Шрифт:
Пайсці праверыць? А калі ў гэтага тыпа ёсць другі пісталет і іншая зброя?
Дзеці назіральныя, і малая, напэўна, звярнула б увагу, што маці, пакідаючы дом, не зачыніла яго. А такой замінкі не чуваць было — здзіўленага голасу Надзечкі. Выходзіць, зачыніла. Па логіцы павінна зачьгаіць, каб ніхто не ўвайшоў, ніхто не ўбачыў тут яго, Шабовіча: разумная ж жанчына. Ды ад такой нечаканасці любы разумны стане дурнем.
Думкі вірыліся, але ўсё роўна адчуваў страшэнную зморанасць. Ад сытых дранікаў, ці што? Нясцерпна хацелася сесці ці хаця б прытуліцца да вушака, да сцяны. Але ведаў: сядзе — засне. А заснуць нельга ні ў якім разе, нават на секунду. Паліцай сочыць за ім, хоць і заняты картамі. Верыць яму нельга. Дарэмна яны з Іванам ставілі мэту — уцягнуць яго ў сваю арганізацыю. Памыляліся. Не той чалавек. Глядзі, што, можа, наадварот: ён меў заданне прасачыць за імі, таму і пайшоў ахвотна на карцёжную дружбу.
Спыніўся перад сталом.
— Варожыш?
— Хочаш, і табе паваражу? Скажу, чым кончыцца твая авантура?
— Якая авантура?
— Ды гэтая…
— Ну, і гад ты! Ну, і гад! А я лічыў, што ты чалавек. Думалі, паможаш нашым. Ведай жа… Калі ў тваім дурным кацялку сядзіць авантурнае, то раю выкінуць… Нашы ведаюць, да каго я пайшоў.
— Навошта ж ты Хрысціну паслаў?
— Іван ведае. А яму нельга паказвацца ў бальніцы. Цяміш?
— Іван таксама на волі? Як гэта вам удалося ўцячы?
— Ты дрэнна ведаеш нашы магчымасці.
— Ды дрэнна. Не верыў я, што ў вас такая арганізацыя.
— Пераканаўся? Вось таму і не паглядвай на маю кішэню, — паляпаў па пісталеце. — Выканае Хрысціна заданне маё — гарантую жыццё і спакой. Пры ўмове, канешне.
— Пры якой?
— Што развітаешся з паліцыяй. Будзеш служыць ды яшчэ калі прадасі нашых ці ў карнай акцыі паўдзельнічаеш — літасці не чакай. Цябе, дурня, не шкада. Надзю шкада. Яна невінаватая!
Чурсік згроб раскладзеныя кархы, твар яго збялеў, ён утаропіўся ў стол.
Шабовіч павярнуўся да акна, аглядзеў вуліцу. Пуста і ціха.
— Замок у цябе ўнутраны ці вісячы?
Чурсік неяк адразу павесялеў, нават зларадна ашчэрыўся.
— Баішся, што зачыніла цябе Хрысціна, а сама ў паліцыю пабегла? Тут немцы побач.
— Хрысціна не такая дурная, як ты.
I зноў ён сцяўся, змізарнеў, палонны ва ўласным доме.
«Бач, гад, пра замок змаўчаў. Хоча нагнаць страх, — падумаў Шабовіч. — А небяспека, можа, якраз у тым і схавана, што Хрысціна недурная».
Даўно заўважыў, што цяжэй за ўсё прадбачыць учынкі жанчыны, вельмі ж нечаканыя яны бываюць, іх думкі, іх дзеянні.
А сон, змора ціснулі непасільным цяжарам на галаву, на плечы, на вейкі, гнулі да долу, заплюшчваліся вочы. Ажно галюцынацыі пачаліся: ложкі, многа ложкаў, белыя падушкі, горы падушак. Во ў чым найболыная пагроза — заснуць так, што яго абяззброяць, звяжуць. А яму ж трэба пратрымацца да вечара. Заставацца тут і тады, калі вернецца Хрысціна, забярэ дачку. Хоць тады, бадай, бяспекі будзе больш. Калі яна не выдасць яго цяпер, то тады яе можна не баяцца, а пры ёй і Чурсік глупства не зробіць.
Ён прыйшоў сюды таму, што не было іншага выйсця, што трэба было заблытаць СД, зрабіць неверагодны ход, пра які не мог падумаць самы вопытны сышчык. Ён верыў Хрысціне. Праўда, там, на Камароўскім, больш, чым цяпер. Не верыць і цяпер, бо добра прыгледзеўся ў часе карцёжнай гульні да гаспадыні, у размове і справах яна выяўляла народны розум. А разумныя не выдаюць сваіх. Чурсік больш прымітыўная істота: баязлівец. Але на гэта ён, Шабовіч, і спадзяваўся. I на тое, што не вылазіў з яго пераконаны вораг. Выглядваў прыстасаванец. Хітры, але неразумны. Кулацкім паходжаннем ён ніколі не пахваліўся, скрываў яго і ў акупацыі, ва ўсялякім разе ад карцёжных сяброў, а пра сваё ўменне жыць казаў неаднойчы. Часам так пачынаў хваліцца, што жонка абрывала яго.
Аднак як пакутліва хадзіць ад сцяны да сцяны! Ногі наліваюцца свінцом, дзеравянеюць, не гнуцца ў каленях. Пратаптаў ужо прыкметную сцежку: гразь на ботах падсохла і асыпаецца на фарбаваную падлогу. Падумаў, як вылае яго гаспадыня: «Во натаптаў, няўклюда». Думкі накшталт гэтай — дробныя, ірваныя, як матузы, зблытаныя. Варта выцягнуць у Чурсіка якія-ніякія звесткі, можа, ведае што пра аблаву. Наўрад ці скажа. Але не таму не хацелася гаварыць з паліцэйскім, што той мала што можа паведаміць, а таму, што здавалася: сур’ёзная размова зусім знясіліць. Стаміліся не толькі ногі. Стамілася галава. Ад думак. Урэшце ўся нагрузка была на яе, на галаву, — ад гульні ў карты да… гульні ў «кошкі-мышкі» з тым жа ўчарашнім карцёжным праціўнікам.
Карты!.. Можа, яны скароцяць час?
Глянуў у акно. Надзіва ціхая вулічка. На працу прайшлі — як вымерла. А куды, уласна кажучы, хадзіць людзям? Кожны стараецца менш трапляць на вочы акупантам.
— Згуляем у падкіднога? Скідай.
Чурсік паглядзеў недаверліва, потым, бадай, узрадавана працягнуў калоду карт на далоні — каб зрэзаў.
Шабовіч на момант завагаўся, прыкідваючы, што паліцай можа зрабіць. Схапіць за руку? Зрэзаў левай, сунуўшы правую ў кішэню — бліжэй да пісталета. Перакуліць стол і саб’е яго з ног? Адступіў на рог стала — на адну ножку перакуліць няпроста.