Шрифт:
— Буў ужэ?.. — не то запытала, не то адзначыла проста. Ганна зразумела — пра Яўхіма гаворыць.
— Буў.
Мачыха сур'ёзна стуліла губы. Уздыхнула.
— І к нам прыходзіў. Гразіўся.
— Няхай грозіцца! — Ганна весела ўстала, накрыла слоік з варэннем. — Тут таксамо страшыў! Да я астудзіла трохі!
Бацька не павесялеў ад яе слоў. На твары паявілася нешта нават такое, нібы папракнуць хацеў.
— Ты асцярожней будзь, — папрасіў лагодна. — Ён — паганы…
— Аге, ён калі пагразіўся, дак нешто думае, — павучальна дадала мачыха. — Ты ўсё-такі бойся!
— Не такі ён страшны, — разважліва ўжо, каб не трывожыць лішне бацьку, прамовіла Ганна.
— Страшны не страшны, а — асцярожней будзь.
— Да ўжэ ж, сама не палезу на ражон.
Зноў папілі чаю са сподачкаў і сталі збірацца. Ужо каля калёс, перад тым як развітацца, бацька яшчэ нагадаў:
— Ён — паганы. Не адступіцца так… Ну, і тое — беражонага — Бог беражэ…
— Ето праўда, — стуліўшы губы, кіўнула мачыха.
Ганна не стала пярэчыць. Бацька раптам болесна скрывіўся, ледзь не заплакаў. Але стрымаўся.
— Калі што трэба будзе, накажы.
— Накажу.
Пасля іх было маркотна, трывожна думала пра Яўхіма. Але з усім была і палёгка: цяпер ведала, як яны там, пасля ўсяго, што яна зрабіла.
Пад вечар таго ж дня заехаў Міканор. Прывязаў каня каля плота, доўга атрэсваўся каля калёс, выціраў запыленыя боты. На ганку ўжо прыпыніўся, агледзеў сябе яшчэ раз, абцягнуў пінжак, з калідора громка, смела пастукаў.
Ганна, хоць у акно бачыла ўжо, запыталася, хто там; а калі ён брава ўвайшоў, акінуўшы позіркам яго нацятую постаць, сказала радасна:
— О, Міканор сам! Не забывае сваіх куранёўскіх!
— А чаго ж забываць, — у тон адказаў Міканор. — Ето от штоб некаторыя куранёўскія не зазналіся. Не забылі сваіх!..
Ён, адразу заўважыўшы, што Параскі няма, прыслухаўся, ці не чуваць на кухні, у класах. Ганна перахапіла яго, з насмешачкай памагла:
— Параскевы Андрэеўны няма. Пайшла на сяло. Саўсім нядаўна.
Ён нібы не заўважыў яе насмешкі, знарок спакойна патупаў, зірнуў у акно да каня.
— Ехаў от з Юравіч. Дай, думаю, пагляджу, як жывуць…
— Жывем от неяк. Не жалуемся. — Падчапіла: — Каб часцей заязджалі некаторыя, дак, можа б, шчэ лепей жылі.
— На адчот у райком вызывалі, — нібы не заўважыў ён жарту. — Як да зімы падгатовіліся. — Міканор сеў на крэсла каля стала са сшыткамі, узяў адзін, разгарнуў. — Ето ж сколькі труда трэба, штоб навучыць чалавека розуму!..
— Ну, і што там у раёне? Пахвалілі?
— Усяго было. Трохі пакрыцікавалі. Далі саветы. Усё як паложано. — Міканор устаў, ступіў некалькі крокаў спакойна, павольна. Глянуў на Ганну, што сачыла з усмешачкай. Нібы не бачачы гэту ўсмешачку, пахваліў: — Усё-такі набралася духу! Дала адстаўку Глушаку! Даўно трэба было!
— От не магла дадумацца сама! А ты не падказаў!
— Сама думаць павінна б! Е галава на плячах!.. — Прайшоўся яшчэ трохі, сказаў тонам, у якім таілася нешта грознае: — Нічого. Скора возьмемся так, што заенчаць Глушакі! Канчаецца іх панаванне! Так што ты не бойся!.. Буў, кажуць, ужэ?
— Буў…
— Не бойся!
— Дзякую за падмогу. Толькі я — не баюся.
— От і правільно.
Ганна падумала раптам, што і ходзіць, і гаворыць ён так, быццам Параска бачыць і слухае яго. Ёй стала смешна за яго. Міканор улавіў кплівы яе позірк, недавольна нахмурыўся.
— Твой Дзятлік от за розум не бярэцца! — прамовіў строга, з папрокам. — Пагано можа кончыцца!
Ганна перастала смяяцца.
— А ты б памог яму. Падышоў бы як трэба.
— К яму падыдзеш! Толькі загаворыш, морду адварочвае!
— Значыць, гаворыш так! Ты ж так гаворыш, што часто і не зразумееш, ці ты раіш, ці загадуеш! Як камандуеш усё адно!
— Нагаварыўся ўжэ, аж у роце горко! Увесь час таўчэш адно, а яны хоць бы варухнуліся!
— Так ето проста варухнуцца! Даў загад — і зразу ўсе штоб пагналі ўсё ў камуну! Пабеглі, падскокуючы з радасці!
Міканор зазлаваў. Не стрымліваўся ўжо:
— Ты ўсё знаеш! Усе падходы!