Шрифт:
Увесь дзень чакаў Глушак моманту, каб зноў пачаць трудную гаворку. Толькі пасля абеду, калі Яўхім, прытуліўшыся да вушака, закурыў цыгарку, паблажліва пусціў струменьчык сіняга дыму, стары адчуў, што можна пачаць.
— Дзе чобаты хромавыя? — спытаў стрымана, нібы зусім спакойна. Упіўся вачыма ў сына.
Яўхім брывом не варухнуў. Быццам чакаў. Пусціў спакойна яшчэ струменьчык дыму.
— Дзе булі, там няма. Прадаў…
— Прадаў… Каму ето?
Яўхім пусціў яшчэ струменьчык дыму.
— А не ўсё адно — каму?
— Грошы палучыў? — не адступіў Глушак. Позірк зноў павастрэў.
— Палучыў.
— Сколькі ўзяў?
— Сколькі можно було, столькі ўзяў…
— А ўсё-такі — сколькі?
— Небагато. Ды і, сказаць, нямало…
— Дзе яны, твае грошы?
— Каторыя — пры мне, — Яўхім гаварыў так, нібы здзекаваўся, — а каторыя — спажыў…
Глушака затрэсла ад гневу.
— І пінжак — спажыў?!
Яўхім перастаў дыміць. Узняўся, сказаў супакойліва:
— Тато, не трэба так…
Але стары не мог ужо спыніцца:
— Скора ўсе спажывеш! Усе на гарэлку распетрыш!.. Усе дабро!..
Яўхім зірнуў на яго нявесела, як бы са шкадаваннем. Як на малога, што назаляе неразумна.
— Нашто ето ўсе, тато… Ці вы — дзіця, не бачыце нічого?
— Ты — бачыш!.. Засляпіў вочы гарэлкай!
— Ад таго, тато, і засляпіў, што бачу ўсё…
Яўхім гаварыў вельмі шчыра і з вялікім хваляваннем, і старому гэта перадалося. Адчуў балючую праўду сынавых слоў, разгублена, больш з-за абавязку, папракнуў:
— Цераз нейкую галадранку свету не бачыць!
— Тато, не чапайце ето, — папрасіў ён лагодна. Дадаў разважліва: — Не ў адным етым — бяда. — Глушак пачуў злавеснае, калі Яўхім сказаў: — Ето мы перажывём! — Ён не скончыў, але ў тым нясказаным стары адчуў: ёсць большае, горшае! Яўхім не даў старому весці спрэчку далей, папрасіў: — Пагаворым пра ето пазней. Нешто трудно зразу пасля абеду…
Ён выйшаў, і неўзабаве стары пачуў, як у суседняй палавіне рыпнуў ложак.
Увечары Яўхім прыйшоў зноў. Калі сёрбалі боршч, у хату ўваліўся Пракоп Лясун, буркнуў: «Добры вечар у хату», падзякаваўшы, як заведзена, на абавязковае запрашэнне за стол, глыбай апусціўся на канапу. Павячэраўшы, Яўхім не захапаўся, як звычайна; абапершыся аб вушак, задуменна задыміў цыгаркаю. Быццам толькі што перарвалі дзённую гаворку, сказаў старому:
— Жыць, тато, усе адно не дадуць…
Стары таксама лагодна і павучальна запярэчыў:
— Дадуць не дадуць, а дзяржацца трэба.
— А як я не магу! Харакцер у мяне гарачы, знаеце ж!
— Харакцер дзяржаць трэба! Не распускаць.
— А як не ўмею я!
Стары, спасцярожліва паглядваючы на Лесуна, стрымана і цвёрда заявіў:
— Трэба ўмець! Цяперашнім светам усяму трэба навучыцца!
— А я от не ўмею!
— Трэба ўмець!
Яўхім не адказаў. Дыміў цыгаркаю, думаў пра нешта. Дакурыў, кінуў пад ногі, расцёр апоркам, моцна, злосна. Тады загаварыў гарачкавата, як пра набалелае:
— Робіш на некаго! Як парабак!.. Робіш, а ён — жаба — прыйдзе ды вычысціць пад мятлу! Як бы ето не тваё, а яго! Камандуе ўсякае, а ты слова не скажы!.. Ей-бо. — З лютай шчырасцю, з той раптоўнай, няўтрымнай адвагай, якой заўсёды апасаўся стары, прадказаў: — Не ручаюся: стукну я калі-небудзь етаго Дамецікаваго! Стукну так, што свінячае папрэ з яго! Ей-бо! Рукі даўно чэшуцца!
Стары кінуў позірк на Пракопа, недавольна папракнуў:
— Пляцеш усякае!.. Чалавек падумае: і праўда…
— Праўда, тато! — не хацеў нічога разумець Яўхім. — Стукну! Цярпення ўжэ няма!
— Не балбачы! Здурнеў саўсім!
Яўхім быццам і не чуў старога.
— Толькі от вас ды матку шкода, дак і дзяржуся. А так — даўно б!
— Здурнеў саўсім! — закруціў Глушак галавой, пазіраючы дружбацкі на Лесуна, як бы просячы не браць сур'ёзна.
Пракоп слухаў Яўхіма панура, усхвалявана.
Яўхім неспадзеўкі весела варухнуў плячыма, закінуў рукі за галаву.