Шрифт:
І наогул, хіба гэта мужчынская справа — за дзеўку думаць? Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць!..
Яўхім палез далей праз зараснік — азірнуўся, прыслухаўся, дзе яна, неадчэпная Чарнушка?
4
Ганна, убачыўшы яго, не здзівілася, не занепакоілася — зірнула абыякава і зноў стала выглядваць, выбіраць маліны. Кусты былі цёмныя, густыя — яна разводзіла лісце, даставала ягаду за ягадай, клала ў жменю. Яўхім пастаяў, чуючы ў сабе недарэчную нясмеласць, падышоў да Ганны, сказаў лагодна:
— Памагці, можа?
— А мне і самой не трудно! — адказала яна, разумеючы яго няхітры подступ. Яна нават не зірнула на яго — як і раней, выглядвала, выбірала маліны.
Яўхім побач з ёй таксама пацягнуўся за ягадай.
— Усё-такі з памочнікам спарней!
— Гледзячы які памочнік!..
— А хіба — паганы? — паспрабаваў ён пажартаваць.
— Добры, значыцца?.. Любіць аржаная каша сама сябе хваліць!
— А чаго і не пахваліць сябе, калі другія не хваляць. Можа ж, і е за што!
— Уга! — толькі і сказала яна з насмешкай.
Яўхіму кінулася ў вочы, пад парванай ніжэй пляча зрэбнай кофтай, паска смуглай скуры, і горла перахапіла гарачая рэўнасць.
— Дзятлік твой, можа, лепей?
Ганна адказала спакойна:
— Як для каго…
На загарэлай, аж чорнай шыі яе пад зборам павязаных паркалёвай хустачкай чорных, з бляскам валасоў віўся лёгкі, дзіўна светлы пушок.
— Ні да чаго ўсё ето! — прамовіў ён як мог весела, бесклапотна.
— Што — ні да чаго?
— Выдумляеш, сама не знаеш што! Усё адно не выкруцішся!
— Ад цябе?
— Ад мяне.
— Уга! Спужаў! — Ганна засмяялася, і смех гэты распаліў упартасць у ім.
— А што ты такое асобае? Не дзеўка хіба?
— Дзеўка-то дзеўка. Ды і куры, кажуць, не ўсе рабыя. Не адзінакія… Не адзінакія, можа, і дзеўкі?.. Не ўсе ж, мабуць, як… Хадоська?!
Яўхім ад нечаканасці аж анямеў. «Знае? Знае ўжэ! Чаму яна ўспомніла? Выказала ета слязліўка?»
Трэба было ўсё ж нешта рабіць, выбірацца з пасткі. Можа, яна гэта проста так, незнарок сказала? Можа, яна і не ведае ўсяго?
— Хадоська — што? — прамовіў ён насцярожана. — Хадоська, канешне… дзеўка… непаганая… Не супроць… Толькі — не да душы…
— Ужэ не да душы?
— А калі яна була да душы?.. Так толькі, што хілілася ка мне, а крыўдзіць шкода було… Не гнаў… Няхай хіліцца, мне што?..
Ганна зірнула на яго, як бы хацела пабачыць — праўду ці няпраўду кажа, — але не прамовіла ні слова, і Яўхім паспакайнеў: не знае.
Колькі часу рвалі маліны моўчкі. Як і Ганна, ён набіраў поўную жменю, ссыпаў у гладышку, што стаяла каля яе ў траве. Яна не хваліла яго, не пярэчыла, як бы і не заўважала. Калі-нікалі было так, што рукі іх сутыкаліся, і, хоць яна адразу ж адхіляла свае, як бы дакрануўшыся да чагосьці непрыемнага, Яўхім чуў, як у ім горача, нецярпліва дрыжыць усярэдзіне, сохне ў горле. Яна была так блізка, такая завабная, такая жаданая нават у сваім абшматаным зрэб'і.
Чым больш Яўхім крадком глядзеў на яе, тым больш сохла ў горле, цяжэй было зноў завязаць гаворку.
— Ты от — не такая… Другая!.. — выціснуў ён, стараючыся гаварыць як бы жартам. — І што ў цябе такое, кеб знаць? Чым ты мяне прысушыла?
— Відаць, што высах! Адны шчэлепы!
— А хіба — не?.. Ты, мабуць, у глінішчанскай знахаркі зелле такое ўзяла!
— Пляцеш немаведамо што!
— Я пляту? Сказала!..
Яўхім раптам абхапіў яе, адной рукой за плечы, другой — за шыю, неспадзеўкі горача зашаптаў:
— Ганна!.. Гануля!..
Ён хацеў прытуліць да сябе, але Ганна ўперлася яму локцем у грудзі.
— Ты — чаго ето?!. Пастой!
— Не, цяпер ужэ не абдурыш! — Ён паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка выйшла невясёлая, крывая.
— А нашто мне абдурваць? — Яна паморшчылася, як ад болю. — Не цісні!.. Дыхнуць няма як!.. Чуеш?!.
— Усё адно — не пушчу…
— Дурны ты, гляджу я… — прамовіла яна, цяжка дыхаючы. — Ей-богу… Так з выгляду — галава, не качан… а розуму — як у дзіцяці…
— Пазычаць не стану… Хопіць на мяне…