдзіне заныў такі жывы неспакой, замутніў чысціню, святочнасць напамінкам: Ганна ідзе з Глушаковым Яўхімам… Яўхім нахіліўся да яе, штосьці сказаў — засмяялася… Ён, Васіль, за ясакарам з торбай…

Васіль ціха сышоў на снег, паволі, важка патупаў к хляву. Гуз, пачуўшы яго крокі, з надзеяй заржаў, дзьмухнуў у твар цеплынёю. Васіль пачухаў яму за вухам, вобмацкам прабраўся ў закутак, прынёс у абярэмку сена. Калі Гуз пацягнуўся к сену, захрумстаў, Васіль, памякчэлы, лагодны, пастаяў побач, слухаючы мілае хрупасценне, цешачыся родным пахам хлява.

Гэтыя дарагія праявы глушылі сум па Ганне, вярталі, хоць і не бесклапотную ўжо, асцярожную, радасць. Хіба ж можна было ніяк не адгукнуцца на тое, што збылося-такі жаданне: зноў, бач, тут, у родным цяпле, сваім хляве, сваёй гаспадарцы, на волі. Учора, калі заходзіў сюды, усё гэта здавалася яшчэ нібы непраўдзівым, цяпер жа радасць была яснейшай і як бы больш трывалая…

Пад павеццю снегу амаль не было, бо вецер дзьмуў з другога боку, і зямля тут цямнела, як на балоце. Ён перацягнуў калёсы к сценцы і высунуў з кутка сані, уставіў у завертні аглоблі. Калі закручваў аглоблі, завертні так трашчалі, што здавалася — вось-вось лопнуць. «Саўсім рассохліся за лето. Рыпяць, усё адно як не хочуць служыць…»

Ён успомніў учарашнюю матчыну скаргу, што няма чым паліць у печы, і зірнуў у куток, дзе складвалі дровы: там і праўда ляжала толькі некалькі галінак ды тоўсты, сукаваты смаляк, абшчапаны з бакоў. На смаляку было многа знакаў ад сякеры — відаць, маці або дзед спрабавалі пасекчы, але не маглі саўладаць.

«Трэба будзе па дровы з'ездзіць», — варухнулася клопатная думка.

Васіль намерыўся ўжо вярнуцца ў хату, узяць сякеру, як паявілася, перамагло іншае жаданне: паглядзець гумно. Адчыніў варотцы, лёгка, нецярпліва пайшоў белай сцежкай к прыгуменню. Калі ўбачыў цёмныя абрысы гумен, што цягнуліся ў ранішняй шэрані маўклівым, панурым радам, зноў ажыла трывожнасць, страшная ноч нібы зноў наблізілася. На момант аж затаіўся, ці не чутно крокаў ззаду, дотыку абрэза. Усё ж халаднаваты, нейкі асабліва свежы пах саломы з гумна, зычны рып паслухмяных гуменных варот не прайшлі міма ўвагі, устрывожаная душа адгукнулася на гэтыя родныя праявы ціхай, затоенай радасцю. Ён не зачыніў варот, і шэрань знадворку азначыла падмецены ток з горкай мякіны ў кутку, ладунак снапоў у адным застаронку і салому ў другім. Снапоў немалочаных было ўжо менш, як тады, калі ён малаціў апошні раз. Ён ведаў, што матка і дзед Дзяніс рабілі тут без яго. Васіль скінуў, разаслаў некалькі снапоў, намацаў павешаны на сук сахі цэп, размахнуўся, весела выцяў бічом па калоссі. Даўно-даўно не чуў ён у руках, ва ўсім целе такой радаснай сілы — канца, меры, здавалася, не было ёй, аж дзіва, колькі накапілася яе за тое дурное абібоцтва ў юравіцкай міліцэйскай баковачцы. Як згаладалы за акрайчык хлеба, учапіўся Васіль у выслізганае дубовае цапільна, дзівячыся з лёгкасці біча, ударыў яшчэ раз, другі, стаў махаць, махаць, біць і біць. Адно было нядобра: цемнавата ў гумне, біць даводзілася наўздагад. Як ні шкада, а хочаш не хочаш, трэба вешаць цэп зноў на саху. Да таго ж успомнілася, што пад павеццю — непасечаны смаляк: маці, мабыць, няма чаго запаліць у печы…

На астатак не ўтрываў, памахаў цэпам, як пастух пугаю, проста так, для забавы. Зноў выйшаў на белую сцежку, чуючы моц у целе, павесялелы. Пад павеццю люта накінуўся з сякераю на смаляны корч, лупіў па карчы і карчом аб калодку так, што аж у жар кідала самога. Кінуў світу на сані, у белай сарочцы біў, разламваў корч датуль, пакуль не засталіся ад яго крывулі ды трэскі.

Неўзабаве ён ужо ішоў з драўляным вядром да калодзежа, які быў на мяжы яго і дзядзькі Дамеціка сяліб. Трэба было напаіць каня. Вядро на кручок вочапа Васіль не павесіў, а кінуў, кручок не стаў зашчапляць — і так не сарвецца, не патоне. Ва ўсім тым, што ні рабіў цяпер, як бы хваліўся хвацкасцю сваёй, спрытам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: