Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Міканор і сам адчуў, што на долю яго выпала не абы-якая роля. Гэтае адчуванне было ў ім не ўпершыню, было яно і на сходзе, калі яго назначылі, і потым, калі думаў пра грэблю; але цяпер справа, якую раней толькі ўяўляў, станавілася ўжо дзеяннем не аднаго яго, а многіх людзей, і важнасць гэтай ролі як бы вырастала. Не на каго іншага, а на яго, Міканора, глядзелі людзі, чакалі загаду, куды ісці, што рабіць; ад яго залежала размеркаваць, паставіць усіх так, каб работа пайшла добра, суладна. І няхай тут небагата сабралася, але ж не адзін тут такі, што ў бацькі яму годны гадамі, і камандаваць усімі, што ні кажы, цяжэй, чым аддзяленнем, якое б яно ні было…

За службу пабачыў Міканор, што свет навокал вялікі, але ў гэтым свеце не было для яго нічога большага, як гэтая купка людзей, як грэбля, якую яму належала пракласці цераз балота.

— Ну от, — сказаў ён строга, як бы паказваючы, што загады, якія ён толькі што даў, ёсць не што іншае, як загады. — Астатнім — капаць канавы!

Ён адмераў кожнаму дзялянку, не вагаючыся, не закасваючы штаноў, як бы кідаючыся ў атаку, рынуўся ў рудую з прозеленню твань — уехаў аж па грудзі. Чуючы, як мякка і цёпла ахінула цела балотная гушча, Міканор амаль без націску ўсадзіў у твань рыдлёўку, узняў на ёй бліскучую аладку, з якой весела цурчала вада, шмякнуў наводмаш. У ямцы, толькі што зробленай рыдлёўкай, было ўжо ледзь не даверху вады. Міканор зноў уваткнуў рыдлёўку, побач ямкі, зноў узняў аладку твані, кінуў цераз плячо.

Хутка ўжо не адна, а дзесятак рыдлёвак ускідваліся, пляскалі мокрым цестам твані. Міканор чуў гэты пляскат, лавіў позіркам узмахі рыдлёвак, і яго брала весялосць. Быў неяк асабліва дужы. Хацелася спрачацца з другімі сілаю, спрытам — гнацца навыперадкі. Браў і браў балотнае цеста, кідаў і кідаў наводмаш.

Успаміналася: вось так жа капаў акопы, толькі што яны былі ці ў сухіх хвойніках надпрыпяцкай грады, ці ў пяску між вербалозу. Там, на градзе, ладная вайсковая рыдлёўка часта скрыгатала аб каменне. А тут — багнаватая мяккасць, і не чуеш, як улазіць жалеза… Багна аплывае з беражка. Пясок таксама аб'язджаў…

Як ні заўзята кідаў рыдлёўкай, на дарогу ад цагельні ўсё ж паглядваў — цягнулася яшчэ купка куранёўцаў. У ёй Ларывон і Яўхім Глушак. Як звычайна ўжо, убачыўшы іх, пачуў прыкрасць: не дабіўся суда над Ларывонам і Яўхімам за калядную бойку! Выкруціліся неяк — Хадоська, казалі, памагла: кінулася выручаць свайго Яўхімку, падгаварыла глінішчанскага бедака — той сам стаў за іх старацца!.. Ну, нічога, цяпер і без таго думаць будуць, перш чым у бойку лезці! А ўлезуць — другі раз не выкруцяцца!..

— Пазнавато, героі! — сустрэў іх Хоня.

— Нічога, паспеем! — Ларывон магутнай рукой лёгка пакруціў рыдлёўку. — Не вельмі-то нарабіў ты без нас, што разяўляешся!

— Зрабіў трохі!

Яўхім кінуў позіркам на Ганну, буркнуў строга Ларывону:

— І ты — языком не пляскай! — Ён папрасіў Міканора ветліва, паслухмяна: — Дак які загад будзе?

Міканор уткнуў у твань рыдлёўку, у мокрым, зарудзелым адзенні вылез на дарогу, пайшоў мераць дзялянку. Ларывону страх як не хацелася перціся ў твань: гэта было добра відно па яго гладкім, панурым твары. Яўхім жа, пабачыўшы сваю дзялянку, зарагатаў:

— Ето работка! І наробішся, і накупаешся!

З тым жа вясёлым, бесклапотным рагатком ён шухнуў у твань, гарэзна пазваў Ларывона:

— Лезь, не мніся! Каяцца не будзеш!.. Ну лезь жа хутчэй! А то, бач, колькі другія ўрабілі! Не дагоніш!..

З Ларывона пачалі пасмейвацца. Ён злосна мацюкнуўся, схіліўся закасваць штаны…

Марудна, нядружна, хто сам сабою, хто з канём і калёсамі, куранёўцы ўсё ж сыходзіліся. Міканору не раз і не два даводзілася вылазіць з балота ад пракапанай канаўкі, мераць дзялянкі, паказваць, дзе што рабіць.

— Э, начальнік, адстаеш! — сказаў яму Хоня, які капаў побач.

Другія падтрымалі:

— Няма з каго прыклад браць!

— Няма!

— Ето шчэ пабачым! — задзірыста крыкнуў Міканор, беручыся за рыдлёўку.

Але толькі пракапаў з паўтара метра, як зноў давялося вылазіць: прыцягнулася яшчэ трое.

Акурат уз'ехаў на грэблю з возам зямлі Чарнушка. Воз падрыгваў на бярвеннях і на галлі, што трашчала пад коламі. Чарнушка абмінуў некалькі горак, якія свежа жаўцелі на грэблі, спыніў каня і выцягнуў з-за ручак воза дошкі. Трохі зямлі абвалілася. Ён узяў з воза рыдлёўку і стаў скідаць астатняе — пачала расці яшчэ адна горка.

Міканор назначыў тых, што падышлі цяпер, раскідаць горкі, раўняць, утоптваць. Ён ужо хацеў быў узяць зноў рыдлёўку, калі Хоня, які вылез з канавы, запыніў яго:

— Пастой! Знаеш, што я падумаў. Ні да чого ето, брат, што ты за жалязняк бярэшся! Табе б — увесь час людзей бачыць, знаць, хто што робіць. Кеб кожны чуў, што пад кіраўніцтвам, пад наглядам, значыць. А не сам па сабе, як авечка якая. А то ты рыешся там, як крот, а — не крыўдуй — таго не бачыш, як другія капаюць — ці глыбоко, ці па лініі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: