Шрифт:
— Судзьба — яна што вецер. Не знаеш, у які бок паверне.
— Ах, ты думаеш пра паварот? Дык засячы на носе: толькі ты не ў той бок павернешся — і гэта будзе твой апошні паварот. Ды і не толькі ты. Калі Хрысціна зробіць глупства — не туды паверне, то будзе купляць свечкі. Здаецца, я папярэджваў яе, яна баба разумная.
Нарэшце ляпнулі дзверы, і галасы гаспадыні і малой пачуліся зусім блізка — за няшчыльна зачыненымі дзвярамі кухні.
— Мамачка! — выгукнула малая. — Татка дома?
— Дзе ты яго бачыш?
— Во шынелька яго вісіць!
— Ды ён другую апрануў. Новую. Сёння ў іх праверка. Галоўны начальнік будзе правяраць.
— Гітлер?
— Гітлер.
— Усё роўна не хачу да Казлоў. Віцька кусаецца.
Ляпнулі дзверы. Шабовіч напружыўся: ці не зачыняе іх Хрысціна на замок? Дарэмна не папярэдзіў: не зачыняць! Хоць што лепш — каб дом быў зачынены ці адчынены? Які ў іх замок — унутраны ці вісячы? Як ён не звярнуў увагі на гэта? Пайшла яна, здаецца, без затрымкі. Але секунда трэба, каб павярнуць ключ унутранага замка. Не ўсё можна прадбачыць.
— Дзіця ведае, хто ваш галоўны начальнік. Змагары за «вольную» Беларусь!
Чурсік не адказаў.
Дзіўна. Засталіся адзін на адзін у доме — і як бы вытхнуліся. Абодва. Шабовічу таксама не хацелася працягваць размову. Знайшоў з кім спрачацца аб лёсе! Воўк застаецца ваўком, і за ім трэба пільна сачыць, а не ўшчуваць, не агітаваць.
Чурсік падняў крышку каструлі. У нос ударыла такім пахам, што закружылася галава.
— Я табе што сказаў?
— А што?
— Не дакранайся да прадметаў.
— Крышкі ад каструлі баішся! Ге-эрой! Мне загадана накарміць цябе.
— Сам вазьму.
— Дык бяры. За стол, бачу, не сядзем.
Кінуўшы крышку на канфорку пліты, гаспадар запусціў руку ў каструлю, выцягнуў ажно два насаленыя дранікі, укінуў іх у рот, не жуючы, праглынуў, ажно напяўся кадык і калыхнуўся пад сарочкай жывот.
У Шабовіча рот напоўніўся слінай, сплюнуць яе было няёмка, а пракаўтнуць — сябе выдаць. Есці хацелася. Але была адна прычына, якая прымусіла вагацца. Там, на камароўскіх гародах, яго прапаносіла. Ад страху? Ад холаду? Не дзіва, калі і ад страху, цэлую ноч дрыжэў, рыхтаваўся да смерці. Чые нервы вытрымалі б! А ў яго не нервы — жывот схапіла. Калі-небудзь пасля вайны з гэтага можна пасмяяцца, пацешыць сяброў. Але цяпер не да смеху. Сілы падтрымаць варта. Дзе яшчэ і калі ён дабярэцца хоць да сухой скарынкі хлеба? Але ж калі ад дранікаў з салам пагоніць — куды дзявацца ў такой сітуацыі? А яшчэ горш, калі цябе схопяць. Гэтак асароміцца перад сябрамі і то брыдка, а перад ворагамі… будуць іржаць, падлюгі, з такой ганьбы партызана, чаго добрага, у газеце прапішуць. А сволач паліцэйская як знарок дражніць — аплятае дранікі, ажно сала цячэ па барадзе і па руках. Глядзі, умалоціць усю каструлю, абжора. Выходзіць, не перажывае таго страху, калі чалавеку не да пітва і харчу. Ат, чорт з ім! Чурсіка саромецца няма чаго: можна на памыйнае вядро сесці, а там — што будзе, тое будзе. А энергію такія дранікі дадуць на добрыя суткі. Сіла яму спатрэбіцца, калі Хрысціна сумленна выканае заданне і трэба будзе выходзіць з Аксанай. Сіла трэба ў любой сітуацыі.
