Шрифт:
Апейка заўважыў, што хлопец хацеў штосьці запярэчыць яму, але стрымаўся, пабаяўся, відаць, угнявіць. «Эх, разгаварыўся, суддзя! — падумаў з одумам аб сабе старшыня. — А ён стаіць — хоць бы што, у галаве — адно: пусцяць ці не?..»
— Я — усё, я пагаварыў, — сказаў ён начальніку міліцыі.
Калі дзяжурны, што ўвайшоў на голас Харчава, паказаў хлопцу на выхад, Васіль нечакана пакланіўся…
5
Апейка не памыліўся, Васіль, слухаючы яго, і праўда думаў аб адным: пусцяць ці не пусцяць? У ім, як ніколі за апошнія дні, забруілася, затрапятала надзея: «Можа, пусцяць?» Усю ноч, слова за словам, думка за думкаю, успамінаў, перабіраў ён гаворку ў кабінеце Харчава, нібы нанава перажываў яе. Гадаючы пра свой лёс, ён адчуваў, што трымаўся не так, як трэба, маўчаў, не апраўдваўся, і цяпер лаяў сябе за маўклівасць: такі зручны момант упусціў, недарэка! Адно толькі, што пакланіўся, добра: знак пашаны, канешне, даспадобы начальству…
Спраўдзіў-такі Хвошчык сваё абяцанне, пайшоў да валаснога начальніка. Значыцца, не брахаў, што з самім Апейкам знаёмы — як сваяк той. Глядзі, як сігануў! І што ў камсамольцы запісаўся, таксама, відаць, праўда чыстая… Дзякуючы ў думках таварышу, мімаволі пазайздросціў: «Выскачыў Хвошчык, хітры!.. Усе Хвашчы хітрыя!» Пазайздросціў не са злосцю, не з абурэннем, а добра: хітрасць — як тыя грошы, як удача, шчасце…
Думкі ад Косціка непрыкметна перабеглі да Апейкі. Згадаў дробную, ціхую постаць старшыні, здзівіўся: такі нявідны, а столькі ўлады ў руках трымае, начальнік усёй воласці! І што асабліва ўражвала: маючы такую ўладу, разам з тым — просты і абыходлівы!
Як толькі падумаў пра Апейку, ажыло зноў, затрывожыла неадступнае, жаданае: «Можа, пусцяць?.. Сказаў жа: „Ты — не бандыт!.. Не бандыт, знаю“, — сказаў… Ён жа не хто сабе, а начальнік воласці, улада, слова яго штосьці значыць… Не бандыт! А калі не бандыт, то не павінны трымаць. Няма такога закону…» Але думкі гэтыя, добрыя спадзяванні тут жа мяшаліся з халодным, звыклым сумненнем: «Наўрад… Так цябе і пусцяць, чакай!.. Харчаў маўчаў, не згодны, канешне… Ды і гэты ж таксамо — лаяў, злаваўся…»
Васіль успомніў, як сярдзіта, непрыязна кінуў яму Апейка папрок: «Крот, баязлівец», — і на змену трывозе аб тым, пусцяць ці не, прыйшла ўпартая злосць: «Прыставілі б табе абрэз да грудзей, паглядзеў бы я, што б ты запяяў! У мясцечку, у кабінетах, за спінамі міліцынераў усе вы смелыя!»
Вунь як яно ўсё павярнулася, як знарок, — усё супроць яго. Нават перадзел зямлі і той нібы ад яго залежаў, нібы ён не за перадзел, дабра сабе не хоча! Ад шчасця свайго, ад зямлі адмаўляецца! І вось жа паспрабуй, дакажы тут, што не вораг сабе. Учапіліся, ведаюць адно: вадзіў, памагаў — і ведаць, здаецца, іншага не жадаюць…
«Маслакі праклятыя, — узяла іншы кірунак думка Васіля. — Трэба ж було налезці ім якраз на мяне, увесці ў такую бяду!» Ён думаў пра маслакоўцаў апошнімі днямі не ўпершыню, думаў з непрыхільнасцю, з тайнай, неадступнай надзеяй адплаты, помсты. Сёння, аднак, да яго думак прымяшалася і іншая: «А чаго ім перадзел еты не даспадобы? Чаго яны свой нос сунуць?»
«А мо яны не самі?.. Мо — папрасілі іх?» — уразіла Васіля адкрыцце. І тут жа прыйшла загадка, якая потым жыла ў ім многа дзён: «А калі папрасілі, то — хто?»
На гэта ў яго не было адказу. Ён не ведаў, мог адно рабіць здагадкі. Але здагадкі для Васіля былі нішто, ён цаніў толькі тое, што ведаў, што бачыў…
Гэтыя Васілёвы развагі перамешваліся з гарачымі і трывожнымі згадкамі пра Ганну — ён нібы зноў стаяў каля плота, чуў шум груш на Чарнушкавым агародзе, брэх сабак, бачыў цьмяную шэрань туману над балотам. Калі ў мары-ўяве браў яе рукі ў свае, гарнуў да сябе, пытанне, якое так трывожыла, пачынала паліць неспакойна, нясцерпна.
«Пусцяць ці не?»
Пытанне гэтае жыло ў ім і ўвесь наступны дзень, у які ён зноў пілаваў дровы каля млына. Шоргаючы пілой, з самага ранку Васіль быў асабліва маўклівы, рабіў з нейкай рэдкай лютасцю, да знямогі. Нават Мітрахван не вытрываў, пад вечар паскардзіўся:
— Замучыў ты мяне, хлопец. Нашчэнт…
Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары, абложаць усё неба так, што стане цёмна, як вечарам. Адзін раз парывісты вецер, шалёна круцячы, кінуў на двор хмару снежных высевак, абсыпаў траву, дровы, дыхнуў халадэчай. Такі няроўны, як гэты дзень, быў і настрой у Васіля, у якім мяняліся добрыя спадзяванні і злыя сумненні.
«Не пусцяць», — рашыў ён, вяртаючыся. З маленства прызвычаены да крыўды, да злога, ён знарок рыхтаваў сябе на горшае, трымаў у душы недавер'е да таго, што можа адбыцца жаданае. І калі пасля звароту хлопец-вартавы загадаў яму збірацца, Васіль прымусіў сябе не паверыць, што гэта і ёсць тая чаканая хвіліна. Ён спакойна надзеў світу і, як звычайна, хмурна ссутуліўся, чакаючы загаду. Толькі калі вартавы сказаў, каб узяў і рэчы, сэрца Васіля дробна, соладка затрымцела.
— І торбу? — перапытаў ён, баючыся, што памыляецца.