Шрифт:
— Яўхімко! — кінулася Хадоська к яму.
Гэта было так неспадзявана і недарэчна, што Яўхім момант як бы нічога не цяміў.
— А-а!.. Ты… чаго тут?..
— Так, зайшла от! Захацелася от, сама не знаю чаму! Я і зайшла! Нібы чуло сэрца!.. — Яна гаварыла з радасцю, але Яўхіму чуўся ў яе голасе нейкі затоены сум. І праўда, яна паскардзілася ўслед: — Я ўжэ так нудзіцца пачала!
Губы Хадоські вінавата скрывіліся. З гэтай журботнай, дзіўна застылай усмешкай яна ступіла да Яўхіма, хацела, відаць, прытуліцца да яго, але Яўхім адкаснуўся, павёў вачыма ўбок:
— Т-ты чаго?!. Людзей не сорам?
— А што мне — людзі!.. — адказала яна раптам з адчаем і нейкай рашучасцю, якая насцярожыла яго.
— Калі табе ўсё адно, то мне — не ўсё адно!..
Яўхім заўважыў, што твар яе блеклы, нездаровы, вочы запалі, шчокі адвіслі — нібы не дзяўчына, яблыка наліўное, а чэзлая падалка. І ўся яна — як ён дасюль не бачыў? — была нейкая зморшчаная, як бы хворая без надзеі, як бы без крыві — непрывабная, непрыемная. Нават агідная.
Нашто ён звязаўся з ёю, даў ёй хадзіць з ім, ліпнуць? Ну, што было тады ў саломе, тое было, бедаваць няма чаго. Але чаму ён пасля яшчэ важдаўся з ёю, плаціў за рэдкія ўцехі з ёю такой вялікай цярплівасцю, слухаў яе бясконцыя страхі, папрокі, напамінкі, суцішаў слёзы. Замест таго каб адразу адрэзаць, адшыць. Бачыў жа, як ліпне!.. Дык не ж, вясной трэба было яшчэ і ў свіран ноччу прывесці! Добра, што не падгледзеў ніхто!.. Дурань, дурань!..
— Не хадзі за мной! — сказаў Яўхім строга. — Хопіць!
— А ці ж я хаджу!..
— І так жанкі языкі чэшуць!..
— І ніхто не чэша!.. Выдумляеш ты!.. Здаецца табе! Ніхто нічога не кажа!
— Не хадзі!
Даўно б, здаецца, час зразумець, што не пара яму, што кончана ўсё, дык не ж — бегае, як сабака! І глядзіць, як сабака!
— Забудзь!
Ён хацеў пайсці далей. Але яна ўхапілася за руку, спалохана крыкнула:
— Яўхімко-о!
— Адыдзі, сказаў!
Яўхім хацеў узяць ад яе руку, яна не пусціла. Ухапілася другой за пінжак.
— Яўхімко, я… я… — Хадоська захліпвалася ад слёз.
— Пусці!
— Яўхімко! Я… Я — грубая*!
* Цяжарная.
Як ні быў рашуча настроен Яўхім, ён на момант абмяк.
— Што?
Яўхім паглядзеў на яе, зразумеў: кажа праўду. Вочы пачырванелыя ад слёз, скрыўлены болем рот, мокрыя, дрыготкія, як студзіна, шчокі — ва ўсім было відаць вялікае гора. Яна ўся курчылася, дрыжала ад бяды, ад пакуты. Вось, значыцца, чаму яна такая хваравітая!
Дабегаўся, дагуляўся! Дакруціўся так, што далей ужо няма куды! Як і выкруціцца, невядома! «Добра, што ніхто не бачыў, як у свіран хадзілі!» Убачаць, усе ўбачаць!.. Не адышоў у свой час, дурань!
Як жа цяпер быць? Што рабіць?..
— Нагуляла, значыцца?.. Цяпер шукаеш, хто вінаваты?..
— Яўхімко! — застагнала Хадоська. — Бойся Бога! Ці ж я шчэ з кім, акрамя цябе?
— А хто знае! Толькі — ад мяне не магло!
— Яўхімко!
Але Яўхім не хацеў ужо слухаць. Кінуўшы яе ззаду, ён, аднак, неўзабаве прыпыніўся, вярнуўся да яе, што ляжала, уткнуўшы галаву ў траву, захліпаючыся ад адчаю, прамовіў мякчэй:
— От што! Вазьміся за розум, калі не хочаш, кеб людзі смяяліся! — Ён пачакаў, калі Хадоська сціхне, але зразумеў, што не дачакаецца, азірнуўся, сказаў нецярпліва: — У Глінішчах е знахарыха…
Хадоська як бы і слухаць не хацела яго шчырай парады. От і жадай ты дабра ёй, спрабуй памагчы гэтай слязліўцы! Усё ж са злосцю дагаварыў:
— Яна ето ўмэнт!.. Выкіне!.. Чуеш?
Хадоська ў адказ толькі прастагнала. Яўхім пастаяў трохі, потым, як бы пабачыўшы, што важдацца больш няма ніякай карысці, пайшоў сваёй дарогай. «От чорт! — думаў ён, прадзіраючыся праз хмызняк. — Трэба ж, кеб так выйшло! Було ж кеб што асаблівае, кеб любоў там якая, ці што. Кеб хоць сох так, як па етай, па Ганне! Дак не ж, балаўство адно… А цяпер от думай! Чакай, чым кончыцца!..»
Настрой быў цяпер зусім не такі, як да сустрэчы з Хадоськай, сапсаваны быў настрой. Яўхім ад гэтага неўзабаве нават стаў у зарасніку, задумаўся: ісці ці не ісці цяпер шукаць Ганну? Ужо як і не было нядаўняй нецярплівасці і лёгкасці — да ўсяго прыйшла неспакойная думка: «Кеб хоць не расплакалася етая слязліўка перад Ганнай… Яны ж як-ніяк прыяцелькі…»
Але думаў, трывожыўся Яўхім нядоўга. Хадоська — то адно, а Ганна — зусім іншае. Што ж яму цяпер — і глядзець ні на кога няможна? Манахам стаць у маладыя свае гады? Ад таго, што нейкая дурніца прыліпла?