Шрифт:
Яўхім адматаў вяроўкі, што завязвалі рубель ззаду, кінуў іх на ток, зняў рубель і стаў падаваць віламі снапы Сцяпану, які стаяў цяпер ускрай сцірты, што стромка падымалася ў застаронку. Снапы ляжалі роўнымі радамі ўжо да палавіны страхі, а яшчэ не ўсё было звезена. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім Кураням на зайздрасць.
«Палавіну на продаж пусціць можно… У еты год, мабуць, у цане будзе — нават у Алешніках не вельмі ўрадзіло… Як спрытно прадаць, то разжыцца можно непагано! Каня купіць у Юравічах дабрэннага можно, цяліцу і шчэ й на лес адлажыць грошай… Бо як ні кажы, а будавацца прыйдзецца… Калі жаніцца, то і будавацца, не інакш… На сваю волю, на сваю гаспадарку, што б там ні было!..
А жаніцца б — пара! Даволі пагайсаў, пагуляў — не да сівых жа валасоў жарабцом бегаць… Мо тады і зараза етая — Ганна — з галавы выйдзе… Выйдзе, канешне, — у пустом полі ўсякая трасца расце!..»
Калі ехалі са Сцяпанам назад, пад порсткі ляскат драбінак Яўхім уявіў, як прыедзе з жонкай, маладой, багатай, якую ён прывязе аднекуль — можа, з саміх Юравіч, бо ў Куранях пад пару яму, вядома, нікога няма, — як павядзе яе на свой ганак пад зайздрослівыя позіркі куранёўскіх нявест… «І кеб яна, канешне, була пры етым, бачыла маю радасць, маю перамогу!» — зноў згадаў Яўхім Ганну.
Але радасці ён і тут не пачуў — нешта не было ахвоты ўводзіць у хату гэту невядомую жонку. Не радасць, а сум нейкі лажыўся на душу, шкадаванне — нібы з гэтым вяселлем не набываў, а траціў. Як ні хацеў, не мог уявіць гэтую сваю будучую жонку, чуў, бачыў адну Ганну…
Плынь думак ураз абарвалася, калі конь выкаціў калёсы к павароту дарогі, за якім можна было ўбачыць Чарнушкаву паласу. Яўхім з нецярплівасцю, з хваляваннем зірнуў — як там Ганна, яшчэ з Дзятлікам?
Дзятліка ўжо не было на Чарнушкавай паласе, а Чарнушкі ўсе жалі. Яўхім убачыў Ганну, што вязала сноп, і паспакайнеў.
3
Кладучы снапы на воз, Яўхім заўважыў, што Ганна адышла ад сваіх, узмежкам падалася да лесу.
«Адна!.. Куды яна? — мільганула ў ім цікаўнасць. — Па маліны, ці што?..»
Яўхім хвіліну сачыў за ёй, як бы чакаў адгадкі. Ён пачаў хвалявацца.
— Ты што? Аслеп? Не бачыш? — крыкнуў Яўхіму стары Корч, трымаючы на вілах сноп.
Яўхім схамянуўся, але думка пра тое, куды пайшла Ганна, ужо не адыходзіла. Стараючыся класці снапы ў час, ловячы тыя моманты, калі стары адварочваўся, каб узяць сноп, Яўхім падсачыў, куды пайшла Ганна, — думаў, як бы хутчэй далажыць воз, як адчапіцца ад бацькі, вырвацца туды, услед за ёю.
— Ну, хопіць! — нарэшце сказаў Глушак-стары, і Яўхім, зачапіўшы рубель, які яму падаў Сцяпан, з радасцю саскочыў на пожню, стаў борзда ўціскаць воз.
— Яшчэ разок! Яшчэ!.. Г-гах!.. — камандаваў Яўхім Сцяпану, цягнучы вяроўку так, што аж гарэлі рукі. Тузануўшы вяроўку апошні раз, Яўхім, каб не развязалася, некалькі разоў спрытна зашмаргнуў канец яе на выцертым да бляску рублі, пляснуў брата па плячы.
— Да самаго Мозыра можно везці!..
Ён тут жа нагнаў на сябе выгляд паслухмянасці і пакоры, насцярожана зірнуў на старога.
— Арэшынкі нагледзеў надысь… На абручы акурат… — Яўхім чуў, як маці ўранку прасіла старога набіць новыя абручы на бочку.
— Арэшынкі! Знайшоў час… — нязгодна прабурчаў стары.
— Час не час — да ненарокам ссякуць!.. Удалыя вельмі!..
Стары памаўчаў, і Яўхім зразумеў: хітрасць удалася! Можна пайсці!
— Бяры лейцы! — сказаў ён Сцяпану ўсё з той жа паслухмянасцю, нібы перадаваў бацькаў загад. — Не адвыкай ад навукі мужыцкай! — на ўсякі выпадак нагадаў ён брату звыклую бацькаву параду.
Стары не адгукнуўся на гэты сынаў хітрык.
— Кеб не бадзяўся там вельмі! Вернешся, абгледзь тут — мо калоссе дзе-небудзь засталося, падбяры!
— Добра…
Яўхім пачакаў, калі бацька загадае ехаць, — упёршыся ззаду ў снапы, памог каню крануць воз, пасля таго як воз крактануў, хітнуўся, рушыў, яшчэ некалькі крокаў прайшоў услед, усё памагаючы плячом.
Калі ж адстаў, Яўхім кінуў на бацьку зладзейкаваты позірк і, ледзь стрымліваючы вялікі прыліў нецярплівасці, хутка пайшоў к лесу. Ішоў ён не проста туды, дзе схавалася Ганна, а бліжэй к сваёй паласе — асцерагаючыся лішне цікаўных людскіх вачэй, думаў падабрацца к Ганне нявідна, лесам.
Чым бліжэй падыходзіў да лесу, тым мацнелі ў яго гарачае хваляванне, неспакой і нецярплівасць, якія гналі яго — хутчэй, хутчэй! У яго ледзь хапіла развагі, каб не пабегчы. Хутчэй, пакуль не адышла далёка, не прапала ў зарасніку: зойдзе, залезе ў гушчар — век не знойдзеш!..
Ледзь дапаў да лесу, парывіста нырнуў у жаданую засень: нарэшце можна пабегчы, не асцерагацца людскіх вачэй. Хацеў быў адразу ж кінуцца ў зараснікі і раптам хіснуўся назад, як бы наткнуўся на дрэва: насустрач — трэба ж, каб так не ў час! — выскачыла Хадося.