Шрифт:
— Самагонку гнаў у восеці! Накрылі!
— Маўчы! Кеб змеявік буў мой, то я, можа б, і сцярпеў, а то ж Піліпчыкаў. Кінь, крычу, Радзівон, а ён — хоць бы што! Ну, я і ашалеў, за грудзі яго! А ён — у крык: улась, крычыць, не слухаешся, пакажу!.. І паказаў, праўда!..
Дзверы, да якіх ішлі ўгару прыступкі, адчыніліся, і загарэлы, абветраны хлопец у зашмальцаванай паддзёўцы загадаў абодвум збірацца.
— Куды? — не ўтрываў злодзей. — На лесапілку?
Хлопец строга адрэзаў:
— Даведаешся!
Васіль здагадаўся, што іх павядуць працаваць, і ў ім на момант паявілася спакуслівае жаданне папрасіцца з імі і самому, але ён прамаўчаў. Адчуў, што прасіцца дарэмна: не тое месца, каб выбіраць, што лепей, не воля.
Калі дзверы за імі зачыніліся, ён загарнуўся ў світу і паспрабаваў зноў заснуць, аднак сон ужо не ішоў. Нудзячыся без занятку, не ведаючы, як запоўніць час, стаў пераабувацца: перацёр закарэлыя анучы, перавязаў парваныя аборы на лапцях. Абуўшыся, падышоў да акна, прабег позіркам па асеннім згалелым і пажоўклым агародзе. Спахмурнеў, убачыўшы за рогам хлява наводдаль сіняваты ельнічак, бурштыновую рыску пяску, — угадаў там нявідную дасюль красу Прыпяці.
Увесь дзень то стаяў каля акенца, то сланяўся з кутка ў куток. Не мог звыкнуцца з думкаю, што цяпер не такі, які быў заўсёды, — арыштант, што няблізка цяпер за гэтымі сценамі і вартавым Курані, хата свая, маці, Ганна, усё тое, чым жыў дасюль.
За акенцам рос крывы, ужо амаль данізу ссохлы будыль сланечніку. Першы раз Васіль яго і не заўважыў, але з часам адзінокі, закінуты гэты будыль выклікаў ужо неадступны смутак, нібы жывая істота. «Адзін, як я», — падумаў раптам Васіль і адчуў, як у горле зашчымела.
2
Абвыкся, прыцярпеўся б Васіль у турме, калі б балела яму толькі тое, што арыштант, прызвычаіўся б і да таго, што з цяперашняга часу ён чалавек з плямай. Да думак аб чалавечай нячуласці і несправядлівасці ён звык з малых год, з чужых гаворак і з свайго вопыту, і хоць яны на час зрабіліся вастрэйшыя, хутка прыглухлі б і прыцьмелі б таксама.
Горш за ўсё, самай вялікай пакутай было тут проста сядзенне, сядзенне без звычайных клопатаў, без працы. І доўгімі днямі і яшчэ даўжэйшымі ў крыўднай бессані начамі думаў, балеў душою па дамоўцы, па недамалочаным жыце, па небараку Гузу, які, можа, стаіць не дагледжаны як след, па хаце, для якой ён не прывёз дроў і якая, можа, выстыла. Не дрэмлючы, трызніў гумном, цэпам з выслізганым далонямі цапільнам, бачыў пусты ток, убіраў ноздрамі пах даўняй трухі з застаронкаў, чуў, як шамаціць сена ў мяккіх маршчыністых губах каня. Рукі, душа яго прагнулі працы.
Але працы не давалі. Хоць звычайна не меў схільнасці прасіць, усё ж аднойчы не вытрываў, заікнуўся перад вартавым, што паклікаў барадатага і слабадскога канакрада, каб дазволілі і яму. Вартавы, русявы хлопец у доўгім кавалерыйскім шынялі, нядаўна дэмабілізаваны, адрэзаў па-вайсковаму, адным словам: не загадана. З таго разу Васіль ужо не прасіўся, паслухмяна і абыякава цягнуў нуду на прыгорбленых плячах.
Адзінае, што абнадзейліва свяцілася яму наперадзе, была думка пра сустрэчу з маці. Ён чакаў яе, як ніколі дагэтуль, з дня на дзень, і асабліва ў нядзелю, калі местачковая вуліца, нявідная, але добра чутная адсюль, стала поўніцца жвавым кірмашовым гулам, ляскатам колаў па бруку, гоманам.
Ён не памыліўся: маці прыйшла. Калі яго ўвялі ў пакой, дзе сустракаліся, маці, якая асцярожна сядзела ўскрай услончыка, не зводзячы добрых вачэй з яго, хапаючыся, узнялася, стала ў замяшанні. Так і стаяла маўклівая, і толькі вочы, насцярожаныя, чулыя, павільгатнелыя, поўныя вялікага шкадавання, казалі, што робіцца ў яе душы. У гэты час Васіль пашкадаваў, што не пагаліўся, што рэдкая, яшчэ маладая барада, якая выбілася тут, мусіць, робіць яго твар пастарэлым, горшым.
Ён заўважыў, як у маці жалліва смыкнуліся куточкі губ, і падумаў, што яна вось-вось заплача. Але яна стрымалася, звыкла правяла ражком паркалёвай хусткі па роце, стала заклапочаная. Падаючы торбу, загаварыла:
— Я тут хлеба дзве кулідкі паклала. Учора спякла… Мядку дзед расстараўся. У конаўцы берасцянай, кеб не выліўся, глядзі… Уюнкоў насушыла з дзесятачак… Цыбулькі, гуркоў прынесла…
— Мёд лепей було б на продаж, — строга зазначыў Васіль.
— Яечак дзесятак прадам… Солі трэ і запалак…
Васіль не сказаў нічога на гэта. Пацікавіўся іншым:
— Як там Гуз? Не кульгае?
— Не-а. Папраўляецца.
— Жыто — немалочанае?
— Дамалочуваем. Дзед і я…
— Стары — дужы, кеўляе, значыцца?..
— Кеўляе. Дужы.
За кожным пытаннем і адказам ішла важкая, поўная матчынага смутку, цішыня.
— Валодзька не дурэе?
— Не-а. От надысь на балото хадзіў. Уюноў прынёс. Кажа: Васілю, браціку…
— Глядзі за ім, не балувай… А Гузу — паранку. Зіма падыходзіць — у лес трэба будзе…
— Ды ўжэ ж, буду рабіць…
Распытваў Васіль, раіў, наказваў, а сам не раз, не два думкаю падыходзіў да Ганны: як яна, ці помніць пра яго, ці не злуе за крыўду? Усё чакаў, што маці загаворыць пра яе.