— Каструлю не з’еш.
— Не турбуйся.
— Які наказ табе дала Хрысціна?
— То еш. Хопіць тут на чацвярых.
— Паеў — адступай у кут.
Чурсік сквапна аблізаў пальцы, але потым зноў выхапіў з каструлі два дранікі і тады адступіў ад пліты да акна.
— Не засланяй акно. I не дэманструй суседзям, што ты дома. Стань у куток!
— Ты і без таго загнаў мяне ў куток. Дружок!
— Я цябе заганю дзе Макар цялят не пасвіў.
— А дзе ён не пасвіў?
— Там пабачыш.
Шабовіч дацягнуўся рукой да каструлі, узяў дранік, адкусіў кавалачак, і надзвычайная смаката растала ў роце.
Чурсік не запіхнуў больш два дранікі ў зяпу, еў гэтак жа павольна, як і яго вартаўнік.
Яны як бы спаборнічалі, хто лепш умее смакаваць і такім чынам вышэй ацэніць кулінарнае майстэрства гаспадыні. Калі Чурсік з’еў свае дранікі, Шабовіч дастаў аладку з каструлі і кінуў гаспадару:
— Лаві.
I той злавіў. Адразу, відаць, не падумаў, але потым дайшло: кідае, як сабаку ў яго доме. I стала паліцаю крыўдна, ён злосна пляснуў дранік аб сцяну, пасадзіўшы на шпалеры масляную пляму, і… заплакаў натуральным чынам; не адвярнуўся, не хаваўся, не выціраў слёз. Шабовіч ажно разгубіўся. Усяго чакаў, але што паліцай заплача — ніколі не думаў. Зразумеў Чурсікаў стан і па-чалавечаму пашкадаваў, паспачуваў. Але тут жа злосна тузануў сябе за такую слабасць: рассопліўся! Каб пазбегчы якіх бы ні было слоў з гэтай нагоды, злосна загадаў:
— Ану, тупай у залу!
Высокім словам «зала» называлі той галоўны пакой, дзе прынімалі гасцей, гулялі ў карты; жыў былы селянін па-гарадскому.
Увайшоўшы туды, пасаромлены ўласнымі слязамі і ўзлаваны за іх, за ўніжэнне, гаспадар уедліва спытаў:
— I што загадаеш мне рабіць тут? Гаўкаць? Лізаць табе боты?
— Сядай да стала і не вякай! Распусціў нюні! Наплачашся яшчэ, не спяшайся.
— Наплачамся ўсе. Судзьба… яна…
— Заткніся са сваёй судзьбой.
— Во, і ты яе баішся.
Стол, учора голы, калі гулялі ў карты, быў накрыты адмыслова вытканым палатняным абрусам, але на ім па-ранейшаму стаяла бляшаначка для акуркаў і ляжала калода карт.
Чурсік нейкі час сядзеў, закрыўшы твар далонямі, збіраў свае раскіданыя думкі. Потым апусціў рукі, убачыў карты і як бы ўзрадаваўся, што ёсць занятак. Колькі разоў ператасаваў калоду, потым пачаў задумліва раскладваць пасьянс.
Шабовіч хадзіў па пакоі, заглядваючы ў вокны, аднак не набліжаўся да іх. Мацней, чым упачатку, занепакоіла думка: што зрабіла Хрысціна — зачыніла дом ці пакінула адчыненым! I што лепш у яго становішчы — знаходзіцца пад замком ці мець свабоднае выйсце? Але марны занятак ламаць галаву над тым, што лепш, што горш, не ведаючы, што маеш.