Вход/Регистрация
Завеі, снежань
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— Няма чаго дзеўку строіць з сябе! Не знаю, думаеш, як ты з етым Дзятлікам на гумне?

— Знаеш?

— Знаю.

— Дак старайся не забыць!

Гэта здзеклівая парада раз'ятрыла яго.

— Чаго дзярэш нос, кулацкая падсцілка!

Яна стрывала, прамовіла з пагардай:

— Ето ўсё, для чаго ты пазваў мяне?

— Т-ты шчэ пашкадуеш аб етом! — выціснуў ён люта.

— Тады тое будзе!

Ганна спакойна зачыніла дзверы.

Калі ўвайшла, Параска зірнула ад сшыткаў гулліва, падсмейваючыся:

— Ну што, пагаварылі?

— Пагаварылі, — Ганна сказала такім тонам, што ўсмешка на Парасчыных губах замерла.

Параска ўгледзелася ўважліва і не стала распытваць. Нахілілася зноў над сшыткамі. На кухні, на адзіноце, Ганна дала волю гневу: «Ах ты, гад, гад, як абазваў, аж успомніць гадко!» Старалася суцешыць сябе: добра ўпякла яго — адскочыў адразу; але гнеў не сціхаў. «Думае, як я адна, дак і ўсё можно. Прыходзь дый бяры, рада будзе… Кінецца сама! Аге, толькі цябе мне і не хапало… Ждала, не магла даждацца!.. Грозіцца яшчэ: „Пашкадуеш!“ Пашкадую, ды пра другое! Што не плюнула ў вочы!..»

Неўзабаве супакоіла сябе зусім: ёсць перажываць з-за каго!

Праз дзень прыйшоў яшчэ чалавек. Быў вечар, позні вечар, хутка павінны былі кончыцца вячэрнія заняткі — са старымі, калі Ганна пачула, што ў калідор нехта зайшоў. Пашаргаў у цемры лапцямі, стаў, мабыць, не ведаў, куды ісці.

Яна адчыніла дзверы ў калідор, глянула ў змрок.

— Хто тут?

Ён стаяў наводдаль, са святла ў змроку калідора ледзь відна была постаць. Яна не так пазнала, як здагадалася.

— Ты?..

Голас яе дрыжаў. Яна ўмомант захвалявалася. Узрадавалася: прыйшоў! Радасць нядаўніх сустрэч першая ажыла.

Ён паволі, таксама ўзрадаваны, падаўся насустрач.

— Заходзь!

Калі ён асцярожліва зайшоў, амаль заплюшчыўся ад святла, у яшчэ летняй шапцы, у расшпіленай свіце, яна ўзрадавана прыпала да яго позіркам, але амаль нічога добра не бачыла. На міг недарэчы заўважыла нейкі белы пыл на рукаве: снег, ці што? — і больш нічога, што б здзівіла неяк. Усё было такое знаёмае, роднае. Гледзячы на яго, яна не так бачыла, як адчувала, можна сказаць, толькі адчувала. Быццам стаялі, прытуліўшыся…

Ён, хмурачыся, няёмка, як бы недаверліва агледзеўся. Хмурыўся ён, можа, ад святла, але ёй падумалася, што яму не падабаецца тут. Яна схамянулася. Накінула на плечы хустку. Рашуча ступіла ў калідор.

— Хадзем!

Выйшлі на ганак — на цемру, на вецер. Момант здавалася, быццам нічога іншага не было, толькі спатканні. Усё было, як тады перад гумном, пад яблыняю. Як у гумне.

Ішлі хутка, нецярпліва. Нецярпліва стала. У баку ад дарогі, каб не зашкодзіў ніхто.

— Прыехаў! Не забуў! — Голас яе перарываўся.

— Не…

— Я думала, забуў!

— Скажаш!..

— Не прыязджаў доўго!

Ён памаўчаў.

— Не так просто…

Яна зразумела недагаворанае: не так проста вырвацца. Маня, матка, суседзі. Усе сочаць. Абавязкі перад сваімі. У радасць яе ўліўся нядобры халадок. Не так проста. Не так проста!

— Ты прыйшоў? — спытала стрымана.

— Прыехаў…

— З дому?

— З Алешнікаў… — Ён дадаў: — Муку малоў…

Яна запытала, абы не маўчаць:

— А дзе — калёсы?

— На вуліцы.

Узялі дрыжыкі. Пачула, які халодны вецер. Трэба было хоць бы накінуць каптан. Выскачыла згарача!

— Як ты тут? — пачула.

Смутак, трывога, любоў былі ў голасе.

— А нічого. — Пастаралася схаваць гаркату. — Жыву… Добра жыву… А — ты?

— Ат…

Многа сказала ёй гэтае «ат»!

— Маня — як? — не стрымала раўнівае.

— Што ёй…

— А сын?

— Расце…

Нялёгка было гаварыць: за тым, што казалі, было багата іншага, пра што і казаць не хочацца, і забыць не забываецца. Таму ахвотна маўчалі.

Але і маўчанне было поўнае хвалявання.

— Землю адабралі! — нібы паскардзіўся ён. Яна пачула ў голасе адчай. — Усю, што каля цагельні.

— Мне казалі, — паспачувала яна.

— Пасеянае перааралі. Міканор усё…

Ён, здалося, чакаў, што яна паспачувае. Скажа нядобрае пра Міканора. Яна не сказала. Нашто вярэдзіць лішне боль яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: