Шрифт:
Без якога-небудзь узрушэння ўзяла яна і чутку, што калектыў такі скончыўся. Спакойна, са звычайнай цікаўнасцю слухала яна неспакойны гоман на вуліцы, глядзела, як ехалі порстка адна, другая фурманкі, накладзеныя розным прыладдзем, — з гаманлівым натоўпам, што рушыў побач.
Як больш блізкае, што неяк датычыла і яе, адзначыла, што там, у натоўпе, з дарослымі — дзеці, што ў школу ідуць сёння толькі нямногія і нядружна. Двор у гэты ранак не віраваў дзіцячымі постацямі і не звінеў бесклапотнымі галасамі, у класах і ў калідоры было нібы прасторней, чым у іншыя дні. Дзеці збіраліся купкамі, дзяліліся навінамі, штосьці меркавалі, твары ў большасці былі ўзрушаныя і не па-дзіцячы заклапочаныя. Заклапочанасць гэта, аднак, была не панурая: у вачах малых больш паблісквала цікаўнасці, так і відаць было — іх хвалюе асабліва сама навіна, яе новыя праявы.
Небагата было ў калідоры і ў класах і тады, калі падышоў час пачынаць заняткі. Ганна з неспакоем паглядзела на гадзіннік над Парасчыным сталом: большая стрэлка набліжалася да самага верху, да лічбы «12», — хутка трэба было даваць званок, а Параскі не было дома.
Параска прападала недзе на сяле. Пабегла яшчэ давідна і не паказвалася.
Стрэлка дабралася да «12» і пачала сыходзіць уніз, Ганне трэба было даваць званок, але яна не брала яго. Яна то корпалася на кухні, то спакойна выходзіла ў калідор, і выгляду не падаючы, што нешта здарылася. Каб трэба было, яна і не такое зрабіла б для сваёй Параскі. Не такую дробязь. Толькі ў пакоі яна неспакойна паглядвала ў акно: Параскі ўсё не было відаць.
Параска паявілася, калі большая стрэлка мінула трэцюю лічбу. Яна ішла хутка, здалёк было відаць — узрушаная, неспакойная. Ускочыла на ганак, убегла ў пакой, нецярпліва развязала хустку, кудлатая: валасы ва ўсе бакі, апусцілася на табурэтку. Расшпіліла паліто.
— Званка не было? — запытала, але такім тонам — нібы пра нешта неабавязковае.
— Не.
Тады ўжо яна павяла позіркам на сцяну і, убачыўшы гадзіннік, не здзівілася. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Пахваліла ўсмешкай: добра зрабіла, скеміла!
Ганна падміргнула ёй: можаш не сумнявацца, не схіблю. Абедзве зарагаталі, радыя адна адною. Ад гэтага рогату Параска быццам ажыла, з раптоўнай жвавасцю ўскочыла з табурэткі, кінула хустку на ложак, павесіла паліто. Рашуча, імкліва рушыла на кухню, стала шумліва плюхацца над тазікам. Выцершыся, падбегла да люстэрка на стале, узялася хутка прычэсвацца — зашчаміла ў чарнату валасоў вялікі, з рудаватымі жылкамі грэбень.
— Давай званок, — загадала яна, абцягваючы, убіраючы ў спадніцу ніз кофтачкі.
Яна не стала снедаць. Ледзь выпіла паўшклянкі малака, ухапіла вялікі школьны журнал, кніжкі, сшыткі, знікла за дзвярыма.
Ёй было, відаць, не да заняткаў: пакуль ішоў урок, яна некалькі разоў пакідала клас, вярталася ў свой пакой, неспакойна бадзялася па ім, паглядвала ў бок вуліцы. Неспакой яе не прайшоў і калі пачалася пераменка і калідоры напоўніў гул і гоман дзяцей, і калі ў прыціхлых класах пачаўся другі ўрок.
Недзе ў сярэдзіне другога ўрока прыйшоў хлопец у чорнай паддзёўцы, у ботах. Пакуль ён абмятаў венікам боты, Параска выйшла на ганак. Разам з ім вярнулася ў пакой.
Хлопца Ганна ведала: ён ужо не раз быў у Параскі. Глінішчанскі актывіст, камсамолец, Барыс Казачэнка. Глінішчанскі Міканор, жартам называла яго ў думках Ганна.
Глінішчанскі Міканор толькі хмурна паздароваўся і ўжо не заўважаў Ганну. Павярнуўшы даўгаваты, з гарбінкаю твар да Параскі, глядзеў трывожна і стомлена. Нібы чакаў парады ці дапамогі. Параска маўчала, знарок не глядзела на яго. Ці то вінаваціла яго, што такі бездапаможны, ці то вінаватай адчувала сябе. Што не можа ні памагчы, ні парадзіць.
— Трудна цяпер, канешне… — прамовіла раздумліва і, мусіць, працягваючы гаворку, пачатую на ганку. — Калі дайшло да гэтага…
— Слухаць нічога не хочуць. Хоць ты кол на галаве чашы! А некаторыя — дак кінуцца зразу гатовы. Учапіцца ў цябе за адну гаворку… І ўсё — мацюкі ды мацюкі… — Ён гаварыў з прысвістам: замест «чашы» ў яго выходзіла — «цясі», «мацюкі» падобны былі на нейкія «масюкі». — Асабліва жанкі пашалелі!.. Так і глядзі, штоб каторая не кінулася з кіпцюрамі!..
Яму было, відаць, няёмка прызнавацца Парасцы ў сваёй няздольнасці пераконваць. Ён нібы трохі і падсмейваўся з сябе.
— Трудна, канешне… — зноў адгукнулася Параска. — І ўсё ж нельга апускаць рукі. І кіпцюроў жаночых баяцца! — раптам пакпіла з яго. Узяла сваю ролю.
— Ды я і не баюсь. У мяне шкура тоўстая. Толку от ніякага! — павесялеў Барыс.
— Нам цяпер так: ці пан, ці прапаў! Выбіраць няма чаго!
Параска пастаяла момант, разважаючы, тады раптам рашуча загадала: