Шрифт:
— Не… — Васіль раптам спалохана, неяк па-дзіцячы запытаў: — Куды ето мяне?
— У Юравічы пойдзеш.
— У… у цюрму?
— Пад стражу.
— А… — Васіль адразу патух, сеў.
Шабета пільна зірнуў на яго, як бы вывучаючы. Але з таго, як Васіль трымаў сябе цяпер, цяжка было вывесці што-небудзь пэўнае, такая скрытная была ў гэты момант душа яго. Ні баязні, ні шкадавання, ні якой-небудзь надзеі ці просьбы аб літасці — нічога не адбівалася на яго, здавалася, безуважным, холадна застылым твары.
«Як скамянеў, — падумаў Шабета. — Вокам не міргне… Ну і тып, мабуць…»
— Уцякаць не спробуй, калі жыць не надакучыло, — на ўсякі выпадак прыгразіўся ён. — Ад мяне яшчэ ніхто не вылузваўся. Не было такіх здарэнняў!..
Васіль не адказаў. З той хвіліны, калі ён даведаўся, што дадому ўжо не вярнуцца, калі развеяліся такія ўпартыя надзеі, што шчасліва ўсё кончыцца, у душы яго, сапраўды, нібы ўсё звяла і скамянела. У гэты цяжкі ў яго жыцці момант, калі яму трэба было б, здавалася, бедаваць аб няшчасці, аб ганьбе, якія так бязлітасна блыталі яго надзеі, ён, дзіўна, ні аб чым не думаў, нічога не шкадаваў, у анямелай душы яго была важкая і жорсткая спусцеласць.
Свет быў для яго цяпер напоўнен толькі чужымі, абыякавымі людзьмі, і ён сярод іх жыў адзінокі, такі ж абыякавы, як і яны, і яму не шкада было нікога з іх, і ніхто з іх не хваляваў яго. Нават тое, што недзе там дома маці, напэўна, у слязах, ніяк не абыходзіла яму. Нішто не выбівала Васіля з цяперашняй жорсткай безуважнасці.
Маці ўбегла задыханая, перапалоханая. Васіль пазнаў яе крокі яшчэ калі яна была ў сенцах, але не варухнуўся, хмурна, унураны ў сябе сядзеў і тады, калі матка, выпусціўшы з рук мяшок і лапці, з жаллівымі прыгаворкамі, з лямантам кінулася да яго, прагна, трывожна прытуліла:
— Васілёчак, каласочак, сынку мой… Куды ж цябе, за што ж цябе, за якія грахі, дзяціначку маю…
Васіль холадна, з ранейшым безуважным выглядам адвёў маці ад сябе.
— За што яго бяром, табе б, маці, лепей ведаць, — цвёрда адгукнуўся Шабета. Ён дзелавіта запытаў: — Усё прынеслі?
— Усё, што загадано, — адказаў Руды, які са світай цераз руку сумна стаяў каля дзвярэй.
— Усё, — кіўнула і маці, стрымліваючы галашэнне.
— Дайце яму.
Яна падняла з падлогі лапці і мяшок. Калі Васіль стаў накручваць парыжэлыя анучы, замотваць аборы, ціха назірала і толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Калі ён абуўся, пачала гаварыць, што паклала яму ў торбу: булку хлеба, гуркоў, — але Васіль, не даслухаўшы, пайшоў да Андрэя Рудога, узяў світу.
— Можна було б тую, у якой рабіў, — прамовіў Васіль, надзяваючы світу напашкі. — Не ў сваты, кеб у новай…
Гэта было ўсё, што ён сказаў тут.
— Тая ж — як сіто, сыночак. Уся ў дзірках…
Васіль кінуў позірк на міліцыянера, чакаючы каманды. Калі ж Шабета, перакінуўшы сумку цераз плячо, даў загад выходзіць і Васіль спакойна рушыў, маці зноў прыпала да сына, поўная гора, адчаю, забедавала:
— А мой жа ты дубочак, месячык ты мой залаценькі!.. А як жа ты адзін!..
«Ну, от, няможно ёй без етаго!» — нездаволена нахмурыўся Васіль. Маці заўважыла, як бы прачытала гэты яго папрок і крыху прыціхла.
— Раней трэба було плакаць, — адгукнуўся Шабета ўжо на двары. — Як гадавала. Вучыць трэба було, каб жыў чэсно…
Шабета, не выпускаючы з-пад свае ўвагі Васіля, адвязаў ад дручковага плота гнядога коніка, аж да сядла абляпанага гразёю.
— Ну, давай, ідзі! — загадаў Шабета.
Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Адчуваючы, як усярэдзіне нешта чула, квола затрымцела, сказаў ёй:
— Мамо, астаньцеся тут!
Яна, душачыся слязьмі, кіўнула.
Ідучы вуліцаю, Васіль бачыў: людзі стаялі каля варот, ліплі да вокан. Ішоў ён зноў абыякавы да ўсяго, з нерухомым, застылым тварам, нікога нібы не пазнаючы, не даючы нікому ўвагі. На вуліцы было гразка, ногі глыбока ўлазілі ў гушчу. Трэба было брацца бліжэй да плота, сцежачкаю, але ён не бярогся, ступаў напрасткі.
Праходзячы паўз свой дом, заўважыў дзеда Дзяніса без світы, без шапкі, Валодзьку, які глядзеў цікаўна, весела нават, але не падаў знаку. Усё было як у тумане, як выдумка, у якую самому яшчэ быццам не верылася. Несапраўдным быццам было ўсё: і гэта вуліца, і гразь, і ён, арыштант, і Шабета, які следам цярпліва цягнецца, ведучы на повадзе каня, і нават дзед…
Толькі адно жыло, хвалявала Васіля — Ганна. Як ні быў прыгнечаны, абыякавы, здавалася, да ўсяго, яшчэ здалёк заўважыў неспакойную яе постаць. Трымаючыся за слупок адчыненых веснічак, Ганна глядзела на Васіля, нецярпліва чакала. І дзіўнае сталася з Васілём — хоць і сам чакаў яе, нібы назло сабе, прагнуў апошні раз, на развітанне, зірнуць, адчуў, як падступіла да грудзей гаркота, насцярожаная непрыхільнасць. «Стаіць, выйшла паглядзець — знайшла дзіво!.. Мало, што другія глядзяць!» Успомнілася яе непрыязнае: «Адыдзі!» — і бровы нядобра, самалюбна ссунуліся, вочы адарваліся ад яе, утаропіліся ў халодную гразь, што паўзла пад ногі. Так і падыходзіў, не зірнуўшы больш на яе, поўнячыся ўпартай, помслівай непрыхільнасцю.