Шрифт:
— Знаю, — сказала яна, зноў нібы ўсміхнуўшыся. — А і табе знаць бы трэба! Калі за гуж узяўся.
Ён толькі ўзлавана зіркнуў. Хаваючы злосць, падышоў да стала, зноў разгарнуў сшытак, стаў разглядаць.
— Ты ето, можа, прыйшоў, кеб указанне Парасцы даць, як вучыць?
— А што ж, думаеш, не магу? — Ён зноў гаварыў паблажліва: — Маю право на ето!
— То-то я і гляджу: прыйшоў важны! Прыбраўся! — Хацела стрымацца і не магла, дадала кпліва і сур'ёзна: — Е ўжэ ў яе, каму ўказваць!
— Мало хто е…
— Не мало і не багато. Адзін.
Міканор момант вагаўся. Зірнуў з асцярогай.
— Хто ето?
— Ён. Знаеш…
Міканор спахмурнеў. Знае. Невясёлы, ссутулены, доўга маўчаў. Лістаў, не бачачы, сшыткі. Нарэшце схамянуўся, устаў.
— Трэба ехаць. — Пастараўся ўсміхнуцца. — Есці хочацца. А зямлячкі не частуюць… Бацьку, можа, што перадаць?
— Буў тут сам.
Падаў здаровую, абыякавую руку. Ужо без смеху, шчыра яна папрасіла:
— Прыязджай. Хоць — па дарозе…
— Будзе час — заеду…
Яна потым пашкадавала: нашто растрывожыла яго? Але адразу ж запярэчыла сабе: няхай не дзярэ галаву вельмі! І попусту няхай не цешыцца!..
Раздзел другі
1
Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі — справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.
— Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? — хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.
— Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…
— Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!
— Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!
Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы — раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!
Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:
— Ганна, прашу выйсці.
— Чаго ето?
— Дзело есць! Выясніць трэба…
— Дак выясняй тут.
Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!
— Пры пастаронніх нельга…
Параска адразу адгукнулася:
— Дык я магу выйсці!
— Не, вы работайце! — Ён сказаў нецярпліва, патрабуючы: — Часу няма. Выйдзі!
Ну што ж. Ганна, не апранаючыся, выйшла ў калідор. Ён папрасіў выйсці на ганак. Паслухалася. На ганку стала.
— Ну, выясняй.
— Хадзем трохі шчэ, — лагодна ўзяў за руку.
— Не хочу.
— От скула ж ты! — засмяяўся, як бы хвалячы. — Усё па-свойму гнеш!
— Ну, што ты хацеў выясніць?
Ён выпусціў яе руку, важна прамовіў:
— Ты ето правільно зрабіла, што Глушака кінула.
— Дак ты для етаго і пазваў — штоб пахваліць?
— Ну язык! — Ён зноў засмяяўся, як бы хвалячы. Сказаў: — Правільно. Хваціць гнуць карак на іх!
Дубадзел узяў яе за руку. Ганна хацела зразу ж адабраць яе, але ён не аддаў. Пацягнуў Ганну да сябе. Аж заванітавала: дыхнуў гарэлкай.
— Т-ты што ето?! — здзівілася нібы.
— А нічого! — забулькаў брыдкі смех. — Паўхаджуваць от хочу за табою.
— Унё! Дак для етаго трэба было цягнуць сюды? На холад. — Холад такі браў яе. Асабліва мерзла спіна. — Паўхаджуваў бы там. Перад Параскаю.
— Наравішся ты мне! — як бы не заўважыў ён кпіны, усё цягнуў да сябе. Яна цвёрда ўперлася яму ў грудзі. — Ну, чаго ты? Н-не нараўлюся?
— Не наравішся.
Рукі яго трохі паслабелі. Але ён усё ж не выпусціў яе.
— Чаму ето?
— А не знаю. Просто — гадкі.
Чула: гэта яго нібы ўдарыла. Момант разгублена маўчаў. Потым сказаў злосна:
— Чаго дзярэш нос?
Яна спакойна загадала:
— Пусці!
Дубадзел пусціў.